43 года жизни Галины Викентьевны Жаворонок связано с работой В ОАО «Промкомбинат»

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Лёгкая прамысловасць у Беларусі займае каля 30 працэнтаў у агульным аб’ёме вытворчасці нехарчовых тавараў. У рэспубліцы функцыянуюць больш 500 прадпрыемстваў галіны, адно з якіх — ААТ «Прамкамбінат».

Якасную прадукцыю нашых вытворцаў ведаюць далёка за межамі раёна. І хоць вытрымліваць узросшую апошнім часам канкурэнцыю вельмі няпроста, прамкамбінат не губляе сваіх высокіх пазіцый, а па выніках мінулага года ўвайшоў у пяцёрку лепшых вытворцаў спецадзення ў краіне. Дастойна пачалі нашы прамыславікі і 2014 год. Аб’ём вытворчасці з улікам кошту давальніцкай сыравіны за пяць месяцаў склаў 1 мільярд 804 мільёны рублёў, выраблена 13 тысяч прадметаў мужчынскага рабочага адзення, 5 тысяч — пасцельнай бялізны, 11 тысяч пар рукавіц.

Калі напярэдадні прафесійных свят мы раімся з кіраўнікамі прадпрыемстваў наконт працаўнікоў, пра якіх варта расказаць на старонках газеты, тыя звычайна бяруць паўзу — задумваюцца, узважваюць дасягненні работнікаў… А вось дырэктар Ушацкага прамкамбіната Галіна Анатольеўна Грыдзюшка адрэагавала імгненна: «Напішыце пра начальніка швейнага цэха Галіну Вікенцьеўну Жаваранак».

«Як іголка з ніткай» — гэтай трапнай фразай можна ахарактарызаваць сувязь работніцы з родным прадпрыемствам, якому яна аддала 43 гады свайго жыцця. Жанчына ведае тут кожны куточак і, здаецца, нават з завязанымі вачыма можа раскроіць і пашыць любую рэч. Рамяству швачкі Галіна Вікенцьеўна нідзе спецыяльна не вучылася — пераняла навуку ад мамы. Прыгадвае, што ўжо ў сямігадовым узросце магла пашыць на нажным «зінгеры» навалачку, а ў юнацтве майстравала модныя рэчы па выкрайках з «Работніцы і сялянкі». Калі дзяўчыне было 16 гадоў, памерла яе маці, і на Галю ляглі дарослыя клопаты — пасля заканчэння школы прыйшлося ўладкавацца на прамкамбінат, які быў побач з домам. Думала — на непрацяглы час, аказалася — на ўсё жыццё. Неўзабаве выйшла замуж, нарадзіліся дачка і сын, так і засталася на Ушаччыне, аб чым зусім не шкадуе. Стараннасць, адказнасць, свядомасць маладой работніцы заўважылі ў калектыве — Галіна стала сакратаром камсамольскай пярвічкі, уступіла ў партыю, яе неаднойчы выбіралі дэпутатам пасялковага і раённага Савета дэпутатаў.

І хоць зараз у найменні яе пасады ёсць слова «начальнік», застаць Галіну Вікенцьеўну за кабінетным сталом проста нерэальна — за дзень дзясяткі разоў аббягае яна ўсе тры паверхі будынка, паспявае патрымаць у руках і лякалы з нажніцамі, і іголку з ніткай. Калі ёсць патрэба — заменіць любога работніка, сочыць і за працоўнай дысцыплінай у цэху, бо не церпіць нядбайных адносін да справы. «Я заўсёды на сумленне разлічваю. Нават калі чалавек не хоча працаваць, шукаю з ім агульную мову, бо работа для маральна слабых людзей — гэта, бадай, адзінае, што іх дысцыплінуе, трымае ў прыстойных рамках», — разважае Галіна Вікенцьеўна і дадае, што ў цэлым калектыў на прамкамбінаце зараз падабраўся добры: вытворчыя інтарэсы, узаемавыручка — не пустыя паняцці для яе калег. «Напэўна, пайшла б ужо на заслужаны адпачынак, але дзяўчаты не адпускаюць!» — жартуе заслужаная работніца. Дарэчы, наша з ёй размова адбылася на складзе, дзе начальнік швейнага цэха разам з дырэктарам прадпрыемства выбіралі тканіну для будучых прыгожых пледаў — менавіта такі каштоўны падарунак атрымае кожны работнік прамкамбіната да прафесійнага свята.

Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *