Пикник в лесу откладывается. В Ушачском районе действует запрет на посещение лесов

Общество Экология

Жадаючым адправіцца ў лес на пікнік ці прагулку і тым, хто любіць збіраць ягады і грыбы, давядзецца змяніць свае планы. У раёне па­ранейшаму з­за высокага класу пажарнай небяспекі дзейнічае забарона на наведванне лясоў.

Кароткая вясна, адсутнасць паводкі, падзенне ўзроўню вады ў многіх рэках, рэдкія дажджы стварылі пажаранебяспечную сітуацыю нават пры адсутнасці спякотнага надвор’я. З пачатку адпаведнага сезона ў краіне адбылося ўжо 384 лясныя пажары на агульнай плошчы 1872,87 гектара! Самая сур’ёзная сітуацыя склалася ў Гомельскай вобласці, дзе зарэгістравана 160 узгаранняў, агнём пашкоджана больш за 1420 гектараў лесу. У Віцебскай вобласці адбылося 11 узгаранняў, гарэла больш 25 гектараў. З 18 чэрвеня ва ўсіх раёнах Віцебшчыны ўведзена забарона на наведванне лясоў. Прайшоўшыя дажджы мелі лакальны характар і там, дзе яны былі, колькасць ападкаў, як гаворыцца, толькі прыбіла пыл. Пагроза лясных пажараў застаецца.

З пачаткам небяспечнага перыяду работнікі лясгаса і аддзела па надзвычайных сітуацыях працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, пастаянна праходзяць рэйдавыя мерапрыемствы ў лясным фондзе, у тым ліку асабліва небяспечных участках, зонах адпачынку. Да аднаго з такіх рэйдаў далучыліся і мы, каб паглядзець, наколькі дысцыплінаванымі ў гэтым плане з’яўляюцца ўшачане, ці ёсць парушальнікі дзеючай забароны на наведванне лясоў.

Вечар будняга дня. Здавалася б, у такі час усе спяшаюцца з працы дадому і ў лесе ўбачыць яўна нікога не ўдасца. Аб’езд некалькіх асноўных лясных зон, дзе любяць бываць ушачане, гэтае меркаванне пацвердзіў. Нават падумалася, што нашы грамадзяне сумленна выконваюць закон, аднак парушальнікі ўсё ж знайшліся. У лесе паміж Гутай і Ільюшынам за папераджальным шлагбаумам прагульваліся тры маладыя сяброўкі.

– Так, мы ведаем пра забарону, але ж мы нічога дрэннага не робім, вогнішча не распальваем. Прабачце, мы больш не пойдзем, – вінавата адказалі дзяўчаты, атрымаўшы на першы раз папярэджанне.

Непадалёк на яшчэ адным з’ездзе ў лес хтосьці самастойна адкрыў апушчаны шлагбаум, а лясная дарога прывяла нас да берага возера Должыца, дзе напамінам аб тым, што тут бавілі час людзі, былі вугольчыкі ад вогнішча, разведзенага, па ўсім бачна, ужо ў перыяд забароны. З супрацьлеглага боку Должыцы даносіліся галасы адпачываючай там моладзі. А ў выхадныя супрацоўнікі лясгаса на беразе гэтага ж ляснога возера склалі пратакол на грамадзяніна з Мінска, які прывёз сюды на адпачынак групу непаўналетніх дзяцей, разбіўшы цэлы палатачны гарадок!

Для тых, хто ігнаруе ўстаноўленыя правілы, нагадаем, што за парушэнне забароны на наведванне лясоў або патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах ці на тарфяніках, якое не пацягнула нанясенне ўрону, прадугледжана папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 25 базавых велічынь. Парушэнне ж пажарнай бяспекі ў лясах, у выніку чаго быў знішчаны ці пашкоджаны лес, цягне за сабой накладанне штрафу ў памеры ад 25 да 50 базавых велічынь (артыкул 15.29 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях). А вось за раскладванне вогнішча ў забароненых месцах можна атрымаць не толькі папярэджанне, а і штраф да 12 базавых велічынь (артыкул 15.58). Прычым, няведанне закона (а менавіта на гэта спасылаюцца многія парушальнікі) не вызваліць вас ад адказнасці.

Знаходзіцца ў лясных масівах можна толькі там, дзе ёсць спецыяльна абсталяваныя месцы адпачынку, стаянкі. Развядзенне вогнішчаў дазваляецца толькі ў мангалах ці спецыяльных (абкладзеных камянямі або ўзвораных) месцах. Пакідаючы зону адпачынку, абавязкова затушыце вогнішча вадой ці засыпце зямлёй, не пакідайце пасля сябе запалкі, акуркі, пустыя шклянкі і бутэлькі, разбітае шкло. Нельга заязджаць на ўсе лясныя дарогі (за выключэннем дарог агульнага карыстання праз лясы) і самастойна адкрываць апушчаныя шлагбаумы на з’ездах.

Калі ж вы думаеце, што адправіўшыся ў лес, вы застаняцеся незаўважанымі, то і тут хочацца развеяць вашу ўпэўненасць. Для назірання за лясамі лясгас сёлета пачаў выкарыстоўваць новыя тэхналогіі.

– У Сарочынскім, Вялікадолецкім, Глыбачанскім лясніцтвах і непасрэдна ў лясгасе ва Ушачах на вышках мы ўстанавілі спецыяльныя камеры відэаназірання, зона пакрыцця якіх больш 10 кіламетраў, а сачыць за абстаноўкай можна з камп’ютара. Акрамя гэтага, у нашым арсенале цяпер і прыборы фотавідэафіксацыі – так званыя фоталавушкі. Яны ўстаноўлены ў лясах кожнага лясніцтва і фіксуюць парушальнікаў, у тым ліку і тых, хто засмечвае лясныя масівы. Яны непрыкметныя – убачыць прылады звычайнаму чалавеку складана. Мы перыядычна здымаем даныя з фоталавушак: калі там нехта “засвяціўся”, то ёсць усе падставы для складання пратакола, – расказвае інжынер па ахове і абароне лесу ДЛГУ “Ушацкі лясгас” Максім Мікалаевіч Коршун.

Па меркаванні сіноптыкаў, пажаранебяспечнае і сухое надвор’е, характэрнае для лета 2015 года, усталёўваецца ў Беларусі прыкладна раз у 20­25 гадоў, па прагнозах ступень небяспекі будзе павышацца. Таму ўсім нам варта не ігнараваць забарону і адкласці наведванне лясоў на пазнейшы час.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *