Поработали, чтобы было где отдохнуть. Во время областного субботника в разных уголках Ушаччины кипела работа

Общество

Не толькі на працоўных месцах, але і ў самых розных куточках раёна кіпела напружаная работа падчас правядзення абласнога суботніка. Ну а паколькі праходзіў ён напачатку чэрвеня, сярод аб’ектаў, дзе праводзілася добраўпарадкаванне, былі дзеючыя і будучыя зоны адпачынку. Так, на пляжы возера Чаравэчча камунальнікі вялі работы па абсталяванні стаянкі для транспарту. Дзве новыя альтанкі былі ўстаноўлены ля саджалкі на вуліцы Камсамольскай у райцэнтры: з-за блізкасці электралініі задзейнічаць тэхніку было немагчыма, таму работа праводзілася ўручную: паўтара дзясятка моцных мужчын з брыгады вытворчай базы УП ЖКГ пад кіраўніцтвам галоўнага механіка Мікалая Мікалаевіча Казачонка хутка справіліся з задачай. Неўзабаве ў альтанках будуць устаноўлены лавачкі, вакол саджалкі вырасце газонная трава і, несумненна, гэтае месца будзе карыстацца папулярнасцю ў жыхароў райцэнтра. Такія ж планы маюцца і ў адносінах вадаёмаў на Калінінскай, добраўпарадкаваннем якіх падчас суботніка займаўся “зводны атрад” работнікаў райвыканкама, ЦРБ і УП ЖКГ. Прадстаўнікі райпаліўзбыта і райспажыўтаварыства выразалі кустоўе на ўчастку паміж аўтабазай і ДЭУ-37, актывісты райкама БРСМ, работнікі сацыяльнай службы, прамкамбіната дапамагалі камунальнікам наводзіць парадак на цэнтральных, ваўчэнскіх і льнозаводскіх могілках. Ля Ушацкай школы ў гэты дзень з’явіўся прыгожы жалезны масток, гаспадарчая група аддзела адукацыі, спорту і турызму рамантавала і акультурвала ўваход у будынак былога ВВК, а ля лядовага катка з самай раніцы працавала тэхніка дарожнікаў і камунальнікаў, знімаючы верхні слой грунту, з-за якога немагчыма заліць лёд з роўнай паверхняй – ход гэтых работ кантраляваў асабіста кіраўнік раёна. Ну і, вядома ж, кожнае прадпрыемства наводзіла парадак на сваёй тэрыторыі. Так, ля будынка пошты ў райцэнтры шчыравалі электрамеханік І.Ф.Антопуш і начальнік участка Г.І.Свідзінская, якія заўсёды вылучаюць час, каб падтрымліваць парадак на тэрыторыі, а Галіна Іванаўна нават па вечарах прыходзіць на работу, каб даглядаць кветнікі.

Шмат чаго было зроблена ў гэты дзень і па-за райцэнтрам. Выконваючы пратакол даручэнняў, прыняты па пытанні навядзення парадку ў аграгарадку Вяркуды, які стане сёлета цэнтрам раённых “Дажынак”, прадстаўнікі амаль дзясятка арганізацый правялі вялікую работу па добраўпарадкаванні гэтага населенага пункта.

Няпросты ўчастак дастаўся работнікам Ушацкага лясніцтва, “Белаграпрамбанка” і “Белдзяржстраха” – яны займаліся санітарнай ачысткай тэрыторыі ля цэнтральнага ўезду ў санаторый “Лясныя азёры”. Нават на смуглых ад загару тварах звыклых да работы леснікоў чыталася стома, ну а пра тое, як было няпроста жанчынам – і казаць залішне. “Назвы нашых дзвюх арганізацый пачынаюцца з “Бел” – хіба ж мы можам працаваць напаўсілы?” – заўважыла начальнік раённага аддзела па аказанні страхавых паслуг Тамара Васільеўна Зімніцкая. А распачалі яны ў гэты дзень годную справу: па словах дырэктара здраўніцы І.А.Шыяна, на месцы былых неахайных зараснікаў плануецца стварыць зону адпачынку з вадаёмам, пабудаваць катэджы для адпачываючых.

Рамонтам агароджы, скошваннем травы займаліся падчас суботніка ў Вялікіх Дольцах, Царкавішчы, Мірным, Весніцку працаўнікі УП ЖКГ, прамкамбіната, лясніцтваў. Апошнія таксама распачалі работы па добраўпарадкаванні культавага месца Ушаччыны – крыніцы ў Стайкаўскім бары.

Літаральна не пазнала тэрыторыю ля знакамітых Баркоўшчынскіх крыніц намеснік старшыні райвыканкама Н.М.Марковіч. Калі яна прыязджала сюды дзень таму, мясцовасць засмучала сваёй запушчанасцю, ну а апоўдні суботы тут ужо была праведзена гіганцкая работа: абкошана ўсё наваколле, вычышчана ад імху і травы плітка, прыведзены ў парадак рэзервуар для сцёку крынічнай вады, падрамантаваны і пафарбаваны альтанкі, а пляж вабіў адпачываючых толькі прывезеным на бераг пясочкам і выкашаным ад водарасцяў уваходам у ваду – так і захацелася прыехаць сюды з сям’ёй і распачаць купальны сезон! Над добраўпарадкаваннем гэтага знакавага для раёна аб’екта працавалі работнікі санаторыя “Лясныя азёры”, ДРБУ-105, ільюшынскага ўчастка УП ЖКГ, а таксама мясцовага сельгаспрадпрыемства. І нават не аб’ём выкананага ўразіў найбольш, а ўзнёслы настрой, сапраўдны энтузіязм і поўная аддача, з якімі працавалі тут людзі. Нездарма літаральна ўмомант апусцела прывезеная дырэктарам ААТ “Ільюшынскі” Сяргеем Анатольевічам Халімоненкам вялікая каструля з клёцкамі – такі смачны абед прыгатавалі для ўдзельнікаў суботніка павары мясцовай сталовай.

– Мы наводзім тут прыгажосць для сябе, сваіх дзяцей і ўнукаў, – агучыла агульную думку Таццяна Барысаўна Бондарава, якая адказвае ў сельгаспрадпрыемстве за ідэалагічную работу. – Ну і, канечне, хочацца, каб краявіды нашай цудоўнай Ушаччыны выклікалі ў гасцей раёна жаданне вярнуцца сюды яшчэ неаднойчы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Частка заробленых на абласным суботніку сродкаў будзе накіравана на рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Прарыў” ва Ушацкім раёне, будаўніцтва Дома міласэрнасці ў аграгарадку Бычыха Гарадоцкага раёна, правядзенне “Славянскага базару ў Віцебску”.

Яшчэ частка сродкаў  пойдзе на рамонт, рэканструкцыю дзіцячых садоў, школ, іншых сацыяльных аб’ектаў, добраўпарадкаванне населеных пунктаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *