Азбука безопасности: чтобы электрический ток не стал причиной травм

Общество

У адзін з апошніх дзён чэрвеня вадзіцель фермерскай гаспадаркі Жыткавіцкага раёна ў час мыйкі самазвала ў ахоўнай зоне высакавольтнай лініі 10 кВ трапіў пад электрычнае напружанне. І хаця падняты кузаў МАЗа да правадоў не датыкнуўся, менавіта ўздзеянне электрычнага току стала прычынай таго, што мужчына заваліўся і атрымаў цяжкую траўму галавы.

Выпадкі, калі працаўнікі сельскагаспадарчых арганізацый траўміруюцца электрычным токам, рэгіструюцца кожны год, на розных відах работ. Так, напрыклад, летась у вільготнае надвор’е памочнік камбайнера, стоячы на бункеры, не заўважыў, як камбайн пад’ехаў пад лінію электраперадачы, і атрымаў смяротны ўдар электрычным токам. Зрэшты, як бачна з няшчаснага выпадку ў Жыткавіцкім раёне, небяспеку тоіць нават не непасрэдны кантакт з правадамі высакавольтных ліній, а і набліжэнне да іх – на металічных карпусах машын і механізмаў у выніку электрамагнітнай і электрастатычнай індукцыі могуць з’яўляцца небяспечныя электрычныя патэнцыялы.

Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў пры працы ў ахоўных зонах ліній электраперадачы, арганізатарам работ трэба рэгулярна праводзіць інструктажы, абучаць механізатараў прыёмам вызвалення пацярпелых ад электрычнага току і аказання першай дапамогі, распрацаваць бяспечныя маршруты пераездаў буйнагабарытнай тэхнікі пад лініямі электраперадач магутнасцю 10 кВ і вышэй. Пры рабоце сельскагаспадарчых машын у ахоўных зонах паветраных ліній абслугоўваючаму персаналу забараняецца знаходзіцца па-за кабінай, выконваць рамонтна-прафілактычныя работы, спыняць машыны і запраўляць іх палівам. Нельга выкарыстоўваць буйнагабарытную тэхніку пад правадамі на ўчастках, якія маюць няроўны рэльеф, транспартаваць стагі саломы, сена і іншыя падобныя грузы. У час навальніцы або пры яе набліжэнні ні ў якім разе нельга выязджаць пад паветраныя лініі. Забараняецца працаваць у пралётах з абарванымі правадамі, а таксама набліжацца да апор, якія маюць звісаючыя правады, да ляжачых на зямлі правадоў і заваленых на паветраныя лініі дрэў на адлегласць бліжэй 8 метраў.

Рух сельскагаспадарчых машын рэкамендуецца ажыццяўляць папярок восі паветраных ліній, праезд па палявых дарогах і сельскагаспадарчых угоддзях – паблізу апор і папярок восі. Пры вышыні машыны і механізма больш 4,5 метра іх праезд пад правадамі павінен узгадняцца з гаспадаром паветранай лініі ў кожным канкрэтным выпадку, работы павінны выконвацца дзвюма асобамі, адна з якіх назначаецца назіральнікам. Транспартныя сродкі на пнеўматычным ходзе ў зоне ліній 330 кВ павінны мець зазямленне. У якасці яго дазваляецца выкарыстоўваць злучаны з кузавам або рамай металічны ланцуг, які датыкаецца зямлі.

Будзьце ўважлівымі, беражыце сябе і электрычныя сеткі.

В.Лемеш, інжынер Ушацкага раёна электрычных сетак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *