Мудрую саву, што “пасялілася ў дупле” старога ясеня ля рэдакцыі, прыкмецілі многія. Чулі мы ўжо і нямала захопленых водгукаў наконт арыгінальнай архітэктурнай формы, а зараз хочам патлумачыць, як яна тут з’явілася і што сімвалізуе.
Сёлета супрацоўнікі “Патрыёта” ўвайшлі ў лік пераможцаў абласных этапаў адразу двух экалагічных конкурсаў, што праводзіць Мінпрыроды, а атрыманую за гэта грашовую ўзнагароду вырашылі накіраваць на годную справу. Хацелася зрабіць свой унёсак у добраўпарадкаванне роднага пасёлка і паказаць, што неабавязкова чакаць, пакуль на гэта вылучаць бюджэтныя сродкі.
Ідэю доўга шукаць не прыйшлося – пад вокнамі рэдакцыі стаяла напаўсухое аварыйнае дрэва, якое зусім не ўпрыгожвала выгляд цэнтральнай вуліцы. Яго мы і вырашылі пераўтварыць у арт-аб’ект, атрымаўшы дазвол адпаведных службаў.
Работнікі камунгаса акуратна зрэзалі верхнюю частку ствала, а з ніжняй, якая яшчэ ў добрым стане, ушацкія рамеснікі Вольга і Павел Мурашовы па нашай просьбе стварылі маляўнічую кампазіцыю. Гэтыя самабытныя майстры, удзельнікі народнай студыі “Адраджэнне” добра вядомы не толькі ў нашым раёне: іх карціны, драўляныя вырабы можна ўбачыць на выставах і ў мастацкіх салонах, іх работы ўпрыгожваюць розныя інтэр’еры. А вось цяпер – і цэнтр Ушач!
Чаму спыніліся менавіта на саве? Гэтая птушка асацыіруецца з мудрасцю, шырокімі ведамі – нездарма яе абралі сваім сімвалам знатакі клуба “Што? Дзе? Калі?”. А наш “Патрыёт” ужо амаль стагоддзе дае ўшачанам інфармацыю, спрыяе асветніцтву і таму, “каб слова жыло”.
Апроч таго, праз такі мастацкі аб’ект мы паказваем хараство роднай прыроды. Вушастую саву, адлюстраваную на малюнку, можна сустрэць і ў лясах Ушаччыны: пазнаць яе магчыма па яркім колеры, жоўтых вочках, характэрнай “масцы” на твары і пучках пер’я на галаве.
- Каб добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол арт-аб’екта, калектыў рэдакцыі правёў некалькі суботнікаў, у выніку чаго ля доміка савы з’явілася зялёная зона. На жаль, нашы магчымасці ў гэтым плане абмежаваны – перашкаджаюць моцныя карані дрэва, таму выкарыстоўвалі самыя непатрабавальныя расліны.
У пэўным сэнсе гэта эксперымент, бо мы не ведаем, наколькі даўгавечнай акажацца кампазіцыя, але плануем яе абнаўляць, дапаўняць. І канечне, нам вельмі прыемна, што людзі спыняюцца ля арт-аб’екта, фатаграфуюцца на яго фоне. Хочам шчыра падзякаваць усім, хто меў дачыненне да яго стварэння, і заклікаць землякоў больш актыўна прыдумваць і ўвасабляць у жыццё крэатыўныя ідэі па добраўпарадкаванні родных мясцін.
ЦІКАВА ВЕДАЦЬ
Па звестках арнітолагаў, у нашай краіне зараз налічваецца 344 віды птушак, 71 з іх знаходзіцца пад аховай. У Чырвоную кнігу Беларусі занесена 9 прадстаўнікоў атрада совападобных, у ліку якіх – філін, балотная сава, барадатая і даўгахвостая няясыці, вераб’іны, махнаногі і дамавы сычы, звычайная сіпуха і сплюшка.
“ПАТРЫЁТАЎЦЫ”.



