Незапланированный концерт или о том, как молодой культработник Пётр Алексеёнок в День матери поднял настроение всем пациентам ушачской больницы

Образование и молодежь Экономика и малый бизнес

У нядзелю завітала ў тэрапеўтычнае аддзяленне бальніцы праведаць хворую цёцю. І як толькі павярнула на патрэбны пост, адчула нешта незвычайнае. З канца калідора даносіліся гукі гармоніка, а ля дванаццатай палаты стаяў натоўп. «Напэўна, культработнікі да Дня маці вырашылі павесяліць хворых і зараз абыходзяць палаты», — падумала адразу. І не памылілася. У палаце мяне сустрэла шчырая ўсмешка Пятра Алексяёнка і працяглы рад гледачоў, не ўлічваючы ляжачых.

— Працуем, — сціпла сказаў малады культработнік.
А папрацаваць яго прымусіў выпадак. Завітаць да хворай бабулі Пётр меў намер хвілінак на 15. А затрымаўся на паўнацэнны канцэрт. Сяброўкі па палаце, жанчыны ва ўросце, якія паспелі пазнаёміцца адна з адной, не выпусцілі знакамітага ўнука.
«Дзетка, маім землякам у Пліна так спадабалася тваё выступленне на Дзень пажылых людзей, прачытай ты і нам, калі ласка, байку», — папрасіла адна з пацыентак. Так і пачаўся канцэрт. Малады загадчык аўтаклуба схадзіў за гармонікам, перад нумарамі выходзіў з палаты і, наколькі гэта магчыма, пераапранаўся — уваходзіў у вобраз. І вось усе разам мы смяёмся з байкі «Маньяк», апладзіруем. Бабулі распытваюць Пятра пра сям’ю, ад каго ён атрымаў у спадчыну голас. І хворых сярод удзячнай публікі ўжо няма. Хоць на выпіску ўсю палату: такія вясёлыя, жвавыя, задаволеныя, а больш за ўсіх, канечне, бабуля Пятра Ніна Аляксееўна Закрэўская, якая так ганарыцца ўнукам.
А да палаты №12 тым часам ўсё падцягваўся народ. «Не пайшоў яшчэ? — пыталіся жанчыны. — А то мы капельніцы ледзь не пазрывалі, так хацелася таксама пабачыць».
Пакідала я бальніцу не толькі з перакананнем, што жарт, музыка таксама лечаць. Але і ўпэўненасцю, што нават незапланаванае мерапрыемства можа прайсці цёпла, з душой, на ура, калі за справу бярэцца спецыяліст. Самае асноўнае, калі чалавек правільна выбірае прафесійную дарогу, займаецца тым, на што здольны і ўмее. І Пётр, безумоўна — чалавек на сваім месцы, прыроджаны артыст, якога хутка ўжо не трэба будзе прадстаўляць у нашым раёне. Адны бачылі выступленні артыста, да другіх дайшлі водгукі. І гэты Дзень маці, які хоць і выпала жанчынам сустракаць у бальнічнай палаце, яны будуць прыгадваць як адзін з самых цёплых, асабліва калі не забыліся павіншаваць і ўласныя родныя.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *