С тобою сердцем, Беларусь! или Как Ушаччина отпраздновала День Независимости Республики Беларусь

Главные темы

Трэцяга ліпеня нашы суайчыннікі адзначалі галоўнае свята краіны – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Прымеркаваныя да яго яркія мерапрыемствы пачаліся яшчэ напярэдадні. Другога ліпеня ў сталіцы адбылося ўрачыстае адкрыццё Плошчы Дзяржаўнага сцяга Беларусі, удзел у якім прыняў Прэзідэнт Беларусі А.Р.Лукашэнка.

Святкаваць галоўны дзень краіны Ушаччына, як і ўся рэспубліка, пачала з самай раніцы. Сапраўдным падарункам да Дня Незалежнасці стала цёплае, сонечнае надвор’е. У скверы, амфітэатры разгарнулася культурна-забаўляльная праграма для самых маленькіх. Атракцыёны, гульнявыя пляцоўкі, тэатралізаваны канцэрт і многае іншае – усё гэта ўздымала настрой як малышам, так і іх бацькам.
У скверы была арганізавана выстава народнай творчасці, а таксама выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Здалёк прываблівала да сябе пляцоўка “Ушачы – горад чытачоў”. Тыя, хто прайшоўся па літаратурнай алеі, мелі магчымасць не толькі папоўніць сваю дамашнюю бібліятэку бясплатным томам у рамках акцыі “Кніга шукае новага гаспадара”, але і паўдзельнічаць у разнастайных конкурсах – напрыклад, выявіць самага моцнага чытача. Дзецям жа больш за ўсё спадабаўся конкурс “Намалюй любімага кніжнага героя”, за ўдзел у якім юныя мастакі атрымлівалі салодкія прызы.

У гадзіну дня вуліцы Ушач напоўніліся яшчэ большай колькасцю людзей. На ўскладанне вянкоў і кветак да помніка загінуўшым воінам і партызанам прыйшлі ветэраны вайны і працы, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў. Пад сцягамі “Белай Русі” і БРСМ сабраліся самыя актыўныя члены грамадскіх арганізацый.
Затым па традыцыі ўшачане і госці гарпасёлка адправіліся на мемарыяльны комплекс “Прарыў”, дзе прайшоў мітынг-рэквіем. Са словамі віншаванняў з нагоды Дня Незалежнасці звярнулася да прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В. Пашковіч. “69 гадоў для гісторыі – адно імгненне, для нас жа гэта вялікі шлях набыцця сапраўднай незалежнасці, адзначаны працоўнымі подзвігамі народа”, – сказала Алена Васільеўна. Ад раённай ветэранскай арганізацыі выступіла старшыня Дубраўскай пярвічкі Алена Захараўна Кучко, якая падкрэсліла, што літаральна кожны, хто ўпершыню прыязджае ў нашу рэспубліку, адзначае дастойны лад жыцця беларусаў, парадак і чысціню нашых населеных пунктаў. Ад моладзі раёна прывітала ўдзельнікаў мерапрыемства, павіншавала са святам дырэктар музея народнай славы імя У.Е.Лабанка Наталля Бугай.
Асаблівасцю сёлетняга мітынгу стала прысутнасць на ім удзельніка прарыву, былога палітрука другой роты атрада імя Даватара брыгады імя Панамарэнкі Елісея Данілавіча Шыпуліна, які спецыяльна прыехаў на свята ва Ушачы з Бранскай вобласці. Аб гэтым чалавеку мы расказвалі на старонках нашай газеты ў нумары, прысвечаным Дню Перамогі. Нагадаем, што імя Е.Д.Шыпуліна значыцца ў ліку загінуўшых на “Прарыве” на адной з мемарыяльных пліт. Елісею Данілавічу цудам удалося выжыць: невядомая жанчына, рызыкуючы сваім жыццём, выцягнула яго з брацкай магілы, схавала ў сваёй адрыне і выхадзіла. Ушаччына стала для партызана другой радзімай, куды заўсёды цягнулася душа. У апошні раз Елісей Данілавіч прыязджаў у наш раён, наведваў “Прарыў” у 1984 годзе – тады паабяцаў сабе, што абавязкова вернецца сюды яшчэ. І сёлета, нягледзячы на паважаны ўзрост (былы партызан размяняў 91 год), выканаў сваё абяцанне і мару. Прычым, вырашыў прымеркаваць свой візіт менавіта да Дня Незалежнасці нашай краіны, бо, як сцвярджае Е.Д.Шыпулін, гэтае свята з’яўляецца адметнай датай і для нашых суседзяў-расіян. “Мы заўсёды жылі ў сяброўстве, хочацца верыць, што і надалей будзем падтрымліваць братэрскія адносіны, – адзначыў ганаровы госць. – Дазвольце перадаць вам віншаванні ад франтавікоў і партызан Браншчыны. Шмат гадоў марыў прайсці дарогамі, якімі хадзіў некалі юным салдатам, і сёння, знаходзячыся ў гэтым святым месцы, нізка кланяюся памяці загінуўшых”. У гэты святочны дзень ветэран усклаў вянок да падножжа манумента, а калі стаяў ля мемарыяльнай пліты са сваім прозвішчам, не змог стрымаць слёз.
Усё менш становіцца ветэранаў, часцей падводзіць іх здароўе, але ў гэты знакавы дзень яны не маглі не прыняць удзел у мерапрыемстве, разам з усімі не ўшанаваць памяць загінуўшых хвілінай маўчання. Як заўсёды, у страі Арсеній Кліменцьевіч Первянёнак, Васіль Маркіянавіч Клопаў, Кацярына Кузьмінічна Шасцярэнь, Кацярына Мікалаеўна Васілеўская, Віктар Арцёмавіч Паршанка, Дзям’ян Уладзіміравіч Крупеня, Іван Кірылавіч Падворны. Аляксандр Якаўлевіч Шчэрбік, Сяргей Трафімавіч Клопаў прыехалі на ўрачыстасць разам з дзецьмі. Былы партызан брыгады Дубава Мікалай Дзмітрыевіч Клачок – нячасты госць ва Ушачах, бо жыве ў аддаленай вёсцы Стараселле. Дабрацца да райцэнтра яму дапамог старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама М.К.Ляшкевіч. Бачна было, якой няпростай для ветэрана была гэтая паездка, вось і падчас пераезду на “Прарыў” ён на ўсялякі выпадак сціскаў у руцэ таблеткі. Аднак не губляў аптымізму, з гонарам расказваў аб тым, што мае 10 унукаў і 7 праўнукаў, перажываў, што цяперашняя моладзь не рашаецца нараджаць больш 1-2 дзяцей – адсюль і актуальная для рэспублікі дэмаграфічная праблема.
Натуральна, што ў Дзень Незалежнасці мы дэманструем свае дасягненні ў мірнай стваральнай працы. Менавіта такі накірунак мела сёлетняе свята. На летняй пляцоўцы амфітэатра былі ўшанаваны лепшыя прадстаўнікі працоўнай моладзі раёна (аб іх мы расказвалі ў папярэднім нумары газеты), дыпломы і падарункі атрымалі таксама работнікі сельскай гаспадаркі, пераможцы маладзёжнага спаборніцтва па выніках пасяўной кампаніі бягучага года. У ліку іх перадавікі Дзмітрый Бурак і Сяргей Калітуха з ААТ “Ільюшынскі”, Сцяпан Басак, Вадзім Первянёнак, Аляксандр Маркевіч, Віталь Кашыцкі і Сяргей Крывёнак з ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, а таксама Андрэй Смаляк з КУСГП “Вялікадолецкае”. Для маладых людзей і тых, хто прыйшоў іх падтрымаць, была арганізавана насычаная канцэртна-забаўляльная праграма: музычныя нумары перамяжоўваліся з арыгінальнымі конкурсамі, жадаючых прыняць удзел у якіх было хоць адбаўляй.
Увечары жыхары і госці раёна змаглі адпачыць падчас канцэрта “Гэта мая краіна”, дзе ўшацкія артысты радавалі прысутных яркімі выступленнямі, прыгожымі песнямі. Здавалася, увесь гарпасёлак сабраўся на пляцоўцы амфітэатра і вакол яе. Фінальным акордам урачыстасці стала акцыя “Спяём гімн разам”. Прыгожым узорам распісаў ушацкае неба святочны феерверк.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ, Н.БАГДАНОВІЧ.



5 комментариев по теме “С тобою сердцем, Беларусь! или Как Ушаччина отпраздновала День Независимости Республики Беларусь

  1. Как мне известно, дедулю возили на могилу сослуживца, на День Независимости, организовывали для него встречу с ушачскими ветеранами и не только. По-вашему, местному руководству нужно было круглосуточно развлекать ветерана?

  2. Ну хотя бы покормить… Соседи, спасибо им, старались…

  3. А развлекать, как вы выразились, не надо — поселите в достойном месте и человек сам определится с развлечениями.

  4. А Тихоняты по-вашему не достойное место??? многие туда так рвутся отметить праздник или просто отдохнуть, а там вечно занято. Его ж явно не в деревянный сарай поместили и забыли, всё как и полагается для далёкого и в принципе важного гостя…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *