Всегда ли товар безопасен? Редакция газеты поучаствовала в мониторинге торговых точек, проводимом центром гигиены и эпидемиологии

Общество

“Усё свежае, бярыце, паспрабуйце. Мандарыны салодкія, каўбасы толькі сёння завезеныя, пірожныя смачныя…” Гэтыя рэплікі мы часта чуем на рынку, у магазінах, верым прадаўцам і бяром гэтае смачнае. А вось спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі не вераць на слова, а заўсёды дэталёва правяраюць. Прыходзяць яны ў гандлёвыя кропкі не толькі ў час запланаваных праверак, а і перыядычна праводзяць маніторынг выканання санітарных нормаў і правілаў. Нядаўна да маніторынгу некаторых гандлёвых кропак гарпасёлка далучыліся і мы.

У магазіне “Хлеб” райспажыўтаварыства сур’ёзных парушэнняў не было заўважана, за выключэннем таго, што на каўбасных вырабах не ўказваліся дата і час ускрыцця ўпакоўкі харчовай прадукцыі. Калі каўбасныя вырабы запакаваныя, іх тэрмін годнасці большы, калі ж упакоўка ўскрываецца, то і тэрмін адпаведна змяншаецца. Таму, згодна санітарных нормаў і правіл, і павінна адзначацца дата ўскрыцця. Варта адзначыць, што на гэтае парушэнне прадаўцу названага магазіна ўказана не першы раз.

Наступны “прыпынак” – павільён ПГУП “МалахПлюс” (індывідуальны прадпрымальнік Г.Малашчанка). Сярод садавіны адзінока ляжаў ужо чорны банан, які быў уцэнены і кошт на яго адрозніваўся ад свежых бананаў на некалькі тысяч рублёў. Былі тут і сапсаваныя грушы, ківі.

– Нельга прадаваць харчовыя прадукты з прыкметамі сапсаванасці, падгніўшыя, з парушэннямі цэласнасці лупіны пладоў, – каментуе сітуацыю памочнік урача­гігіеніста Ушацкага райЦГЭ Наталля Мікалаеўна Мароз, – аднак пры кожнай праверцы ці маніторынгу ўсё роўна знаходзіцца нешта сапсаванае.

Ніколі не абыходзіцца без парушэнняў гандлю на рынку. На гэты раз пад маніторынг трапілі месцы індывідуальных прадпрымальнікаў Т.І.Цвяцінскай і Н.В.Качан. Адразу кідаецца ў вочы недапушчальнае суседства харчовых тавараў: перад прылаўкам выстаўлена садавіна, агародніна, кандытарскія вырабы і селядцы ў пластмасавай тары (тэмпературны рэжым захоўвання якіх, дарэчы, не супадаў з вулічнай тэмпературай у гэты дзень). Вінаград, часнок і морква беларускай і польскай вытворчасці прадаваліся без дакументаў, якія пацвярджаюць іх якасць і бяспеку. Кандытарскія вырабы прадаюцца таксама з парушэннямі: ускрытая ўпакоўка пячэння не накрываецца харчовай плёнкай, для пэўных відаў “кандытаркі” неабходны зусім не вулічны тэмпературны рэжым захоўвання. Як прыклад – расфасаваныя пірожныя з начынкай – унутры пакеціка кандэнсат і няма ніякага маркіровачнага ярлыка, які б сведчыў аб свежасці і прыгоднасці ўжывання ў ежу, а хтосьці купіць такі ласунак, каб пачаставаць дзіця… Дарэчы, поўнасцю супрацьлеглую сітуацыю менавіта з кандытарскімі вырабамі нам удалося ўбачыць у магазіне ПТУП “Славянушка” (індывідуальны прадпрымальнік Л.Алабіна). Тут не заўважана ніводнага парушэння пры рэалізацыі харчовай прадукцыі.

У гандлёвым павільёне індывідуальнага прадпрымальніка М.Саўлук без маркіровачнага ярлыка прадаваліся некаторыя мясныя паўфабрыкаты, а таксама не ўказвалася дата ўскрыцця ўпакоўкі мясной прадукцыі.

Не абмінулі мы ўвагай папулярную ў апошні час ва ўшачан “Мясную лаўку”. Усім патрабаванням адпавядала тут рэалізацыя каўбасных вырабаў і непасрэдна мяса, а вось таварнае суседства не выконвалася, у прыватнасці, яйкі захоўваліся разам з малочнымі прадуктамі.

Не было заўваг да рэалізацыі тавараў у магазіне “Цэнтральны”.

– У нас усё свежае, тарты сённяшнія, пірожныя доўга не залежваюцца, салаты хутка разыходзяцца! – пачулі мы ад прадаўцоў у “Кулінарыі”. Наконт пералічанага ў спецыялістаў цэнтра гігіены і эпідэміялогіі пытанняў сапраўды не ўзнікла, а вось адзін пакет смятаны лепельскай вытворчасці ўсё ж знайшоўся з ужо сышоўшым тэрмінам годнасці.

Аб тым, што рэалізацыя тавараў з сышоўшым тэрмінам годнасці забаронена, ведае кожны прадавец і кожны пакупнік, але такія факты перыядычна маюць месца, нягледзячы на штрафы, – гаворыць Н.Н.Мароз. – Бывае прадаўцы не звернуць увагу на тэрмін, а пакупнік часта ў спешцы і не правярае, што купляе.

Гэта не першы і далёка не апошні маніторынг гандлёвых кропак спецыялістаў цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *