Качество хлеба, коммунальных услуг, механизм газификации индивидуальных жилых домов — на вопросы читателей «Патриота» отвечают компетентные специалисты.

Общество

На мінулым тыдні наша чытачка запыталася, што сталася з хлебам. “Такі смачны звычайна, зараз кіслейшы, больш клейкі”. Ну а ў панядзелак рэдакцыю чакаў “падарунак” у выглядзе двух разваленых боханаў. Мужчына патрабаваў замены хлеба, а мы звярнуліся за адказам да начальніка хлебапякарнага цэха Ірыны Аляксандраўны КАЗЛОЎСКАЙ.

– Спачатку адкажу на першае пытанне. Пакупнікі заўважылі розніцу ў хлебе, і гэта натуральна, паколькі сорт “Жатва”, які прадаецца зараз, утрымлівае 30 працэнтаў жытняй мукі, больш кіслейшы за “Мядовы”, у якім яе толькі 20 працэнтаў і дабаўлены мёд. З новага года зноў пачнём выпускаць яго.

Што датычыцца бракаванага хлеба, то гэта следства суботняга надзвычайнага здарэння ў нас на хлебазаводзе. Для закваскі хлеба мы выкарыстоўваем спецыяльны бактэрыяльны раствор, які набываем на адной з мінскіх фірм. Атрымалі, запусцілі, праверылі – працуе, хоць і са спазненнем. Звычайна закваска набірае патрэбную кіслотнасць за 3,5-4 гадзіны, гэта з 8 да 16. Зрабілі замес і паставілі ў печы адпаведна таксама са спазненнем. Раніцай прыгожы знешне хлеб з патрэбнай вагой адправілі па хлебавозах. Адтуль і атрымалі першыя скаргі, што пад прапечанай скарынкай зусім не падняўшыйся хлеб – не хапіла кіслотнасці. Спынілі адгрузку астатняга хлеба і тэрмінова пачалі перакрываць недастачу, выпякаючы днём падавы, які не патрабуе закваскі. Паралельна накіраваліся да суседзяў, дзе пазычалі закваску. Такім чынам рабочымі ў нас аказаліся і субота (пасля начной змены), і нядзеля. Правяраецца ж хлеб пасля таго, як пастаіць 3 гадзіны пасля вымання з печы. За 34 гады маёй працы з падобным сутыкнулася ўпершыню. Пададзім скаргу да пастаўшчыка раствору. У сваю чаргу прыносім прабачэнне нашым пакупнікам за няякасны хлеб, які ўсё ж трапіў у продаж.

«У нашым 8-м пад’ездзе дома №19 па вуліцы Ленінскай у апошні час замест гарачай вады ў асноўным цякла летняя. Як нам дабіцца таго, каб вада ў нашых кватэрах была належнай тэмпературы?»

На пытанне жыхара райцэнтра С.Т.Белавусава адказвае намеснік дырэктара УП ЖКГ Дзмітрый Сяргеевіч ШАСЦЯРЭНЬ.

— Па сацыяльных стандартах тэмпература гарачай вады ў жылых дамах у перыяд з 6 да 24 гадзін павінна быць не ніжэй +50 градусаў. Агаворваюцца выпадкі, калі сацыяльны стандарт можа не выконвацца па аб’ектыўных прычынах: напрыклад, з-за планавага рамонту ці рэканструкцыі сістэмы цеплазабеспячэння, узнікнення аварый, парушэння жыхарамі правіл эксплуатацыі і г.д. Існуе графік залежнасці тэмпературы гарачай вады на выхадзе ад тэмпературы паветра. Напрыклад, калі на вуліцы ля нуля, вада падаецца нагрэтай прыкладна да 56 градусаў. Пры рабоце цеплакрыніцы ў штатным рэжыме тэмпература вады адпавядае норме. Аднак у апошні час на цэнтральнай кацельні праводзіліся рамонтныя работы катлоў, таму тэмпература вады ва ўсіх дамах райцэнтра была ніжэйшай за норму.

Калі жыхар лічыць, што ў яго кватэры тэмпература гарачай вады не адпавядае норме, трэба паведаміць аб гэтым нашым дыспетчарам — зрабіць гэта можна пісьмова або па тэлефоне. Работнік ЖКГ прыбудзе да заяўніка, установіць факт і прычыну аказання жыллёва-камунальнай паслугі з парушэннямі, пры неабходнасці будзе складзены адпаведны акт. Уся гэтая працэдура рэгламентуецца артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг».

Члены кааператыва па газіфікацыі з аграгарадка Ільюшына ў колькасці 44 чалавек звярнуліся ў райвыканкам з просьбай аказаць ім дапамогу ў аплаце за праведзеную газавую ветку. “Раней такая дапамога аказвалася ўсім членам кааператываў, створаных у краіне і раёне”, – напісалі заяўнікі ў лісце і прасілі даць ім адказ на старонках нашай газеты.

За адказам мы звярнуліся да галоўнага архітэктара раёна Галіны Віктараўны ДЫММАН.

– Адразу скажу, што падводзіць газ жыхары могуць як за ўласныя сродкі, так і з дзяржаўнай падтрымкай. Літаральна ўсім кааператывам, створаным у раёне для газіфікацыі сваіх дамоў, аказвалася аднолькавая дапамога на падставе Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №368 ад другога чэрвеня 2006 года “Аб мерах па рэгуляванні адносін пры газіфікацыі прыродным газам эксплуатуемага жыллёвага фонду грамадзян”.

Рэальна падтрымка заключаецца ў наступным.

Па-першае, дзяржава ўзяла на сябе большую частку выдаткаў па газіфікацыі жыллёвага фонду ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў меней 20 тысяч чалавек. 70 працэнтаў затрат ад праектавання і будаўніцтва новых вулічных газаправодаў з газапровадамі-ўводамі пакрываецца за кошт дзяржавы, і толькі 30 працэнтаў – за ўласныя сродкі насельніцтва.

Па-другое, нават на гэтыя 30 працэнтаў затрат грамадзянам пры неабходнасці выдзяляецца льготны крэдыт: тэрмінам на 2 гады са спагнаннем усяго 3 працэнтаў гадавых. Дарэчы, кампенсацыя страт “Беларусбанку”, які выдае льготныя крэдыты, таксама ажыццяўляецца з рэспубліканскага бюджэту.

Яшчэ адной прывілеяй лічу і тое, што паколькі заказчыкам заўсёды з’яўляецца “Віцебскаблгаз”, то самі людзі не займаюцца ні заказам праекта, ні пошукам падрадчыка, па-сутнасці прымаюць гатовы аб’ект, аплаціўшы толькі сваю долю выдаткаў.

Парадак газіфікацыі прыродным газам жылых дамоў аднолькавы па ўсёй рэспубліцы з той, аднак, істотнай розніцай, што ў населеных пунктах звыш 20 тысяч жыхароў 70 працэнтаў выдаткаў аплачваюць самі жыхары і толькі 30 працэнтаў – за кошт рэспубліканскага бюджэту. Такая прапорцыя існавала раней і для нашых жыхароў, і пры працяглай ветцы газаправода кошт газіфікацыі атрымліваўся “непад’ёмным” для насельніцтва.

Такім чынам, жыхары ільюшынскага кааператыва атрымалі ўсе тыя прывілеі па газіфікацыі, што і ранейшыя кааператывы аграгарадка Арэхаўна і гарпасёлка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *