Купить стекляную бутылку — не проблема, а вот сдать…

Ваш вопрос - наш ответ Выясняем ситуацию Калейдоскоп Экология

У савецкія часы вярнуць свае грошы за шкляную тару не лічылася цяжкім заняткам. Абмен ажыццяўляўся прама за прылаўкам: людзі бралі з сабой пустыя бутэлькі і, дадаўшы некаторую суму грошай, мянялі на поўныя. Савецкім вытворцам напіткаў вярталася 95 працэнтаў бутэлек. Сёння ж, па даных розных крыніц, у Беларусі больш за 80 працэнтаў шклотары аказваецца на звалках, штогод на палігоны вывозіцца да 400 мільёнаў шкляных бутэлек. Між іншым, такая тара дагэтуль застаецца адной з самых экалагічна чыстых упаковак, якую можна выкарыстоўваць неаднаразова. А для распаду шкляной бутэлькі патрабуецца каля 1000 гадоў…

Купіць – не праблема, а вось – здаць…

Нагодай для напісання артыкула стаў візіт у рэдакцыю Паўла Пятровіча Прашковіча з Ушач, які паскардзіўся на тое, што сёння здаць у гарпасёлку шкляную тару даволі праблематычна: па-першае, мала дзе ажыццяўляецца яе прыём, па-другое, здачы падлягаюць далёка не ўсе віды бутэлек. Каб разабрацца ў сітуацыі, ды і “прыцаніцца”, мы накіраваліся да спецыялістаў райспажыўтаварыства і непасрэдна ў тыя гандлёвыя кропкі, якія ажыццяўляюць прыём шклотары.

Бутэлька бутэльцы розніца

Прыёму падлягае шклотара беларускай вытворчасці, маркіраваная ва ўстаноўленым парадку, на якую Міністэрствам эканомікі краіны ўстаноўлены закладны кошт, і іншая шклотара, неабходная прадпрыемствам харчовай прамысловасці. Як нам паведаміла дырэктар АСП “Харчгандаль” Людміла Іванаўна Каваленка, на сённяшні дзень здаць шклотару ва Ушачах можна ў магазіне “Прадукты” па вуліцы Савецкай, 60 (для многіх ушачан ён больш вядомы як “Тройка”). Тут ажыццяўляецца прыём фірменных бутэлек Віцебскага лікёра-гарэлачнага завода тыпу “Жытніца” (кошт – 750 рублёў за штуку). Абавязковая ўмова для здачы такой тары – яна павінна быць цэлай, вымытай, не мець этыкетак і металічных элементаў. Акрамя гэтага ў магазіне за 650 рублёў можна здаць вінныя бутэлькі аб’ёмам 0,7 літра (іх мыць перад здачай не абавязкова) і бутэлькі тыпу “Бардо” (з-пад якаснага віна), а таксама слоікі: 0,5-літровыя – па 500 рублёў, 3-літровыя – па 1 тысячы. Па такім жа кошце здаць шклотару можна і ў сельскіх магазінах раёна. А вось у прыватнай гандлёвай кропцы “Баця” прымаюцца толькі 0,7-літровыя вінныя бутэлькі па кошце 600 рублёў.

Як расказала таваразнаўца па тары Ушацкага райспажыўтаварыства Наталля Анатольеўна Кодалава, вінзавод у Падсвіллі стаў разліваць сваю прадукцыю ў вінтавыя бутэлькі аб’ёмам 0,5 літра, а гэта значыць, з’явілася магчымасць пастаўляць туды і гэтую тару. Зараз такія бутэлькі прымаюцца па 600 рублёў за штуку.

Хочацца звярнуць увагу нашых чытачоў на тое, што ў бліжэйшы час кошт шклотары, якая падлягае прыёму. будзе зменены.

Бутэлька нестандартная, яна ж незваротная

А вось бутэлькі з-пад каньяку, піва, шампанскага лічацца нестандартнымі ці, іншымі словамі, аднаразовымі – пастаўшчыкі адпаведнай прадукцыі па розных прычынах не зацікаўлены ў звароце такой тары. Скажам, бутэльку з-пад шампанскага двойчы выкарыстоўваць па тэхналагічных асаблівасцях вытворчасці нельга: пад ціскам газу яе можа проста “разарваць”.

Нестандартная шклотара пойдзе хіба што на бой. Здаць яе можна ў нарыхтоўчы пункт каапнарыхтпрама ў неабмежаванай колькасці. Праўда, зарабіць на гэтым наўрад ці атрымаецца: за кілаграм «шкельцаў» вам заплацяць толькі 80 рублёў. Аднак гэтым вы зробіце добрую справу для раёна, якому даводзіцца план збору другаснай сыравіны, і для краіны ў цэлым, якая для забеспячэння бесперабойнай работы новых пераапрацоўчых прадпрыемстваў часам нават закупляе шклабой за мяжой. І гэта пры тым, што нашы сметнікі перапоўнены шклянымі адходамі.

Як у іншых краінах?

У Германіі ў магазінах стаяць аўтаматы па прыёме бутэлек, прычым здаваць іх можна як паштучна, так і цэлымі скрынямі, – аўтамат выдае квітанцыю, па якой у магазіне можна атрымаць грошы і тут жа атаварыцца. У Харватыі шклотару можна здаваць прама на касе – кошт ідзе ў залік зробленых пакупак. У ЗША ўсе прывучаны выкідваць шкляныя бутэлькі ў асобныя кантэйнеры – у выніку 98 працэнтаў усяго аб’ёму вырабленага ў краіне шкла перапрацоўваецца.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *