Универмаг на колёсах. Жителей отдалённых деревень Ушаччины кроме обычного автомагазина посещает и «автолавка» с промышленными товарами

Общество

Толькі той, хто жыве ў аддаленай вёсцы, можа па-сапраўднаму зразумець усе даброты аўталаўкі. Як дабрацца пажылому чалавеку да магазіна, каб купіць самае неабходнае? Прычым, гэта датычыцца не толькі хлеба, малака, іншых паўсядзённых прадуктаў, але і прамысловых тавараў, якія жыхары райцэнтра могуць набыць у некалькіх гандлёвых кропках або на рынку ў любы час. Наколькі карыснай аказалася ініцыятыва райспажыўтаварыства, наладзіўшага выязны гандаль прамысловымі таварамі ў населеных пунктах, якія абслугоўваюцца аўталаўкамі, давялося пабачыць на свае вочы.

Марозную цішыню звычайнага будзённага дня ў Старыне Вялікадолецкага сельсавета бліжэй пад абед узрушылі рэзкія гукі. Аўталаўкі едуць па вёсцы наўмысна няціха: вадзіцелі сігналяць, каб усе пачулі. У звыклым месцы іх ужо чакаюць пакупнікі, амаль усе – сталага ўзросту. “Сёння дзве! – прыглядаюцца з пад рукі аднавяскоўцы і клічуць пенсіянерку Антаніну Іванаўну Падворную. – Іванаўна, хадзі бліжэй, твой заказ прыбыў!”

Такая дасведчанасць – не дзіва, бо ў маленькіх вёсках нешматлікія жыхары заўсёды ў курсе спраў адзін аднаго. Таму тое, што сёння жанчыне павінны прывезці камбікорм, ведаюць усе. Даставіў яго ў вёску “экіпаж” у складзе прадаўца шостага разраду Раісы Васільеўны Пранік і вадзіцеля аўтабазы райспажыўтаварыства Дзмітрыя Корабава, якія з верасня мінулага года працуюць над забеспячэннем сельскіх жыхароў па заяўках і прамысловымі таварамі. Не спяшаюцца зараз пенсіянеры пакінуць палову пенсіі ў аўталаўцы, бо ведаюць, што раз у месяц прыйдзе да іх і аўтамабіль з “універмага”.

Знешне ён нічым не адрозніваецца ад звычайнай аўталаўкі, але калі многія падыходзячы да аўтамабіля з прадуктамі і просяць вадзіцеля Дзмітрыя  Кляшторнага  “Дзімачка, мне як заўсёды!”, то ва “ўнівермазе” на колах, не ўвесь тавар можна вылажыць на агляд. Вось і цікавяцца вяскоўцы, што новага можна набыць.

“Камбікорм свіны і курыны, вотруб’е, шкарпэткі, пасцельная бялізна, вёдры” – цярпліва пералічвае Раіса Васільеўна, якая з пакупнікамі гутарыць ужо як з добрымі знаёмымі. Аб бабуль жа толькі і чуеш: “Раечка, дзяўчынка мая”, што, пагадзіцеся, таксама ўказвае на цёплыя адносіны.

Набывалі ў Старыне ў гэты дзень шампуні і мыла, іншыя дробныя тавары накшталт нітак, а абяцаны мяшок камбікорму Дзмітрый Корабаў адвёз А.І.Падворнай на падворак.

Два мяшкі камбікорму купілі ў Лагах, у Мірным жа вяскоўцы набывалі брытвы, посуд, сродкі для мыцця посуду, бялізну, рабілі заказы на наступны раз – ад аўтаручак да бачкоў.

– Мабыць у горадзе цэны і ніжэйшыя, але адкажу так: дзеля невялікай эканоміі наўрад ці стоіць туды ехаць, – кажа адзін з пакупнікоў. – У большасці маіх аднавяскоўцаў гэта адніме шмат сіл і здароўя, а калі яшчэ дадаць і цану білета, якая туды-назад да райцэнтра будзе каштаваць тысяч 50, то і зусім няма сэнсу. Можна паехаць у Вялікія Дольцы, але гэта страчаны дзень. А тут “экспрэсс-дастаўка”, лічы што дамоў прывозяць, а калі што экстранна спатрэбіцца – папрашу і перададуць праз аўталаўку…..

Вёскі дальняга “маладолецкага круга” невялікія. У Храмёнках, напрыклад, было ўсяго тры пакупнікі, на чалавека больш – у Антунове. Ну а ў Пуцілкавічах, у параўнанні з вышэй названымі вёскамі, можна сказаць, было мнагалюдна.

– У тых населеных пунктах, з якіх пачыналі, былі ўжо па 5 разоў, – расказвае Р.В.Пранік, – І паспелі набыць пастаянных кліентаў, якія ацанілі выгоду пакупкі тавараў у нас. Напрыклад, жанчына з Пятніц кожны раз, калі неабходна было набыць мяшок камбікорму, наймала таксі і плаціла 125 тысяч рублёў толькі за дастаўку. Зараз жа яна ў нас ў “сябрах”, прывозім ёй па неабходнасці нават у тыя дні, калі і не павінны заязджаць. Накіроўваемся ў Шчарбёнкі, ну і завітаем у Пятніцы, крыху “адхіліўшыся” ад маршрута – кліентам трэба даражыць!

Паказала мне Раіса Васільеўна вялікія спісы нумароў тэлефонаў вяскоўцаў: “Гэта людзі, якія тэлефануюць нам, калі што трэба, многія звяртаюцца праз старэйшын”.

Бартавы УАЗ – не самы падыходзячы транспарт для перавозкі лістоў ДСП, але вадзіцель Дзмітрый Корабаў умудраецца размясціць іх у кузаве. Працаваць па папярэдніх заяўках зручна, бо пакупнікі ў асноўным аказваюцца людзьмі слова і амаль заўсёды набываюць заказаны тавар. Але гэта не значыць, што купляюць толькі пад заказ, прапанаваны тавар таксама разыходзіцца, бо Раіса Васільеўна ўмее падаць яго. Успамінаюць работнікі гандлю, што калі першы раз прыехалі ў вёску, дзе ўсяго адзін жылы дом, дык гаспадар купіў у іх тавараў амаль на мільён рублёў – упакоўку пральнага парашка, гумавыя боты, у апошні раз абяцалі завезці яму цвікі і тарку. У Зерчаніцах самі вымяралі памеры ложка, даўжыню агароджы і завезлі матрац і неабходную колькасць металічнай сеткі.

Вясковыя жыхары – універсальныя пакупнікі: попытам карыстаюцца як моднае лязо для галення “Gillette”, так і тавары, якія і 50 гадоў назад былі ў цане, напрыклад, – чыгункі. Іх за пару месяцаў прадалі больш сотні: самыя хадавыя – аб’ёмам ад 1,5 да 4 літраў. Тое ж датычыцца  каструль і наогул усяго посуду. Перад зімой многа прадалі ватных коўдраў ды і наогул ужо ведаюць, што карыстаецца попытам у насельніцтва. Калі ж якая-небудзь група тавараў заканчваецца, то папаўняюць асартымент у магазінах “Гаспадар”, “Родны кут”, “Будматэрыялы” і ў абутковым.

Трэба сказаць, што такі “маркетынгавы” ход райспажыўтаварыства дазваляе разгрузіць і паліцы магазінаў райцэнтра.

– У “Будматэрыялах” каля году стаяла водаэмульсійная фарба, – прыводзіць прыклад Раіса Васільеўна. – Мы ж яе рэалізавалі за пару месяцаў. Спачатку літровыя, а потым і большыя слоікі ў ход пайшлі. Навалачкі, насыпкі, лыжкі, вілкі, пральны парашок, зубная паста, шчоткі, бялізна, пластыкавыя ванны, тазы, бачкі ацынкованыя, халаты – усё, што рэалізоўвалі, нават і не ўспомніш, трэба запісы глядзець. На снежань быў даведзены план 37 мільёнаў, на студзень – 38, выконваем, напрыклад за кастрычнік нагандлявалі 44 мільёны рублёў. Як бачыце, па просьбах пакупнікоў можам прывесці не толькі будаўнічыя матэрыялы, але і бульбу, хаця яна не ўваходзіць у пералік прамысловых тавараў.

Пад вечар кузаў УАЗа амаль апусцеў – зусім не засталося камбікорму, вотруб’я, ацынкованых бачкоў. Затое спісак папярэдніх заказаў у Р.В.Пранік значна папоўніўся. На гэтым маршруце іх будуць чакаць на пачатку лютага, а да вызначанага тэрміну яны праедуць іншыя населеныя пункты раёна, наведаюць пастаянных кліентаў і прапануюць іншым вяскоўцаў шырокі пералік тавараў.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *