Традиционные «Рождественские встречи» прошли в Ушачском районном Доме культуры

Общество

Каляды – адно з самых паважаных у народзе свят. Гэта час, напоўнены светлымі думкамі і пачуццямі, добрымі памкненнямі і ўчынкамі… Такімі словамі пачалі сёлетнія “Калядныя сустрэчы” благачынны Ушацкага раёна протаіерэй Вячаслаў і намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Іванавіч Бухалка. Штогод ва ўтульнай зале раённага Дома культуры ў святочны тыдзень ладзіцца гэта мерапрыемства, на якое ўшачане прыходзяць не для забавы, а каб уславіць свяшчэнны момант нараджэння Збавіцеля, з’яднацца ў парыве ўдзячнасці таму, хто прыняў на сябе ўсе пакуты роду людскога. Гэта, напэўна, самае “ціхае” дзейства з тых, што праводзяцца ў РДК, і хоць на ім таксама гучаць спевы і музыка, разгортваюцца тэатральныя сцэны, гледачы не адрасуюць артыстам гучных авацый – каб не парушыць трапяткую атмасферу ўзнёсласці, якая пануе ў зале.

Узнікла ж яна з першымі гукамі калядных песнапенняў у выкананні хору храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры. Кранальным было выступленне выхаванцаў нядзельнай школы прыхода: дзяўчынкі і хлопчыкі пераўвасобіліся ў пастухоў, анёлаў, вешчуноў, каб разыграць сцэну з’яўлення на свет маленькага Іісуса, данесці думку, што Гасподзь любіць нас усіх аднолькава, не зважаючы на статус і паходжанне. Адметна, што сярод артыстаў былі і зусім маленькія. “Адразу вырашылі, што будзем выхоўваць сваіх дзяўчынак з духу праваслаўных традыцый, і хоць яны пакуль яшчэ не ходзяць у звычайную школу, нядзельную наведваюць ужо не першы ход, і кожны тыдзень з нецярплівасцю чакаюць моманту, калі іх павядуць у храм”, – расказвае бабуля сястрычак Машы і Дашы Мялешкаў.

Сапраўдны мініспектакль з павучальным сюжэтам, адмысловымі касцюмамі і рэквізітам паказалі выхаванцы гуртка “Міласэрнасць” Ільюшынскай школы, распавёўшы аб тым, як важна рабіць у жыцці добрыя справы. Шчыра і пранікнёна гучалі са сцэны спевы маленькай зорачкі Лізы Пахолак, ну а дарослыя выканаўцы з ліку настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў як заўсёды ўразілі сваім прафесіяналізмам. Апошні твор “Ціхая ноч, дзіўная ноч” зал праспяваў разам з народным квартэтам “Натхненне”. Пасля заканчэння “Калядных сустрэч” усе ўдзельнікі мерапрыемства былі аднадушнымі ў сваіх узнёслых эмоцыях.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *