Сотни ушачан и гостей района собрались в Стайковском бору на богослужение в честь святого пророка Ильи.

Наши земляки

Колькасць машын нават на асфальце не дае прамінуць паварот на Стайкаўскі бор. Хоць да цэнтральнай паляны з Крыжом і іконай прарока Іллі на месцы былой царквы яшчэ з паўкіламетра, аднак аўтамабілямі запоўнена ўся лясная дарога. А паляна — па-святочнаму апранутымі ўшачанамі. Чаму такі папулярны ва ўшачан прарок Ілля, пытанне хутчэй рытарычнае. З мноства святых, якіх ушаноўваюць не меней, ва ўшачан менавіта святкаванне Іллі ў Стайкаўскім бары было і застаецца самым любімым і па-сапраўднаму народным.

Падстава на тое, лічу — не адна. Асноўнае — памяць. Менавіта там некалі стаяла драўляная царква ў гонар прарока Іллі і нават калі і не засталося яе рэшткаў, не адно пакаленне ўшачан у дзень святкавання святога збіралася сюды за вадой. Крыніца, якая б’е ўнізіне, у балаціне, сама па сабе гаючая, са спецыфічным прысмакам, незалежна ад пары года. А яшчэ, па ўспамінах старажылаў, тут ладзілася стыхійная культурна-забаўляльная праграма з танцамі пад гармонік, таму збіраліся ў бор яшчэ і як на масавае гулянне. А ўзрастаючая ж колькасць ушачан зараз — гэта адраджэнне хрысціянскіх традыцый, вяртанне да веры.

Яўгенія Васільеўна Іванова з цяжкасцю пераадольвала метры лясной дарогі да аўтобуса. Несла ж ажно пяць літраў вады:

— Калі б пранесла яе пешшу да Ушачы — была б абсалютна здаровая, — жартуе пенсіянерка. І дадае, што ў Стайкаўскі бор хадзіла яшчэ дзяўчынкай, да той пары, пакуль не стала камсамолкай. — Думаю, што нават мая бабуля Александрына не сказала б, колькі пакаленняў хадзіла сюды, паколькі хадзілі здаўна і ўсе. Мы жылі ў Навалаках, што каля Рагуцкіх, таму мне і зараз вельмі хочацца прайсціся менавіта гэтым шляхам праз могілкі, Звонь… У пасляваенныя гады дзяўчаты, якія працавалі ў калгасе, імкнуліся хутчэй зжать жыта, тады іх пускалі на Іллю, дзе было гулянне з музыкай. А яшчэ раней на службу прыязджалі свяшчэннікі. Нават калі жыла ў Полацку — неаднойчы наведвалася да крыніцы.

Штогод тут можна сустрэць не толькі ушачан. Бацькі Веранікі Анікеевай, напрыклад, спецыяльна прыехалі ў гэтыя выхаднныя на радзіму маладой маці з Мінска, каб пахрысціць дачушку. Маглі ў саборы ў сталіцы, аднак наслухаліся, як у нас на Іллю хрэсцяць пад адкрытым небам… і не пашкадавалі. Разам з імі — вялікая радня. Гэты дзень назаўсёды застанецца ў памяці, ён пазначаны і на пасведчанні аб хрышчэнні ў кожнага з пятнаццаці новых праваслаўных, для якіх анёлам-ахоўнікам назаўсёды будзе прарок Ілля.

Хрысцілі ж не толькі немаўлят, што і не дзіўна. Аднак і людзі ў гадах — з пакалення атэістаў, якім сёння пад 50, прынялі ў суботу таямніцу хрышчэння.

Побач з крыжом маладая маці вучыла хлопчыка хрысціцца, хтосьці ставіў свечы да іконы. Для многіх шлях да веры пачынаўся менавіта тут — у Стайкаўскім бары. Ну а большасць людзей прыехала адслужыць службу і набраць святой вады. А сцяжына да крыніцы застаецца люднай да самага вечара.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *