«Дети — это огромное счастье“. Антон Шахов, несмотря на все трудности, остаётся любящим, заботливым отцом и мужем для своей семьи.

Главное Общество

У чарговую камандзіроўку супрацоўніца Дома рамёстваў Ірына Шахава збіраецца са спакойнай душой. Ведае: маленькія дачушкі Сняжана і Таня будуць дагледжаны, накормлены, не засумуюць. Інакш проста быць не можа, бо побач – іх любячы тата і яе надзейная “другая палавіна” Антон, для якога сям’я заўсёды была і застаецца галоўным жыццёвым прыярытэтам.

Муж і жонка, якія хутка адзначаць 10-годдзе сумеснага жыцця, выраслі ў мнагадзетных сем’ях. Прычым, Антон – у адной з самых вялікіх у раёне: “пуцёўку ў жыццё” ў ёй атрымалі ажно сямёра хлопчыкаў і дзяўчынак.
– Магчыма б, і мы з Ірынай адважыліся хаця б на траіх-чацвярых, бо дзеці – гэта найвялікшае шчасце, – прызнаецца малады мужчына. – Вось толькі лёс распарадзіўся інакш…

Калі яны з жонкай чакалі з’яўлення на свет другой дачушкі, урачы паставілі Антону сур’ёзны дыягназ. Як сябе павядзе хвароба, ніхто сказаць не бярэцца – наступствы могуць быць розныя. З улікам жа ўжо наяўных у яго праяў ад далейшага бацькоўства давялося адмовіцца – усе сілы, увагу і клопат ён аддае зараз сваёй каханай, Сняжане і маленькай Танечцы.
За шэсць гадоў Антон прайшоў ужо тры сур’ёзныя аперацыі, працяглую рэабілітацыйную праграму. Паломка ў гене, якая садзейнічае разрастанню пухлін па ўсім целе, прывяла да слепаты на адно вока, часткова перастала функцыянаваць правая рука.

Атрымаўшы трэцюю групу інваліднасці, ураджэнец Кавалеўшчыны яшчэ працягваў працаваць – быў машыністам на “ТвестубаПра”. Калі ж займеў другую, быў вымушаны звольніцца. Між тым, засмучацца гэтаму і сядзець без справы ён сабе не дазваляе. Сам і пры дапамозе блізкіх робіць рамонт дома – ужо, напрыклад, абшыў сцены, заліў падлогу ў памяшканнях.

Прасторны драўляны дом, што па вуліцы Азёрнай у Ліпаўцы, Антон і Ірына набылі за крэдытныя сродкі ў 2019-м. Дагэтуль жылі ў яго бацькі ў Кублішчыне, крыху ў Полацку і на здымных кватэрах ва Ушачах. Для дачок прадугледзелі ў двары гульнявую пляцоўку з батутам, арэлямі. Зрэшты, у бліжэйшы час плануюць яе пашырыць – тата стараецца ўсяляк парадаваць малышак.

Хоць і не без цяжкасцяў гэта атрымліваецца, але Антон і печкі дома пратопіць, і немалую тэрыторыю абкосіць. Даўняе яго захапленне – аўтатранспарт: любіць і сваю машыну да толку давесці, і знаёмых па рамонтных пытаннях пракансультаваць. Такія навыкі А.Шахаў атрымаў у юнацтве падчас вучобы ў Ульскім каледжы.

– Практычна кожная мая раніца пачынаецца з таго, што саджуся за руль, – расказвае ён. – Ірыну ж трэба на работу адвезці, а дачушак – у школу, дзіцячы садок.
Антон і Ірына пазнаёміліся на яе радзіме – у Касарах. Хлопец неяк прыехаў да іншай дзяўчыны, з якой пазнаёміўся ў інтэрнэце. Але ж так захапіўся яе аднакласніцай, што нічога з сабой зрабіць не змог – пачалі тэлефанаваць адзін аднаму, сустракацца, а пазней зладзілі вяселле.

Сняжана зараз ходзіць у трэці клас. Далікатная і вельмі таленавітая дзяўчынка расце – захапляецца маляваннем, наведвае харавое аддзяленне дзіцячай школы мастацтваў. Таня – надзвычай бойкая і актыўная: адпор, смяюцца бацькі, яна можа даць кожнаму.

Усёй сям’ёй любяць Шахавы наведаць дэндрапарк, пагуляць у скверы гарпасёлка, з’ездзіць у госці да блізкіх. Для Антона такія зносіны – не проста занятак для душы, але і лепшыя лекі. Ніякія выпрабаванні, як прызнаецца, не пужаюць, калі побач – яго любімыя прыгажуні-дзяўчаты.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *