На каждого жителя Ушачского района приходится более 4 гектаров леса

Калейдоскоп Экология

Сёлета 20 сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень лесу. А ўтворана дата па ініцыятыве Арганізацыі Аб’яднаных Нацый яшчэ ў 1971 годзе і невыпадкова адзначаецца ў час вясенняга раўнадзенства, калі прырода канчаткова абуджаецца ад сну і з’яўляецца сімвалам новага жыцця. Гэта яшчэ адна падстава праінфармаваць грамадскасць аб важнасці зберажэння лясоў, іх ролі ў жыцці чалавека.

Наш паўночны рэгіён, Віцебшчыну, па праве называюць не толькі азёрным, але і лясным краем – ён валодае самымі вялікімі ў краіне зялёнымі тэрыторыямі, а разліковая лесасека вобласці складае чвэрць рэспубліканскай. Аднак асноўная задача, якую ставіць перад лясгасамі генеральны дырэктар Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Аляксандравіч Даніловіч, менавіта ва ўзнаўленні і ахове лясных багаццяў.

Праблема захавання лясоў стаіць сёння ў шэрагу важнейшых задач. Лясы – лёгкія нашай планеты. Іх экалагічнае, эканамічнае і сацыяльнае значэнне цяжка пераацаніць. Лес удзельнічае ў фарміраванні клімату, забяспечвае кіслародам, перапрацоўвае шкодныя выкіды, зберагае водныя рэсурсы, з’яўляецца месцам пражывання мноства раслін і жывёл, забяспечвае ежу і здаровае асяроддзе для людзей, дапамагае захаваць урадлівасць глебы і ландшафты… Штогод лясы гінуць ад пажараў, незаконнай высечкі, прыродных катаклізмаў, ад уздзеяння насякомых-шкоднікаў, хвароб і іншых прычын. Для Беларусі, якая не мае значных запасаў карысных выкапняў, для нашай Віцебшчыны, лес з’яўляецца адным з галоўных прыродных багаццяў. Гэта ў поўнай меры адносіцца і да Ушацкага раёна. Лясная гаспадарка Ушаччыны на сучасным этапе вядзецца на аснове прынцыпаў раўнамернага і невычэрпнага выкарыстання рэсурсаў, шмат робіцца па лесааднаўленні і ахове лясных угоддзяў.

Агульная плошча зямель ляснога фонду ДЛГУ “Ушацкі лясгас” па стане на 1 студзеня 2013 года склала 72,6 тысячы, у тым ліку пакрытая лесам – 61,9 тысячы гектараў. На аднаго жыхара раёна прыходзіцца больш 4,3 гектара пакрытых лесам зямель. У мінулым годзе з падпарадкавання лясгаса выведзены ўчасткі на тэрыторыі Глыбачанскага лясніцтва агульнай плошчай каля 28 гектараў для будаўніцтва Полацкай гідраэлектрастанцыі.

На пачатак бягучага года плошча перададзеных у арэнду ўчасткаў ляснога фонду склала 58 тысяч гектараў, з іх 28,3 тысячы арандуе паляўнічая гаспадарка лясгаса, 28,8 гектара – Ушацкая раённая арганізацыя “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. ААТ “Мастоўдрэў” і ЗАТ “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў” для нарыхтоўкі драўніны арандуюць адпаведна 860 і 42 гектары лясных угоддзяў.

Нарыхтоўка драўніны ва Ушацкім лясгасе за мінулы год склала 99,2 тысячы метраў кубічных. Агульная плошча суцэльных высечак па галоўным лесакарыстанні і іншым высечкам склала 294,8 гектара.

Зразумела, што не аднаўляючы, хутка вычарпаеш гэты каштоўны рэсурс. Людзям, якія гадамі прывыклі хадзіць па грыбы і ягады ў свае аблюбаваныя месцы, і на якіх потым з’яўляюцца дзялянкі, здаецца, што тэмпы высечкі лесу апярэджваюць работу па яго аднаўленні. Але гэта не так: работа гэта вядзецца пастаянна, вось толькі вынікі яе не ўбачыш адразу – іх адзначаць і ацэняць праз дзесяцігоддзі новыя пакаленні нашых землякоў.

Вялікая ўвага надаецца ахове лесу, падтрыманню яго належнага санітарнага стану. Высечкамі прамежкавага карыстання пройдзена больш тысячы гектараў лесу. Пастаянна вядуцца прачысткі, прарэджванні, прахадныя і выбарачна-санітарныя высечкі, высечкі абнаўлення і перафарміравання, рэканструкцыі. За мінулы год пераведзены высечкамі догляду з мяккалісцевых у хвойныя насаджэнні 21 гектар лясных угоддзяў. Ачыстка лесу ад засмечанасці праведзена на плошчы ў 1205 гектараў, ліквідавана 11 несанкцыянаваных звалак, вывезена 14 метраў кубічных смецця. Па выяўленых у лясным фондзе парушэннях складзена 15 адміністрацыйных пратаколаў на суму 22 мільёны 600 тысяч рублёў.

Агульная плошча пітомніка Ушацкага лясгаса, які размешчаны ў Вялікадолецкім лясніцтве, на сённяшні дзень дазваляе поўнасцю забяспечыць уласныя патрэбы ў пасяўным матэрыяле. На тэрыторыі ў 9,3 гектара вырошчваюцца саджанцы сасны звычайнай, елкі еўрапейскай, лістоўніцы еўрапейскай, дуба. У будучым плануецца пашырыць разнастайнасць парод – у пітомніку атрымаюць прапіску туі, каштаны, ліпы, клёны і ясені. Створана аддзяленне зялёнага чаранкавання для вырошчвання дэкаратыўных кустоў. У 2011 годзе ва Ушацкім лясніцтве закладзены дэндрапарк, у якім налічваецца 62 віды дрэў і кустоў.

– Міжнародны дзень лесу нібы дае вясенні старт шэрагу мерапрыемстваў, накіраваных на прыцягненне ўвагі да праблем захавання лясоў, – працягвае тэму намеснік дырэктара Ушацкага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Паўлавіч Рудасаў. – Кожны красавік усіх неабыякавых да прыроды людзей збірае добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу”, на працягу года праходзяць іншыя, накіраваныя на прыцягненне ўвагі да неабходнасці беражлівых адносін да нашага зялёнага багацця.

Д.РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *