Деревня Завечелье Ушачского района стала вторым домом для семьи беженцев из Донецкой области

Общество

Дом №13 у Завячэллі пасля дэталёвага апісання Мікалая Анатольевіча Храпавіцкага знаходзім без праблем. Дар’я Луханіна з шасцігадовай Веранікай і паўгадовым Радамірам у хаце глядзяць тэлевізар. Натоплены пакой, у дзяўчынкі ў руках лялька, на стале шклянка малака. Ішоў пяты дзень спакойнага жыцця на ўшацкай зямлі сям’і бежанцаў з Данецкай вобласці.

На Ушаччыну яны трапілі з дапамогай сацыяльных сетак. Напісалі, што шукаюць месца, якое б бясплатна выдзелілі сям’і для часовага пражывання. І адгукнулася сям’я Анатоля Храпавіцкага – бацькоўскі дом у Завячэллі апусцеў. Аднак у ім усё, як было пры гаспадыні: газ, канапы і ложкі, электрычнасць, печкі, дываны на сценах і падлозе. Гаспадары сустрэлі маладую сям’ю на аўтавакзале, прывезлі ў дом, выдзелілі посуд. Пакідалі ж радзіму з самым неабходным, а пасля пераезду заставалася толькі паўтара мільёна беларускіх рублёў, таму муж Дар’і Аляксей і брат Дзмітрый адразу пачалі пошукі работы. Хоць у горадзе Кіраўскае Аляксей працаваў шахцёрам, а потым як і Дзмітрый інтэрнэт-правайдарам, тут гатовы і «гной з фермы выкідваць, абы плацілі».

У Кіраўскім яны пакінулі двухпакаёвую кватэру, якую купілі толькі чатыры месяцы таму. Жыллё ўжо дзешавела, а ім усё не верылася, што вайна – гэта надоўга. «Я ніколі не думала, што ў нас такое магчыма, што ва Украіне такая колькасць нацыяналістаў. Вельмі ганарылася сваім Данбасам і лічыла яго вельмі камфортным месцам для жыцця. Розніца паміж Усходам і Захадам Украіны была заўсёды, у нас нават два падручнікі па гісторыі – з розным зместам. Аднак каб бамбіць мірнае насельніцтва, каб ненавідзець за тое, што ты рускі. У нас калі спрабуюць уладкавацца ў Адэскую ці іншыя вобласці з Данецкай – аплата напалову меншая ці наогул адмаўляюць. У Запарожжы, у якім садзіліся на цягнік, мы не размаўлялі, каб не здагадаліся, што мы рускія. Там дзецям на лінейцы забаранілі кветкі браць, усе былі са сцяжкамі жоўта-блакітнымі, у такі колер перафарбаваны наогул усе знакавыя аб’екты, нават Леніна».

У 15-тысячным горадзе зараз засталося каля пяці тысяч жыхароў. Усе раз’ехаліся хто куды мог, пераважна Расію і Беларусь. Нашу краіну для жыхарства, а яны мяркуюць, што яно будзе пастаянным, Аляксей абраў з-за эканамічнай стабільнасці, сімпатыі да курса Аляксандра Лукашэнкі і ўпэўненасці, што ў Беларусі не будзе вайны. Яго маці выехала да дачкі ў Малдавію, а бацькі Дар’і засталіся ў Кіраўскім. Зараз ім 51 год. Крыху больш за 20 гадоў таму яны вось так як зараз дачка пакідалі Баку. «Там я была непатрэбна, бо руская, і тут», – у роспачы гаворыць маці Дашы. Бацька-інжынер, змяніўшы белы каўнерчык на робу, вельмі палюбіў шахту і Данбас. «Тут і застанёмся», – сказаў тады і нікуды не бяжыць са стаўшай роднай шахты – добраахвотнікам ходзіць на ранейшае месца работы, праўда зараз выключна адкачваць ваду, каб не разбурылася. Пенсія паступае, толькі вось зняць яе неяк, бо не працуюць банкаматы, як і літаральна ўсе сацыяльныя аб’екты горада. Першы снарад трапіў у воданапорную вежу ў цэнтры горада, потым у храм, дзіцячы сад і бомбасховішча. Пазней пад гэтыя мэты расчысцілі ўсе падвалы. Там і хаваліся. «Як вы з немаўляці спраўляліся?» – пытаюся ў Дар’і.

– З ім якраз прасцей, паплача, ды на матчыных руках і супакоіцца. А вось з такімі дзецьмі, як Вераніка, якія ўсё разумеюць, палохаюцца і пытаюцца «Зноў будуць бамбіць?», – намнога складаней. – Як ёй патлумачыць – за што. Дарэчы, не разумелі і не верылі ў гэта і дарослыя. Мы не маглі даказаць стрыечнай сястры з Белай Царквы (цэнтральная частка Украіны), што нас сапраўды бамбяць, пакуль не адаслалі фотаздымкі. Ну а на Данбасе таксама не ўсе рускія па нацыянальнасці, некаторыя спачатку віталі ўкраінскую армію, пакуль не пачалі бамбіць. Тут ужо ўсе практычна памянялі погляд: навошта нам такія вызваленцы ад «рускіх тэрарыстаў». У горадзе ўжо больш двух тыдняў няма электрычнасці. Аднак застаюцца там людзі, бо няма грошай, каб выехаць. Гуманітарнага калідору, праз які можна было спакойна пакінуць краіну, не існуе. Таксісты, якія вывозяць да мяжы, бяруць вельмі дорага. Ды яны таксама рызыкуюць. Свякроў ехала літаральна пад абстрэламі. А ведаеце, што больш за ўсё ўбівае? Абыякавасць улады. Мы нават музыку не ўключалі, таму што жалоба па загінуўшых, а яны Дзень незалежнасці святкуюць.

Кожны вечар Даша накіроўвае бацькам кароткую СМС-ку, у якой толькі адно пытанне: «Жывыя». І супакойваецца, атрымаўшы адказ. Яна тут сапраўды ў спакоі за дзяцей і шчыра кажа, што не чакала такога прыёму ні ад сям’і Храпавіцкіх, ні ад аднавяскоўцаў, якія нанеслі перасяленцам бульбы, агародніны, прыносяць малако. І тым не менш ім патрэбна дапамога: абутак мужчынскі 45, 41 памераў, жаночы 39 і 33, вопратка 50-52 на высокага за 180 сантыметраў мужчыну і хударлявага (175), жаночая на Дашу (52-54), на шасцігадовую рослую Вераніку. А яшчэ нязручна Радаміру без дзіцячага гаршка. Дарэчы, запытацца, ці патрэбна дакладна тая ці іншая рэч, ушачане могуць і самастойна, патэлефанаваўшы сям’і Луханіных па нумары (8-029) 837-05-28 (МТС). А яны чакаюць дапамогі. Наперадзе ж зіма.

В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *