Изменения в жилищном законодательстве страны комментирует начальник отдела ЖКХ Ушачского райисполкома С.П.Дымман

Выясняем ситуацию Калейдоскоп Официально Правовая консультация

У заканадаўстве краіны адбыліся істотныя змены, якія датычацца той катэгорыі кватэранаймальнікаў, якая пражывае не ва ўласным жыллі. Менавіта гэтым была выклікана ў апошні час актывізацыя па прыватызацыі жылля. Ці магчыма будзе і пасля 1 красавіка прыватызаваць жыллё, каму дадзена адтэрміноўка да ліпеня 2016 года? Аб гэтым наша актуальнае інтэрв’ю з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама С.П.ДЫММАНАМ.

– Сяргей Пятровіч, якое жыллё з першага красавіка будзе лічыцца камерцыйным?

– Фонд жылых памяшканняў камерцыйнага жылля да 1 красавіка фарміруецца са спецыяльнага службовага і службовага жылля. Ва ўжо заселеным жыллі з наймальнікам заключаецца дагавор найму на падставе тыпавога дагавору найму на вызначаны раней у дагаворах тэрмін, калі ён у дагаворы найму нявызначаны – бестэрмінова. Пры адсутнасці дагавора з арганізацыяй, якая выдзяляла жыллё – на тэрмін, які не перавышае 5 гадоў.

– Калі сям’я, якая пражывае ў такім жыллі, не заключае дагавор?

– З 1 красавіка плата за камерцыйнае жыллё будзе брацца незалежна ад таго, заключаны дагавор найму або не.

– Які памер платы за жыллё ў камерцыйным фондзе?

– Яна фарміруецца зыходзячы з памеру базавай стаўкі платы за такое жыллё, устаноўленай Саўмінам з прымяненнем каэфіцыентаў, вызначаемых аблвыканкамамі ў залежнасці ад добраўпарадкаванасці і месца знаходжання жылых памяшканняў. Пакуль няма дакладных лічбаў, аднак магу сказаць на падставе адной кватэры, якую мы здавалі як камерцыйную, у снежні гэты памер быў каля 300 тысяч – прыкладна такі, як зараз плацяць наймальнікі за камунальныя паслугі. Прычым пры аплаце для кватэранаймальнікаў захоўваюцца ўсе льготы, прадугледжаныя артыкулам 16 Закона “Аб дзяржаўных сацыяльных льготах, правах і гарантыях асобных катэгорый грамадзян” ад 14 ліпеня 2007 года.

– За кім захоўваецца права на прыватызацыю жылля да 1 ліпеня 2016 года?

– За тымі наймальнікамі або паўналетнімі членамі іх сям’і, якія маюць права на прыватызацыю па стане на 31 сакавіка 2014 года. Калі ў такім жыллі пражываюць без паўналетніх членаў сям’і дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, то заява аб прыватызацыі падаецца прыёмнымі бацькамі, апекунамі, бацькам-выхавацелем з папярэдняй згоды органаў апекі.

– Куды будуць накіроўвацца сродкі за камерцыйнае жыллё?

– Плата будзе паступаць на адпаведныя рахункі мясцовых распарадчых органаў і выкарыстоўвацца на набыццё, будаўніцтва, рэканструкцыю капітальных збудаванняў пад камерцыйнае жыллё.

– Якое жыллё будзе пераведзена ў разрад камерцыйнага з 1 ліпеня 2016 года?

– Камунальнае жыллё – жылыя памяшканні дзяржаўнага жыллёвага фонду (акрамя сацыяльнага жылля, інтэрнатаў), займаемыя грамадзянамі на ўмовах дагавораў найму жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду.

– Якое жыллё ўвогуле нельга будзе прыватызаваць?

– Жылыя памяшканні камерцыйнага, сацыяльнага карыстання, памяшканні ў інтэрнатах і спецыяльныя жылыя памяшканні нельга не толькі прыватызаваць, але і абмяняць, раздзяліць, прадаць, здаць у паднаём, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Жылыя памяшканні камерцыйнага карыстання могуць перадавацца ва ўласнасць у выглядзе выключэння па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Па ўсіх пытаннях, звязаных з прыватызацыяй, звяртайцеся ў кабінет №38 райвыканкама або па нумары 2-72-32.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *