15 февраля воины-афганцы Ушачского района отметили День памяти воинов-интернационалистов и 25-летие со дня вывода советских войск из Афганистана

Наши земляки

“Хлопчык мой, бачыш, колькі сяброў да цябе сёння прыйшло!” – прыгаворвала, гладзячы халодны граніт помніка, Ганна Тарасаўна Ключонак. І было бачна, што зусім не прытупілі мацярынскі боль нават тры дзясяткі гадоў, мінуўшых з таго жудаснага моманту, калі кінутыя яе рукой жмені зямлі з гулкім стукам упалі на цынкавую труну сына… Не прытупіўся гэты боль у сэрцах родных Міхаіла Хрыпача і Аляксандра Клачка. Жыве ён і ў душах тых, каму пашчасціла вярнуцца з афганскай вайны. Кожны год 15 лютага яе ветэраны абавязкова прыязджаюць на могілкі ў Ляснеўшчыне, Дубінцы і Мажуйках, наведваюць і іншыя пахаванні былых воінаў, якія пайшлі з жыцця ўжо тут, на радзіме.Сёлета ж, у дзень, калі мінула чвэрць стагоддзя з моманту вываду савецкіх войск з Афганістана, на ўрачыстасць сабраліся практычна ўсе ўшацкія воіны-інтэрнацыяналісты. Прыехалі тыя, хто жыве далёка ад райцэнтра. Прыйшоў, праігнараваўшы забарону ўрачоў, старшыня Ушацкай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Анатоль Рудкоўскі, які зусім нядаўна перанёс складаную аперацыю на сэрцы. А вось яго намеснік Васіль Полазаў значыўся ў ліку нямногіх, хто адсутнічаў. Але гэты “прагул” быў па ўважлівай прычыне – баявыя сябры запрасілі Васіля Віктаравіча на сустрэчу ў Падмаскоўе, дзе зараз дыслацыруецца брыгада, у складзе якой ушачанін ваяваў у Афганістане.

Зрэшты, тыя воіны-ветэраны, якія правялі гэты святочны дзень ва Ушачах, думаецца, таксама ніколькі аб гэтым не пашкадавалі. Арганізатары пастараліся, каб урачыстасць атрымалася ўзнёслай і адначасова цёплай, кранальнай. Распачаў праграму свята мітынг, падчас якога былі ўскладзены вянкі і кветкі да памятнага знака ў гонар воінаў-інтэрнацыяналістаў, прагучалі прывітальныя словы з вуснаў ваенкома раёна Уладзіміра Пальчэха, удзельніка баявых аперацый у Афганістане Уладзіміра Андрыковіча, вучаніцы Ушацкай школы Ганны Герцык. Нікога не пакінула абыякавым канцэртная праграма, якую прапанавалі гледачам работнікі культуры. Кадры афганскай хронікі, разгорнутыя ў фае выставы кніг і музейных экспанатаў, вершы і песні, словы якіх ведае кожны былы вайсковец, стварылі менавіта тую атмасферу, якая робіць падобныя мерапрыемствы пранікнёнымі і запамінальнымі. І, канечне, ніхто з галоўных герояў свята не быў абдзелены ўвагай. “Наш абавязак – захоўваць памяць аб загінуўшых, праяўляць клопат аб тых, каму пашчасціла выжыць”, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Іванавіч Бухалка, які асобна павіншаваў кожнага воіна-інтэрнацыяналіста, уручыў усім каштоўныя падарункі.25 гадоў прайшло з таго моманту, калі апошні савецкі БТР праехаў мост праз Амудар’ю, а ўспаміны пра афганскае пекла і сёння трывожаць іх душы, прыходзяць у сны, прымушаюць больш востра ўспрымаць рэчаіснасць. Аб бясконцых горных дарогах, на кожным кіламетры якіх яго гружаны боепрыпасамі КамАЗ мог ператварыцца ў слуп агню, успамінае Васіль Ясюк. Аб тым, як, чакаючы ў засадзе варожы караван, дзялілі на чатырох лусту чэрствага хлеба – і гэта быў паёк на цэлыя суткі, прыгадвае былы баец штурмавой дэсантнай брыгады Уладзімір Андрыковіч. І лічыць сапраўдным цудам тое, што застаўся жывым – з 40 прыбыўшых разам з ім у Афганістан хлопцаў дамоў вярнуліся толькі 13… А вось Аляксандр Клачок шчаслівы білет не выцягнуў. “Калі вырасту – стану лётчыкам, буду нашых бабуль-суседак катаць”, – казаў ён у маленстве матулі. Але спраўдзіў дзіцячую мару не да канца, бо абарваўся яго палёт у чужым афганскім небе. “15 лютага для нашай сям’і дзень жалобы, – прызнаецца брат Аляксандра Мікалай Клачок. – І ў той жа час лічу яго святам, бо пасля гэтай даты ніводная сям’я не зведала ўжо тую горыч страты, якую давялося перажыць нам…”

Н.БАГДАНОВІЧ.

МОЦНЫЯ БАЯВЫМ БРАТЭРСТВАМ

Для тых, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях у Афганістане, 15 лютага важная дата. Яна з’яўляецца яшчэ адной падставай для сустрэчы, успамінаў аб загінуўшых таварышах. Ва Ушацкім райваенкамаце зараз на ўліку 35 воінаў, якія ў розныя гады ўдзельнічалі ў баявых аперацыях у Афганістане. Большасць з іх з’яўляюцца членамі Ушацкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, якую ўзначальвае Анатоль Валянцінавіч РУДКОЎСКІ.

– Анатоль Валянцінавіч, што дае воінам-афганцам членства ў арганізацыі, якую вы ўзначальваеце?

– Калі вы наконт матэрыяльных выгод, то нашы магчымасці не надта вялікія, значнымі фінансавымі сродкамі арганізацыя не валодае. У нас нават не вызначана сума членскіх узносаў, як у іншых грамадскіх арганізацыях. Але наша стваралася найперш у мэтах маральнай падтрымкі адзін аднаго, для зносін. У любым выпадку, калі адзін – многа пытанняў не вырашыць, а калі ёсць арганізацыя, хтосьці больш ведае, хтосьці падкажа, як гэта зрабіць. Нагадаю, што мы адкрытыя, напрыклад, для родных загінуўшых воінаў-афганцаў, для членаў сямей тых удзельнікаў вайны ў Афганістане, якія пайшлі з жыцця ўжо пасля вяртання на радзіму. Таксама будзем рады бачыць не толькі афганцаў, а усіх воінаў-інтэрнацыяналістаў раёна, бо зараз ні для каго не сакрэт, што ў свой час Савецкі Саюз аказваў ваенна-палітычную падтрымку 22 краінам свету.

– Якую ваенна-патрыятычную работу па выхаванні моладзі вядзе ваша арганізацыя?

– Ідзе мірнае жыццё. Сёння ветэраны вайны ў Афганістане заняты на працы, турбуюцца аб сем’ях, але афганская тэма не састарэла і працягвае выхоўваць моладзь у духу служэння Айчыне. Нас запрашаюць у школы пры правядзенні тэматычных мерапрыемстваў не толькі да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, але і 23 лютага, 9 Мая, Дня Незалежнасці. Разам з іншымі грамадскімі арганізацыямі ўдзельнічаем у раённых мерапрыемствах, прысвечаных гэтым святам. Лічу, што патэнцыял нашай арганізацыі можна актыўней задзейнічаць у рабоце з дапрызыўнай моладдзю.

– Кожны год 15 лютага воіны-інтэрнацыяналісты збіраюцца, каб адзначыць памятную дату вываду савецкіх войск з Афганістана. Якія мерапрыемствы звычайна праходзяць, і хто акрамя членаў вашай арганізацыі прымае ў іх удзел?

– Традыцыйна праводзім мітынг у гонар загінуўшых таварышаў. У апошнія гады наведваем не толькі месцы пахаванняў воінаў, загінуўшых у Афганістане, іх сем’і, але і магілы тых, хто памёр пасля вайны. Час няўмольны – з пачатку 90-ых гадоў нас стала на 10 чалавек меней. Выказваю словы ўдзячнасці раённым уладам, якія дапамагаюць у правядзенні нашых мерапрыемстваў, і кіраўнікам арганізацый і устаноў, дзе працуюць воіны-інтэрнацыяналісты, за разуменне, калі ў гэты дзень яны адпускаюць нашых ветэранаў-афганцаў з працоўных месцаў, у нялёгкіх фінансавых умовах сённяшняга дня знаходзяць магчымасць аказаць матэрыяльную падтрымку. Нам не патрэбна нейкая асаблівая ўвага, але калі ў дзень вываду савецкіх войск з Афганістана нам кажуць добрыя словы, паверце, на душы становіцца лягчэй. Хочацца, каб у гэты дзень ніводны воін-інтэрнацыяналіст не застаўся без цёплых слоў, каб ведалі аб тых, хто жыве цяпер, і аб тых, хто ўжо пайшоў ад нас. Не за сябе прашу, а за сваіх таварышаў. Яны, паверце, таго заслугоўваюць.

– У канцы 90-ых гадоў і пасля распаду Савецкага Саюза з’явілася шмат крытыкаў падзей афганскай вайны. Якая Ваша ацэнка мэтазгоднасці знаходжання там савецкіх войск?

– Адназначнай ацэнкі тут быць не можа, але простыя салдаты выконвалі свой доўг, а не ўдзельнічалі ў палітычных гульнях. Лепш прывяду адзін прыклад. Яшчэ два дзесяцігоддзі таму назад усе заходнія аўтары называлі ваенную прысутнасць савецкіх войск за Амудар’яй не інакш як акупацыяй і генацыдам мясцовага насельніцтва. З цягам часу падыходы да гэтай тэмы змяняюцца. У Вялікабрытаніі не так даўно выйшла кніга “Афганцы”. Яна не пра жыхароў Афганістана, яна – пра савецкіх салдат, якія выконвалі там інтэрнацыянальны доўг. Аўтар кнігі Родрык Брэйтвейт доўгі час знаходзіўся ў гэтай краіне, вывучаў гісторыю і малавядомыя старонкі той вайны. Ён піша: “Знаходзячыся ў Афганістане, многім мясцовым жыхарам я задаваў адно і тое ж пытанне: калі вам лепей жылося – зараз, ці пры рускіх? Амаль усе афганцы адказалі, што пры рускіх было лепей. У Гераце ў мяне была сустрэча з адным пажылым чалавекам, які дзевяць гадоў ваяваў супраць савецкіх салдат, а зараз змагаецца супраць амерыканцаў. Ён таксама сказаў, што лепей было пры “шураві”. Я запытаў: “Хіба савецкія салдаты не былі больш жорсткімі, чым амерыканцы?” “Зусім не, – адказаў ён. – Яны былі мужнымі і сумленнымі воінамі, стараліся не прычыніць шкоды мірнаму насельніцтву і ваявалі з намі твар у твар. А амерыканцы баязлівыя, яны забіваюць нашых дзяцей і жонак бомбамі з неба…”.

Д,РАМАНОЎСКІ

ГАЛОЎНАЕ – ПЕРААДОЛЕЦЬ СТРАХ

За час гутаркі са мной слёзы двойчы заблішчэлі ў куточках вачэй ветэрана афганскай вайны Пятра Міхайлавіча Турчыновіча – калі прыгадаў нябожчыкаў бацькоў, якіх год назад давялося хаваць аднаго за адным праз чатыры дні, і калі расказваў аб загінуўшых баявых таварышах, пералічваў знаёмых воінаў-інтэрнацыяналістаў нашага раёна, якія пайшлі з жыцця ўжо пасля вяртання на радзіму. Для яго яны таксама як родныя…

“Каб не хвароба – мы б з вамі зараз не размаўлялі: не засталі б мяне дома, бо вельмі рыбалку люблю – мабыць таму, што родам з Рыбакоў”, – жартуе Пётр Міхайлавіч. Хоць і нарадзіўся ён у гэтай невялікай вёсцы, але лічыць сябе карэнным ушачанінам, бо сям’я пераехала ў райцэнтр, калі хлопчыку было толькі тры гады. Сярэдні з трох братоў, Пётр Міхайлавіч у 1984 годзе скончыў Ушацкую школу і падаў дакументы ў Полацкае ПТВ-28 нафтахіміі.

– Сябар падгаварыў, – успамінае мужчына. – Я дакументы завёз, а ён потым і не паехаў – “сачкануў”.

Пасля вучылішча паспеў малады наладчык вымяральных прыбораў папрацаваць на “Паліміры”. У армію прызываўся ў Наваполацку, пасля апошняй медкамісіі ў Віцебску “купцы” пасадзілі яго і яшчэ некалькіх хлопцаў у поезд і раніцай наступнага дня быў ён ужо ў Маскве… Мяняліся вакзалы і цягнікі. “Будзеце служыць у Сярэдняй Азіі”, – успамінае словы салдатаў суправаджэння Пётр Міхайлавіч. Але да Ташкента, куды іх нібы спачатку планавалі везці, яны не даехалі – на станцыі Маргелан пераселі на аўтамабілі. Разуменне таго, што можа трапіць у Афганістан, прыйшло да П.Турчыновіча, калі даведаўся пра іх канчатковы пункт прызначэння – Фергану. Яшчэ перад арміяй ва Ушачах чуў ад родных свайго аднакласніка Алега Рагавешкі пра трасу Фергана-Кабул. Так апісваў сваё месца службы ў пісьмах дадому яшчэ адзін ушацкі воін-інтэрнацыяналіст.

Месяцы “вучэбкі” праляцелі хутка. Назаўсёды ўрэзалася ў памяць пастраенне, падчас якога кожны з маладых салдат меў выбар – адмовіцца ад службы ў Афганістане і застацца ў Саюзе. З гонарам адзначае Пётр Міхайлавіч, што ніхто з яго прызыву гэтым правам не скарыстаўся.

Увечары перад адпраўкай “за рэчку” ён атрымаў паведамленне, што з дому прыйшла пасылка.

– Атрымаць яе не было ніякай магчымасці, – хвалюецца ад нахлынуўшых успамінаў мой суразмоўца. – У 6 гадзін раніцы нас чакалі “Уралы” для адпраўкі на аэрадром у Ташкент, а аддзяленне сувязі адкрывалася ў 9 гадзін. Пакінуў паведамленне хлопцам у часці і папрасіў адправіць тэлеграму маме: “Дзякуй, усё было вельмі смачна”. Але ім пасылку без мяне не аддалі, а адправілі назад. Ліст ад маці я атрымаў ужо ў Кандагары, памятаю, як маркоціўся, што яна перажывае…

Закурваем і некалькі хвілін маўчым. У такія імгненні неяк асабліва разумееш, што аб вайне па-сапраўднаму можна даведацца толькі вось так – праз канкрэтныя лёсы, праз “дробязі”, з якіх яны складаюцца.

– Ведаю аб чым хочаш далей спытаць, – парушае маўчанне Пётр Міхайлавіч. – Задавай пытанні, мне так лягчэй будзе ўспамінаць.

Службу ў Афганістане ён пачаў на “кропцы” радыётэлеграфістам, кажа “сядзеў у БТРы на сувязі”. Каля 35 чалавек салдат, 6 афіцэраў, танк, 4 бронетранспарцёры, мінамёт “Васілёк”, гаўбіца – іх пункт забяспечваў баявую ахову аўтадарогі, якая праходзіла зусім недалёка ад граніцы з Пакістанам. За два гады службы больш 10 разоў быў на баявых выездах. Даводзілася ўдзельнічаць у аперацыях па выратаванні пілотаў збітых верталётаў, трапляць пад абстрэл калон, якія іх БТРы суправаджалі. Дарэчы, у такіх баявых выездах мяняў радавы навушнікі радыётэлеграфіста на кулямёт. Бліжэйшым населеным пунктам да іх кропкі быў Кішкінахуд. У раёне гэтага буйнога кішлака да 1987 года не было выпадкаў, каб нашым калонам не даводзілася прарывацца з боем і не трэба было суправаджаць іх буйнымі сіламі.

У памяці Пятра Міхайлавіча ўсплывалі моманты і дэталі, якія па вялікаму рахунку і не патрэбна было ўваскрашаць.

– Калона трапіла ў засаду, – працягвае П.Турчыновіч. – Столькі гадоў прайшло, але і цяпер, калі ўспамінаю, перад вачыма стаіць, як выпушчаная “духамі” ракета перад нашым БТРам трапіла ў аўтамабіль з гаручым. Хлопец, які сядзеў за рулём, ахоплены полымем, вываліўся з кабіны і згарэў зажыва ў нас на вачах.

Усё было, але ж хіба можна ўсё расказаць… Гібель саслужыўцаў бачыў не раз, а вось яго кулі на шчасце міналі. Быў страх, канечне, даводзілася яго пераадольваць. Потым прывык, не думалася аб смерці. Калі выходзілі на заданне, заўсёды была надзея на добрае яго заканчэнне.

Гэта ўменне пераадолець сябе дазволіла Пятру Міхайлавічу здзейсніць учынак, за які ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Ноччу, калі рота паміж дзяжурствамі на “кропцы” знаходзілася ў размяшчэнні батальёна, маджахеды пачалі абстрэл.

– Я ў гэты час быў на тэрыторыі, пайшоў за дрывамі. Калі сталі рвацца снарады, прызнацца і не памятаю як апынуўся ва ўкрыцці, таварышы дапамаглі, бо ад нечаканасці на нейкія хвіліны проста аслупянеў. Але калі камбат загадаў тушыць склад з боепрыпасамі, адразу кінуўся туды – загады не абмяркоўваюцца.

13 лістапада 1987 года радавы 70-ай асабовай мотастралковай брыгады Пётр Міхайлавіч Турчыновіч і яшчэ пяцёра яго таварышаў, скончыўшы чарговае баявое дзяжурства, пакінулі сваю “кропку” – іх чакала дарога дадому.

Адпрацаваўшы на “Паліміры” яшчэ год вярнуўся на радзіму, ва Ушачы, уладкаваўся на пілараму ў ПМК-66, а з 1992 года і па сённяшні дзень з’яўляецца работнікам ААТ “Ушачы”. Прыпамінае Пётр Міхайлавіч недалёкі час, калі на гэтым прадпрыемстве працавала 8 афганцаў.

– Няма ўжо на гэтым свеце Мішы Міхаля, Грышы Клачка, Віці Пятніцы, і вось зусім нядаўна памёр Валодзя Клопаў, – пералічвае П.Турчыновіч. – Палова нас засталося з таго “асабовага складу”. Вось успомніў зараз усё і думаю, што жыццё маё магло скласціся іншым чынам. На сённяшні дзень можа што і змяніў бы, ды час назад не вернеш. Адно скажу з упэўненасцю – ніколі б не прамяняў сваіх баявых таварышаў, а памятаць буду іх заўсёды – і тых, хто вярнуўся жывымі, і тых, хто загінуў там, “за рэчкай”.

Д,РАМАНОЎСКІ

СЭРЦА ВАЙНА НЕ АЧАРСЦВІЛА

Можна параўноўваць многае. А вось вайну параўнаць няма з чым: ва ўсе часы яна была трагедыяй для людзей, асабліва калі вайна гэтая — не твая. 18-20-гадовыя савецкія хлопцы, якім давялося зведаць выпрабаванні за мяжой падчас той страшнай, афганскай, цяпер сталі сталымі мужчынамі. Ім ёсць што расказаць, але ўспамінаюць воіны-афганцы свае баявыя гады неахвотна. “Я так і не зразумеў, навошта мы там былі”, – кажа Міхаіл Іванавіч Коўшаль.

Яго інжынерна-сапёрны батальён размяшчаўся ў Шындандзе. Паведаміў мне Міхаіл Іванавіч, што з нашых, ушацкіх, там быў таксама Мікалай Макаравіч Саўчанка, як і ён – вадзіцелем. Прызываліся ў Савецкую Армію ў адзін прызыў і ў Афганістан прыбылі ў адзін дзень – 26 чэрвеня 1983 года, толькі служылі ў розных воінскіх часцях.

Што трапіць за мяжу выконваць інтэрнацыянальны доўг, М.І.Коўшаль, зразумела, прадказаць не мог, а вось тое, што будзе ў арміі менавіта вадзіцелем, ведаў дакладна. Яшчэ ў 1982 годзе пасля заканчэння сярэдняй школы накіраваўся ад ваенкамата на курсы вадзіцеляў у Докшыцкую аўташколу. Свядома выбраў гэтую мужчынскую справу і нават паспеў папрацаваць некалькі месяцаў у мясцовым калгасе “Дружба”.

Пасля інтэнсіўнай агульнавайсковай і спецыяльнай падрыхтоўкі ў Казахскай ССР праз тры з паловай месяцы хлопец з Рагуцкіх за рулём магутнага ЗІЛа-131 апынуўся на афганскіх серпантынах. Усё ў жыцці было ўпершыню і нанова.

– Па горных дарогах вельмі цяжка спачатку было ездзіць, – свае першыя ўражанні Міхаіл Іванавіч памятае добра. – Дарога вузенькая, з аднаго боку — скалы, а з другога – абрыў, унізе — лета, а на вяршынях – зіма.

А яшчэ на такіх “зручных” месцах, дзе, вывеўшы са строю “галаўную” машыну, можна спыніць усю вялізную калону, іх часта чакалі засады маджахедаў. Бывала, што прабіваліся па некалькі гадзін з дапамогай бронегрупы і пад прыкрыццём верталётаў. Машыны забеспячэння хадзілі па ўсіх маршрутах толькі ў суправаджэнні. Значную пагрозу ўяўлялі міны. З горыччу расказвае Міхаіл Іванавіч, як падарваўся аўтамабіль сябра-украінца з яго ўзвода.

Славяне складалі асноўную частку падраздзялення, хаця ў іх батальёне быў сапраўдны інтэрнацыянал – прадстаўнікі 16 нацыянальнасцей праходзілі службу разам з ім. А яшчэ прыпомніў, што асаблівай дружбы народаў у батальёне не назіралася: рускія, украінцы і беларусы больш кантактавалі паміж сабой, у той час як прадстаўнікі каўказскіх народаў, выхадцы з Сярэдняй Азіі трымаліся адасоблена. Але і сур’ёзных канфліктаў не было.

Міхаіл Іванавіч адзначыў, што аб кожным баявым выхадзе, аб гібелі кожнага яго таварыша можна расказаць асобным матэрыялам, але гэта чарговы напамін аб крыві, смерці, аб тым, што ён успамінаць не хоча.

– Гібель чалавека маладога, дужага сама па сабе супярэчыць усялякай логіцы, – уздыхае Міхаіл Іванавіч. – Яшчэ цяжэй было асэнсоўваць тое, што давядзецца праз некалькі дзён перажыць родным і блізкім, калі іх любімага сына, брата, жаніха прывязуць на радзіму ў цынкавай труне.

Адслужыўшы амаль два з паловай года, з іх больш двух – у Афганістане, памужнелы юнак вярнуўся ў мірнае жыццё. Вадзіцельскай справе не здрадзіў. Спрабаваў замацавацца ў горадзе, працаваў на “БелАЗе”, потым у пансіянаце “Лясныя азёры”, а з пачатку 90-х гадоў у роднай “Дружбе”, адкуль калісьці ішоў служыць. Стварыў сям’ю, пасяліўшыся ў Ільюшыне. Разам з жонкай гадавалі двух сыноў і дзвюх дачушак. Але лёсу было мала афганскіх выпрабаванняў для гэтага чалавека. Неспадзявана рана памерла жонка, пакінуўшы на яго чатырох дзяцей, двое з якіх яшчэ вучыліся ў 5 і 6 класах.

Аднак вайна і гора не ачарсцвілі сэрца мужчыны, ён змог пераламаць сябе і не патапіць гора ў віне, не пакінуў сіротамі малых. Дапамагалі бацькі, старэйшыя дзеці, ды і сам працуе ад зары да зары. Сваімі рукамі пабудаваў ля выдзеленага ААТ “Ільюшынскі” дома шматлікія пабудовы, трымае вялікую хатнюю гаспадарку. Старэйшы сын скончыў Лепельскі меліярацыйны каледж, працуе побач з бацькам у таварыстве.

– Зараз намнога прасцей, – кажа Міхаіл Іванавіч. – Дзеці падраслі, яны ў мяне да самастойнасці прывучаныя, многае самі ўмеюць і мне дапамагаюць.

Вось такі ён чалавек. Адзін з ветэранаў-афганцаў, надзейных, правераных людзей. Бачыўшы, што такое вайна, яны ведаюць на ўласным вопыце: мір – вышэйшая каштоўнасць, і ўпэўнены, што калі будзе спакойна на нашай зямлі, то ўсё астатняе прыкладзецца потам і мазалём.

Д.РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *