На Ушаччине участились кражи с дач. Хроника происшествий в Ушачском районе

Закон - один для всех

Дратаваць – не будаваць

Непрыемны сюрпрыз чакаў жыхарку сталіцы на яе дачы ў вёсцы Старына Ушацкага раёна – сляды пранікнення зламысніка. Прычым, заўважыла іх грамадзянка здалёк: дом пазбавіўся шыферу, брусоў і іншых канструкцыйных элементаў. Агульны ўрон, нанесены пацярпелай, склаў 5,5 мільёна рублёў. Супрацоўнікамі крымінальнага вышуку райаддзела міліцыі ўстаноўлена асоба “разборшчыка” – ім аказаўся беспрацоўны, раней не судзімы вялікадальчанін 1963 года нараджэння. Мужчыну пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

Абчысцілі гараж

Яшчэ ў лютым бягучага года “гаспадарлівыя” зламыснікі прабраліся ў гараж жыхаркі Ільюшына, адкуль вынеслі бензапілу, набор гаечных ключоў, шрупавёрт і іншую маёмасць на агульную суму 2,1 мільёна. Аднак застацца “ў цені” траім мясцовым жыхарам 1995­-1996 гадоў нараджэння не ўдалося – на іх след выйшлі праваахоўнікі. Частка незаконна здабытага скарбу вернута ўладальніцы, а ў адносінах выкрадальнікаў узбуджана крымінальная справа.

Няўдзячны кватарант

Беспрацоўны жыхар вёскі Оснава 1957 года нараджэння знайшоў на зіму “халтуру” ў гарпасёлку. Вырашыць кватэрнае пытанне дапамог знаёмы, які пусціў мужчыну на часовы “пастой”. Вось толькі такая гасціннасць гаспадара дорага яму каштавала: у сакавіку кватарант непрыкметна прысвоіў электрадрыль ушачаніна коштам 650 тысяч рублёў. Дзякуючы нядрэнным прадпрымальніцкім якасцям і нізкаму кошту прапанаванага ім тавару – за алкаголь, злодзей з лёгкасцю збыў прыбор на рынку. Аднак вынік “аперацыі” выкрадальніка не парадаваў: у адносінах яго ўзбуджана крымінальная справа.

Пікнік не ўдаўся

Беспрацоўны жыхар вёскі Павулле 1961 года нараджэння задаволіў сваю крымінальную цікавасць амаль на суседнім двары. Падабраўшы ключ да дзвярэй дачнага дома жыхаркі Наваполацка, мужчына пранік у памяшканне, адкуль вынес маёмасці на суму 460 тысяч рублёў: металічныя шампуры, кавалак сала, сякеру – магчыма, запланаваў пікнік. Прыхапіў і туалетнае вядро – відаць, для поўнага “зацыклівання” працэсу. Аднак ідылічным планам не было суджана збыцца: пошук злодзея, які абрабаваў дачу, складаным рэбусам для супрацоўнікаў крымінальнага вышуку не стаў.

“П’яныя” ралі

Атрыманы дагэтуль штраф за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, відаць, не надта напужаў жыхара райцэнтра, індывідуальнага прадпрымальніка 1988 года нараджэння – на працягу года ён зноў сеў за руль падшафэ. За такія “п’яныя” ралі ў адносінах гора­аўтамабіліста ўзбуджана крымінальная справа, яму пагражае да шасці месяцаў арышту. Транспартны сродак канфіскаваны.

Увайшлі праз акно

Невядомы злодзей праз акно пранік у дачны дом жыхара Полацка ў вёсцы Лозы, дзе пажывіўся рэчамі на суму 1 мільён рублёў. Яго “ўловам” сталі алюмініевая біклага, посуд, падушкі і іншае. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.

* * *

Такі ж шлях да запаветнага скарбу – праз аконны праём – выбраў і зламыснік, які прашарсціў нядаўна дачу ўшачанкі ў вёсцы Заазер’е Вялікадолецкага сельсавета. Дадому несумленны чалавек вярнуўся з веласіпедам, слоікам тушонкі, мёдам і іншай маёмасцю на суму 1 мільён 160 тысяч рублёў.

Удала “пагасціў”

Пакуль жыхарка гарпасёлка гасціла ў сваіх родных, яе дом таксама не пуставаў. Аб пранікненні сюды злодзеяў праваахоўнікам паведаміла нявестка жанчыны, якая ўбачыла зламаныя дзверы ў будынак. У выніку крадзяжу гаспадыня пазбавілася вадзяной помпы са шлангамі, тэлевізара “Віцязь”, прадуктаў харчавання і іншых рэчаў на суму 2,4 мільёна рублёў. Праваахоўнікі шукаюць “госця”.

Рэчы “сэканд-­хэнд”

У райаддзел міліцыі паступіла заява аб знікненні з гардэроба Ушацкай школы вучнёўскага адзення – курткі, кашулі, чаравікаў… У ходзе праверкі высветлілася, што такім незаконным чынам вырашыла прыбарахліцца навучэнка ўстановы 1999 года нараджэння. Факт злачынства зафіксаваны камерамі відэаназірання, устаноўленымі ў памяшканні. У адносінах дзяўчыны ўзбуджана крымінальная справа.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *