33 года, 3 месяца и 3 дня — такое сочетание цифр отмерит трудовой стаж на родном предприятии главного бухгалтера УП ЖКХ Людмилы Васильевны Губанковой на момент выхода на пенсию

К профессиональному празднику Наш современник Наши земляки Экономика и малый бизнес

І хоць жанчыны не вельмі любяць афішыраваць колькасць пражытых гадоў, Людміла Васільеўна свой узрост ніколі не хавае, тым больш што заўсёды чуе ў свой бок кампліменты – што і не дзіўна, бо па жаночай прывабнасці, аптымізму і жыццярадаснасці яна дасць фору многім значна маладзейшым.

І не толькі па гэтых якасцях, але і па сваім прафесіяналізме. “Бухгалтар ад Бога” – кажа аб ёй спецыяліст па кадрах прадпрыемства Надзея Леанідаўна Барадулька, і да гэтых слоў цяжка штосьці дадаць. Як і паверыць, што ў маладосці Людміла Васільеўна зусім не планавала працягваць сямейную дынастыю (яе маці шмат гадоў была галоўным бухгалтарам РКБА): скончыўшы Мінскае вучылішча электронікі, яна атрымала спецыяльнасць зваршчыка паўправадніковых прыбораў і мікрасхем і нават уладкавалася на завод “Інтэграл”, аднак неўзабаве выйшла замуж за ўшацкага хлопца (і трэба было ехаць у Мінск, каб там закахацца ў свайго земляка!) і вярнулася з ім на малую радзіму. У 1980 годзе ўладкавалася ў камунгас, праўда, збіраць мікрасхемы тут ёй не прапанавалі, а вось бухгалтарская вакансія мелася. Першыя азы новай прафесіі давялося спасцігаць самастойна, удасканаліць жа бухгалтарскія веды дапамагла вучоба ў Полацкім сельгастэхнікуме. “На пачатку маёй работы прадпрыемства не было такім буйным: у ім працавалі толькі 50 чалавек, якія абслугоўвалі жылы фонд, лазню, гасцініцу і займаліся добраўпарадкаваннем,” – прыгадвае Людміла Васільеўна. Але вырасталі новыя дамы, будаваліся камунікацыі, узнімаліся аграгарадкі – пашыралася прадпрыемства, дабаўлялася работы і ў яго бухгалтараў. Л.В.Губанкова заўсёды выдатна спраўлялася з усімі абавязкамі, была настаўнікам для маладых калег (дарэчы, бухгалтарскую прафесію па прыкладзе маці абрала і яе дачка), паспявала праявіць сябе і ў мастацкай самадзейнасці, і ў спорце, яна выдатная жонка і маці, а якая гаспадыня!
Заслугі Людмілы Васільеўны перад прадпрыемствам неаднаразова адзначаліся на розных узроўнях: яна мае ўзнагароду Міністэрства камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь – нагрудны знак “Ганаровы работнік ЖКГ”, яе прозвішча было занесена на раённую Дошку гонару, а сёлета на ўрачыстым сходзе Л.В.Губанкова атрымала Ганаровую грамату УП ЖКГ.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *