Во время «Недели леса-2015» на Ушаччине садили новые деревья и очищали от мусора лес

Общество

“Гадоў праз 80 прыедзеце, Віктар Віктаравіч, сюды і вось гэтыя дрэўцы будуць такімі ж вялікімі”, – гаварыў на дзялянцы за Гутай намеснік дырэктара Ушацкага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Паўлавіч Рудасаў, дэманструючы старшыні райвыканкама В.В.Родзічу двухгадовыя саджанцы сасны на фоне магутных амаль векавых дрэў. Тут у мінулую пятніцу ў рамках мерапрыемстваў штогадовага “Тыдня лесу” ў стварэнні энергетычнай плантацыі па методыцы прафесара С.С.Штукіна прыняў удзел і кіраўнік раёна.

Як высветлілася, сучасная мудрагелістая назва не ўтойвала нейкіх патрабуючых спецыяльнай падрыхтоўкі і акадэмічных ведаў звышзадач, а ўяўляла сабой звычайную пасадку лесу – праўда, неаднароднага па складзе – 8 радоў сасны чаргуюцца з двума радамі бярозы. У будучым, калі лісцевыя дрэвы падрастуць і пачнуць зацяняць хвойныя, іх пусцяць на шчапу – таму і называецца плантацыя “энергетычнай”. Сасна ж прадоўжыць рост, а выкарыстоўваць яе ў якасці спелай драўніны будуць ужо новыя пакаленні лесаводаў.

Методыкі пасадкі лесу распрацоўваюцца новыя, а вось штосьці больш дасканалае, чым вынайдзены яшчэ ў XIX стагоддзі меч Колесава, для гэтай справы не прыдумалі па сённяшні дзень. “Гэта мабыць адзіны від “зброі”, які не разбурае, а стварае!” – жартавалі працаўнікі Ушацкага лясніцтва, побач з якімі пасля кароткага інструктажу старшыня райвыканкама разам з дырэктарам лясгаса Міхаілам Мікалаевічам Лёлям, узброіўшыся няхітрым, але правераным часам інструментам, прыступілі да пасадкі саджанцаў.

Кожны год у рамках “Тыдня лесу” стварэннем лясных культур займаюцца на тэрыторыях усіх лясніцтваў, для чаго загадзя нарыхтоўваецца пасадачны матэрыял. Саджанцы маюць “родныя карані”, бо выгадавалі іх ва ўласным пітомніку. Акрамя таго, пры правядзенні акцыі працаўнікі лесу і іх памочнікі заўсёды выконваюць вялікі аб’ём іншых работ. Сёлета з 28 сакавіка па 4 красавіка ў Вялікадолецкім лясніцтве рыхтавалі пасяўное аддзяленне лесапітомніка, у Глыбачанскім, Плінскім, Касарскім, Кубліцкім і Сарочынскім на агульнай плошчы 11,5 гектара ачышчалі лес ад захламленасці і ўбіралі бытавое смецце ў масівах, прылягаючых да буйных аўтадарог. У апошнім лясніцтве таксама выкананы работы па дапаўненні лясных культур на плошчы ў адзін гектар, а ва Ушацкім займаліся навядзеннем парадку і ў зоне адпачынку ля возера Вечалле.

“Тыдзень лесу­2015” прысвечаны 70­-годдзю Перамогі савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, падтрымцы мерапрыемстваў аб’яўленага ў краіне Года моладзі. І хаця афіцыйныя тэрміны правядзення акцыі ўжо скончыліся, некаторыя мерапрыемствы запланаваны і на гэтым тыдні, бо на мінулым не ўсе жадаючыя змаглі прыняць удзел у справе захавання і зберажэння лясоў. У панядзелак, напрыклад, садзілі лес члены раённага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, далучыцца да ўказаных мерапрыемстваў планавалі таксама школьнікі, актывісты БРСМ і грамадскасці. Працаўнікі лясной гаспадаркі толькі рады такой ініцыятыве, а ўсіх добраахвотных памочнікаў забяспечаць транспартам, неабходным інвентаром, створаць умовы для бяспечнай, а галоўнае – самай мірнай, высакароднай справы.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *