Открытое заседание комиссии по делам несовершеннолетних райисполкома прошла недавно в Глыбочке

Закон - один для всех Наши дети Правовая консультация

Ахапкі палявых кветак прыносіў мужчына для сваёй жонкі ў знак кахання. Цёплыя сямейныя пасядзелкі! Прыбраны дом, па якім яшчэ нядаўна тупалі ажно чатыры пары маленькіх ножак. На жаль, гэтую некалі ідылічную карціну перакрэсліла п’янства. Дзеці ў таты і мамы былі забраны, а выхаваннем малых зараз займаюцца прыёмныя бацькі і работнікі дзіцячага сацыяльнага прытулка.

На адкрытае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, якое праходзіла на мінулым тыдні ў аграгарадку Глыбачка Глыбачанскага сельсавета, сабралася нямала народу. Падтрымаць або наадварот “пажурыць” Віталя і Алену Сіскевічаў прыйшлі іх сябры, суседзі, калегі, работнікі школы.

Як адзначыла старшыня сельвыканкама Людміла Валянцінаўна Храмцова, праблемы ў гэтай сям’і пачаліся яшчэ ў 2011 годзе, калі муж і жонка пачалі злоўжываць алкаголем. На папярэджанні, прапановы закадзіравацца яны не рэагавалі. Сітуацыя ўскладнялася тым, што ў стане алкагольнага ап’янення ў адносінах жонкі Віталь даваў волю кулакам, за што не раз трапляў у міліцэйскія зводкі. А сведкамі гэтых разборак часта станавіліся дзеці.

– Я сама вінавата ва ўсім, – са слязамі на вачах тлумачыла неадэкватныя паводзіны мужа-выпівохі жанчына. – Давала грошы на спіртное, таксама выпівала і правакавала яго да высвятлення адносінаў. Аднак і я, і Віталь зразумелі свае памылкі – вярніце нам, калі ласка, дзяцей…

Так, нельга сказаць, што за два месяцы (менавіта столькі часу прайшло з моманту адабрання непаўналетніх з сям’і) Віталь і Алена не паспрабавалі выправіць сітуацыю. Закадзіраваліся, працуюць, выплачваюць сродкі на ўтрыманне малых і рэгулярна наведваюць іх з гасцінцамі і падарункамі. Аднак рабіць канчатковыя вывады пакуль рана.

– Калі на коне здароўе і нават жыццё чацвярых дзяцей, рызыкаваць мы не маем права, – сцвярджалі члены камісіі. – Перш чым вярнуць малых бацькам, трэба ўпэўніцца ў “надзейнасці” апошніх, паназіраць за станам спраў у сям’і. Уявіце: дзяцей вернем, а праз тыдзень-другі з-за чарговага “зрыву” зноў забяром – больш моцнай псіхалагічнай траўмы для маленькага чалавека, напэўна, не прыдумаеш. Дарэчы, факты паўторнага адабрання дзяцей у нашым раёне рэгістраваліся. Напрыклад, у 2012 годзе іх было тры.

З жудаснымі прыкладамі пазнаёміў прысутных начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.І.Станько. У выніку пажараў, якія адбыліся летась у нашай краіне, загінула 16 дзяцей, сёлета – яшчэ 11. Прычынай многіх гэтых здарэнняў стала курэнне бацькоў у нецвярозым стане. Дарэчы, пытанне бяспекі дзяцей, на думку Андрэя Іванавіча, актуальнае і ў сям’і герояў нашага аповеду, бо абое кураць.

Пра тое, што кадзіроўка не засцерагае ад атрымання “пуцёўкі” ў лячэбна-працоўны прафілакторый, нагадаў Віталю Сіскевічу першы намеснік начальніка райаддзела міліцыі А.У.Андросаў. Аляксей Уладзіміравіч папярэдзіў мужчыну аб тым, што праверкі ў адносінах яго будуць узмоцнены, а ў выпадку чарговага залёту “адкасіць” ад ЛПП у яго не атрымаецца.

– Днямі зайшла да Алены і Віталя ў госці, – расказала Л.В.Храмцова. – Шчыра кажучы, убачанае мяне парадавала. Абое былі на кухні: жонка гатавала вячэру, а муж мыў столь. Спадзяюся, што спакойная атмасфера ў доме захаваецца надоўга.

Падводзячы вынікі пасяджэння, члены камісіі аднагалосна вырашылі працягнуць назіраць за сям’ёй Сіскевічаў з мэтай устанаўлення магчымасці вяртання непаўналетніх бацькам. Праўда, Алену і Віталя такое рашэнне не парадавала: жанчына ўвесь час плакала, з сур’ёзым выглядам, апусціўшы галаву сядзеў Віталь. Наперадзе іх чакала няпростая задача – сказаць дзецям, якія так хочуць вярнуцца дадому, што з-за ненадзейнасці мамы і таты трэба яшчэ пачакаць…

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *