Председатель Витебского облисполкома Н.Шерстнёв встретился с представителями СМИ региона, а также вручил награды представителям некоторых коллективов

Общество

На мінулым тыдні старшыня Віцебскага аблвыканкама М.М.Шарстнёў сустрэўся з кіраўнікамі сродкаў масавай інфармацыі вобласці з нагоды прафесійных свят Дня друку, Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі, уручыў узнагароды лаўрэатам абласнога творчага конкурсу друкаваных СМІ на прэмію Ф.Скарыны і электронных – на прэмію “Віцязь”, Ганаровыя граматы Віцебскага аблвыканкама кіраўнікам калектываў абласных філіялаў РУП “Белтэлекам”, “Белпошта”, “Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр”, “Віцебскаблсаюздрук”.

Вядома ж, прадстаўнікі СМІ скарысталіся сустрэчай, каб задаць губернатару цікавячыя жыхароў вобласці пытанні, на кожнае з якіх Мікалай Мікалаевіч даў грунтоўныя шчырыя адказы. У прыватнасці, ён агучыў асноўныя прыярытэты сваёй дзейнасці на пасту кіраўніка рэгіёна. “Грамадзяне любой краіны задумваюцца аб правільнасці абранага кіраўніцтвам дзяржавы вектара развіцця. І калі некалькі год таму нашых суайчыннікаў найбольш хвалявалі пытанні, звязаныя з пэўнымі сацыяльна­бытавымі праблемамі, то зараз галоўнай каштоўнасцю беларускіх рэалій людзі лічаць мір і спакой”, – зазначыў губернатар і падкрэсліў, што захаванне такой сітуацыі, паляпшэнне ўзроўню жыцця насельніцтва, пераадольванне негатыўных з’яў, якія маюцца ў рэгіёне, – асноўныя задачы яго дзейнасці. “Хачу, каб Віцебская вобласць, нягледзячы на неспрыяльныя кліматычныя ўмовы, стала лепшай у краіне. А для гэтага трэба вызначыць аптымальную для нас вытворчую базу і менавіта на ёй сканцэнтраваць асноўныя сродкі і намаганні”, – адзначыў кіраўнік рэгіёна. На яго думку, найбольшы рэзерв для эканамічнага развіцця Віцебшчыны захаваны ў аграпрамысловым сектары, дзе аб’ём вытворчасці можна павялічыць нават удвая. І зрабіць гэта перашкаджаюць найперш не прыродныя, а суб’ектыўныя фактары. Зараз у нашай вобласці выхад кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы амаль у два разы меншы, чым, скажам, на Гродзеншчыне, а агульнае пагалоўе складае ўсяго каля 500 тысяч, тады як дзесяцігоддзе таму было каля 1000. У вобласці няма ніводнага сучаснага свінакомплексу! Вядома ж, мы не зможам падняць жывёлагадоўлю, не падцягнуўшы раслінаводства, а таму сёлетняя пасяўная мае для рэгіёна стратэгічнае значэнне. Нягледзячы на тое, што праходзіць яна ў складаных умовах, нам удаецца захаваць на ўзроўні мінулага года пасяўныя плошчы зерневых культур, кукурузы і льну, а пад аднагадовымі і шматгадовымі травамі яны нават павялічыліся ў агульнай колькасці на 100 тысяч гектараў. Экстрэмальная сітуацыя склалася сёлета з рапсам, азімыя пасевы якога ледзь не цалкам загінулі. Тым не менш наша вобласць ударна адсеяла яравы рапс, і разам з уцалеўшым азімым на цяперашні момант плошчы пад гэтай культурай складаюць 80 тысяч гектараў – гэта 40 працэнтаў ад агульных засеяных у краіне рапсам 200 тысяч гектараў. У немалой ступені неблагім вынікам сяўбы спрыяла атрыманне гаспадаркамі вобласці па ініцыятыве губернатара 600 адзінак новай тэхнікі. Пры ўсіх недахопах нельга не заўважыць станоўчых зрухаў у сельгасвытворчасці рэгіёна. Пацвярджаюць гэта і словы Прэзідэнта краіны, які падчас нядаўняй паездкі ў Оршу зазначыў, што палі Віцебшчыны сталі зусім іншымі – акультуранымі, прыгожымі.

Канечне, акцэнт на развіцці сельскай гаспадаркі не павінен адцягнуць увагу ад прамысловасці, якая перажывае няпростыя часы, бо значна залежыць ад знешніх фактараў. Губернатар лічыць, што нарошчваць аб’ёмы вытворчасці без рэальнай перспектывы рэалізацыі прадукцыі немэтазгодна, і Віцебшчына можа занесці ў свой актыў самыя нізкія па краіне складскія запасы прамысловай прадукцыі. Яшчэ адна стратэгічная лінія – працяг мадэрнізацыі прадпрыемстваў, аднак з вельмі ўзважаным падыходам да выбару будучых яе аб’ектаў, выратаванне будаўнічай галіны, развіццё турызму, асабліва ў неспрыяльных для сельскай гаспадаркі раёнах.

Былі ў журналістаў да кіраўніка вобласці і больш прыватныя пытанні. Напрыклад, наколькі гэта адказна – быць сынам вядомага ў краіне чалавека (бацька губернатара механізатар Мікалай Яфрэмавіч Шарстнёў – Герой Сацыялістычнай Працы, уладальнік 4 залатых медалёў ВДНГ). “Калі мы былі дзецьмі, тату амаль не бачылі: у той час людзі на сяле працавалі суткамі і не лічылі гэта чымсьці адметным, – расказаў Мікалай Мікалаевіч. – Бацька для мяне быў самым вялікім аўтарытэтам, і калі я прыйшоў працаваць у родную гаспадарку, спачатку моцна перажываў за кожную дробязь, баяўся не адпавядаць яго ўзроўню. Але з цягам часу зразумеў: браць на сябе варта тое, што па сілах”. Ну а на традыцыйнае пытанне пра захапленні губернатар адказаў, што пры ўсёй колькасці спраў імкнецца вылучыць час для заняткаў спортам – хай гэта будзе нават 5 гадзін раніцы ці 11 вечара.

Скончыўшы прэс­канферэнцыю, кіраўнік рэгіёна перайшоў да прыемнай працэдуры ўзнагароджання, якая не абышлася без удзелу ўшачан. За дасягненне высокіх паказчыкаў у працы і развіцці прадпрыемства Ганаровыя граматы аблвыканкама з рук губернатара атрымалі начальнік Ушацкага раённага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” Аляксандр Уладзіміравіч Шакута і калектыў Ушацкага цэха ультрахвалевых радыёстанцый Віцебскага абласнога вузла радыёвяшчання і тэлебачання філіяла РУП “Беларускі радыётэлевізійны перадаючы цэнтр” (дырэктар – Віктар Мікалаевіч Рабіза). Не засталіся без узнагароды і ўшацкія журналісты: галоўны рэдактар раённай газеты “Патрыёт” Вольга Васільеўна Караленка адзначана Граматай Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *