У працоўных калектывах раёна прайшоў Адзіны дзень інфармавання. Тэма напрамую звязана з Тыднем бацькоўскай любові і датычыцца кожнага з нас, бо традыцыйныя каштоўнасці беларусаў: сям’я, грамадства, дзяржава. Старшыня райвыканкама Сяргей Шамовіч абмеркаваў яе з работнікамі райбальніцы, член Савета Рэспублікі, старшыня райсавета Наталля Марковіч – дзіцячага сада №4. Цікавай атрымалася размова і ў калектыве ААТ “Ільюшынскі” (на здымках), куды завітала інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з міністрам юстыцыі Рэспублікі Беларусь Яўгенам Каваленкам.
Ці задумваліся вы, што складае аснову развіцця любой дзяржавы ў сучасных умовах? Канечне, моцная эканоміка, наяўнасць прыродных рэсурсаў, высокі ўзровень адукацыі, развіццё лічбавых тэхналогій. Але не менш важным з’яўляецца захаванне і прымнажэнне традыцыйных сямейных каштоўнасцей. Як зазначыў наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, каб моцна стаяць на сваёй зямлі, нас, беларусаў, павінна быць больш, значна больш. Гэта найважнейшая ўмова суверэнітэту. І дзяржава робіць шмат, каб гэтую ўмову забяспечыць. Але сёння Беларусь, як і многія іншыя краіны, сутыкнулася з выклікамі ў дэмаграфічнай сферы: старэннем насельніцтва, зніжэннем нараджальнасці і міграцыйнымі працэсамі. Ёсць і іншыя фактары, якія негатыўна ўплываюць на дэмаграфію: адкладзены шлюб (сярэдні ўзрост уступлення ў першы шлюб у 2025-м для жанчын склаў 26,7 гадоў, для мужчын – 29), вялікая колькасць разводаў (летась зарэгістравана 34813 разводаў і 52044 шлюбы), адкладванне нараджэння першага дзіцяці, медыцынскія, эканамічныя, культурныя і іншыя аспекты. Таму галоўная задача грамадства і дзяржавы – павышаць прэстыж адказнага бацькоўства, фарміраваць культуру, у якой дзіця ўспрымаецца не як пагроза камфорту, а як каштоўнасць. У краіне шмат робіцца для падтрымкі сямей – трохгадовы аплачваемы водпуск па доглядзе дзіцяці, грашовыя дапамогі, ільготныя крэдыты для паляпшэння жыллёвых умоў.
Прывядзём яшчэ некалькі важных фактаў:
- Дзякуючы “сямейнаму капіталу”, у Беларусі за 10-гадовы перыяд нараджэнне трэціх і наступных дзяцей павялічылася на 40%. Рашэннем Кіраўніка дзяржавы праграма прадоўжана да канца 2029 года.
- У цяперашні час першая і другая спроба ЭКА ў Беларусі бясплатныя. Гэта беспрэцэдэнтная мера падтрымкі тых, хто сутыкнуўся з праблемай бясплоддзя.
- У сукупнасці ўсе выплаты сям’і з адным дзіцем ва ўзросце да 3 гадоў у першы год догляду за ім складаюць больш за 1,5 тыс.руб. у месяц, калі ў сям’і двое і больш дзяцей – больш за 2,1.
- Зараз вядзецца работа па мадэрнізацыі дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Асноўная мэта навацый – звязаць выплаты з рэальнымі даходамі аднаго з бацькоў. Пры гэтым мінімальны памер дапамогі не будзе ніжэй дзеючага, максімальны плануецца ўсталяваць на ўзроўні сярэдняй зарплаты па краіне.
- Чужых дзяцей не бывае: у апякунскіх, прыёмных сем’ях, усынавіцеляў выхоўваюццца больш за 16,5 тысячы юных беларусаў, а ў 283 дзіцячых дамах сямейнага тыпу жывуць 1130 дзяцей-сірот.
Яўген Каваленка: “Асобны выклік – інтэрнэт і штучны інтэлект. Глабальныя лічбавыя платформы, сацсеткі, якія трывала ўвайшлі ў наша жыццё і сталі яе неад’емнай часткай, часта транслююць мадэлі паводзін, якія супярэчаць нашым традыцыйным сямейным асновам. У выніку назіраецца тэндэнцыя на “еўрапеізацыю” сям’і – арыентаванасць на аднадзетную, узмацненне руху “чайлдфры” (жыццё без дзяцей). На жаль, маладыя людзі проста не могуць зразумець наступствы ўсяго гэтага ў сілу свайго ўзросту, таму старэйшае пакаленне можа і павінна своечасова растлумачыць, што жыццёвы поспех і вопыт – бессэнсоўныя, калі іх няма каму перадаць”.
Наталля Марковіч: “Колькасць шматдзетных сем’яў у Беларусі складае больш за 117 тысяч (у 2009-м іх было ўсяго 65 тысяч), на Віцебшчыне іх 11,4 тысячы. Згодна сёлетняга сацыялагічнага даследавання, дэмаграфічныя ўстаноўкі беларусаў пакуль стрыманыя: большасць грамадзян плануюць мець аднаго-двух дзяцей. Але пры гэтым вялікая частка насельніцтва гатова да шматдзетнасці. Неабходна, каб у грамадстве моцная мнагадзетная сям’я ўспрымалася як норма і прыклад для пераймання, а не як выключэнне”.
Сяргей Шамовіч: “Важна, каб клопат дзяржавы не параджаў сацыяльнае ўтрыманства. Дапамога не павінна замяшчаць імкненне сям’і зарабляць і забяспечваць сябе самастойна. Дзяржава здольна стварыць умовы, абараніць правы дзіцяці, забяспечыць інфраструктуру. Але давер паміж мужам і жонкай, выхаванне дзяцей, бацькоўскі аўтарытэт, павага да старэйшых, самазабеспячэнне – гэта сфера, за якую адказвае сям’я”.
Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.


