Уклонение от добровольной уплаты штрафов грозит гражданам гораздо большими финансовыми потерями и рядом других неприятных «сюрпризов»

Выясняем ситуацию Закон - один для всех Калейдоскоп Правовая консультация

Напэўна, няма такога чалавека, якому б не даводзілася хоць калі-небудзь плаціць штраф — парушэнне правіл дарожнага руху, безбілетны праезд, невыкананне працоўных ці бацькоўскіх абавязкаў, няправільныя паводзіны ў грамадскіх месцах — усё гэта і многае іншае караецца рублём. Большасць грамадзян добрасумленна і своечасова разлічваюцца з дзяржавай, фізічнымі і юрыдычнымі асобамі, але ж ёсць і тыя, хто не спяшаецца ці ўвогуле не збіраецца гэта рабіць. Менавіта з такой катэгорыяй людзей мае справу аддзел прымусовага выканання, з начальнікам якога Аленай Віктараўнай МАСЛЮК мы абмеркавалі тэму неабходнасці «плаціць па рахунках».

— Чалавек, які своечасова разлічваецца з даўгамі, не толькі праяўляе сумленнасць, але і эканоміць сродкі…

— Гэта так. Калі, напрыклад, вы пратэрмінавалі плацеж за электраэнергію ці за камунальныя паслугі, апроч сумы доўга вы павінны будзеце заплаціць пеню, калі ж дойдзе да адключэння электрычнасці ці вады — яшчэ і грошы за аднаўленне іх падачы. Акрамя таго давядзецца ўнесці дзяржпошліну за тое, што на вас у натарыуса будзе аформлены выканаўчы надпіс (гэта абавязковая працэдура пры паступленні справы даўжніка ў наш аддзел). Прывяду канкрэтную сітуацыю. Грамадзянін быў затрыманы нецвярозым у грамадскім месцы і змешчаны ў ізалятар часовага прабывання, за праведзеную там ноч яму трэба было заплаціць 75 тысяч рублёў. Але ж ён не зрабіў гэта на працягу месяца, і да названай сумы дадаліся 225 тысяч (паўтары базавыя велічыні) натарыяльнага тарыфу за афармленне выканаўчага надпісу.

— Якая частка заработнай платы можа быць утрымана на пакрыццё даўгоў?

— Калі раней гэта было толькі 20 працэнтаў, то зараз — 40. Адпаведныя змены былі ўнесены ў Грамадзянска-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь 21 ліпеня бягучага года.

— Але ж далёка не ўсе неплацельшчыкі працуюць. Як быць з імі?

— У такіх выпадках можа быць накладзена спагнанне на маёмасць: пры гэтым мы маем права забраць у залік даўгоў рэчы, якія не з’яўляюцца прадметам першай неабходнасці. Не падлягаюць канфіскацыі, напрыклад, адзіны наяўны ў доме халадзільнік, тэлевізар, ложак, шафа, а вось мабільны тэлефон прадметам першай неабходнасці не лічыцца. Вось і нядаўна ў грамадзяніна, які не заплаціў штраф за знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, быў канфіскаваны мабільнік.

— Ці маюць даўгі «тэрмін даўнасці»?

— Вядома ж, не. Яны заносяцца ў адзіную рэспубліканскую базу даных, што можа абярнуцца для неплацельшчыкаў нечаканымі «сюрпрызамі». У якасці прыкладу магу прывесці выпадак з жыхаром раёна, які меў намер працаўладкавацца ў адной з прыбалтыйскіх краін, аднак яму не адкрылі візу, бо «ўсплыў» факт нявыплаты ім штрафу за незаконную лоўлю рыбы, які быў накладзены аж у 2008 годзе. Да таго ж, калі грамадзянін мае доўг на карысць юрыдычнай або фізічнай асобы, аддзел прымусовага выканання можа звярнуцца ў суд з прадстаўленнем аб абмежаванні яго ў праве на выезд з краіны — такія меры мы прымаем у адносінах да абавязаных асоб і злосных «аліментшчыкаў», тых, хто пратэрміноўвае плацяжы па банкаўскіх крэдытах. Калі даўжнік мае вялікую запазычанасць і ў яго ёсць вадзіцельскае пасведчанне, аддзел можа праз суд абмежаваць яго ў праве кіравання транспартным сродкам. Ёсць у нас і іншыя рычагі ўздзеяння. Вось і мяркуйце самі — ці варта ўхіляцца ад сваіх фінансавых абавязкаў і тым самым нажываць сабе шэраг праблем.

Гутарыла Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *