Ушачские волейболисты отлично выступили на открытом чемпионате в Лепеле

Cпорт

Амаль тры тыдні праходзіў у Лепелі адкрыты чэмпіянат па валейболе сярод мужчынскіх і жаночых каманд прадпрыемстваў, арганізацый і навучальных устаноў.

Па даўняй традыцыі туды запрасілі і ўшацкую мужчынскую і жаночую зборныя. З кожным годам усё складаней выстаўляць на падобныя турніры валейбольныя каманды, бо гэты некалі самы папулярны ў раёне від спорту ў нас пакрыху адмірае. Канечне, хацелася б мець падтрымку з боку нашага аддзела адукацыі, спорту і турызму, аднак пакуль такія выезды трымаюцца на энтузіязме саміх валейбалістаў. У гэты раз малады і перспектыўны ігрок Андрэй Казьянін сумеў сабраць баяздольную мужчынскую каманду. Гэта Васіль Раманоўскі, Аляксей Жыткоў, Артур Гугін, Яўген Ярмош, Аляксандр Сакалоў, Эдуард Сісковіч. Хлопцы проста малайцы! З вялікім адрывам яны абыгралі ўсе восем каманд лепельчан і занялі першае месца.

Мне ж удалося сабраць жаночую каманду, у якую ўвайшлі Таццяна Хрыпель, Антаніна Крывапушчанка, Валерыя Карэйша, Вікторыя Камінская, Сняжана Гутманіс, Святлана Кладніцкая і аўтар гэтых радкоў. Ва ўпартай барацьбе мы занялі другое месца.

Хочацца сказаць вялікі дзякуй нашым валейбалістам за тое, што яны сябруюць са спортам, сваім прыкладам прыцягваюць да гэтай гульні моладзь. Асобна хочацца адзначыць нашых ветэранаў валейбола – Васіля Раманоўскага, Таццяну Хрыпель, Антаніну Крывапушчанка. Нізкі вам паклон і моцнага здароўя.

Калі падчас узнагароджання гучаў гімн і прыз атрымлівала ўшацкая каманда, я ганарылася за наш маленькі і такі багаты на таленавітых людзей раён. І вельмі хацелася, каб і ў нас праводзіліся такія спаборніцтвы, як гэта было раней. Бо ў кожнай арганізацыі ёсць людзі, адданыя валейболу.

Г.ІГНАТОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *