К профессиональному празднику связистов

К профессиональному празднику Общество

Урачыстасці і прафесійныя святы – гэта традыцыя. У першую чаргу – традыцыя ўшаноўваць імёны людзей, якія сваёй працай заслужылі пашану калег і тых, каму служаць. І ў калектывах раённых вузлоў сувязі – паштовай і электрычнай – таксама існуюць традыцыі святкавання Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі, які адзначаўся 7 мая. Пра гэта сённяшняя гутарка з начальнікам раённага вузла паштовай сувязі Галінай Іванаўнай СВІДЗІНСКАЙ.

 

– Галіна Іванаўна, якія асацыяцыі выклікае ў вас прафесійнае свята, што было нязменным заўсёды?

  

 

  

– Канечне, асаблівы настрой. Традыцыйна падводзяцца вынікі работы, адзначаюцца лепшыя – сёлета гэта аддзяленне паштовай сувязі Селішча, а імя начальніка аддзялення Ганны Восіпаўны Машчонак мы прапаноўваем для занясення на раённую Дошку гонару. А яшчэ 7 мая для мяне – своеасаблівы барометр надвор’я, да гэтага дня абавязкова зацвітала чаромха. Яшчэ калі аддзел сувязі быў адзіны, на прафесійнае свята кабінеты патаналі ў чаромсе, якую прывозілі і дарылі ўсім работнікі цяпер ужо электрычнага вузла сувязі. А яшчэ да 7 мая ў нас мора паштовак – не электронных, а друкаваных: прыгожых, вялікіх. Атрымліваем самі, высылаем усім калегам. І гэта таксама традыцыя.

 

 

 

– Ваша свята амаль што супадае з Днём Перамогі, напэўна, ёсць людзі, для якіх майскія дні асаблівыя ўдвая?

 

 

– Так, у нас засталося ветэраны, якіх мы віншуем з Днём Перамогі. Гэта былы начальнік раённага вузла сувязі Іван Дзмітрыевіч Захараў. Франтавік, сувязіст з часоў вайны, ён неаднойчы расказваў нам пра падзеі тых гадоў. Наогул, мы не забываемся на калегу, заўсёды віншуем з Днём абаронцаў Айчыны, аказваем пасільную падтрымку, дах дома дапамагалі перакрыць. Здаецца, нядаўна адзначалі яго 80-годдзе, а сёлета вось чарговы юбілей. У вёсцы Старое Сяло жыве былы начальнік аддзялення паштовай сувязі Марыя Іванаўна Дворка, якая ў гады вайны была вязнем. Мы не набываем ім падарункі, а ўручаем па дзве базавыя велічыні.

 

 

 

– Як і ў кожнай галіне, у сувязі таксама працуюць сямейныя дынастыі. Працягваць справу бацькоў – таксама традыцыя, якая датычыцца і Вашай уласнай сям’і. Ці падтрымліваеце жаданне членаў калектыву і іх дзяцей атрымліваць адукацыю сувязіста?

 

 

– Сямейныя дынастыі сапраўды працуюць і ў нас, і раённым вузле электрычнай сувязі, ды і размежаванняў такіх не існуе, усё роўна сувязісты. Гэта дынастыі Герцыкаў – з сувяззю звязаны прафесійны лёс усёй сям’і, працягваюць дзеці справу сваіх маці, Соф’і Сцяпанаўны Казіцкай і Ніны Іванаўны Лукашовай. Мы не даём зараз мэтавых накіраванняў, хоць абавязкова прымаем на работу ўшацкіх маладых людзей, якія скончылі профільныя навучальныя ўстановы. Аплачваем сесіі тых, хто працуе і вучыцца, з умовай, што гэты спецыяліст потым абавязаны адпрацаваць у нас пяць год, як і па мэтавым накіраванні. Так што рост сваіх работнікаў, безумоўна, падтрымліваем.

 

 

 

– Як спрацаваў раённы вузел, ці радасны настрой і ці ёсць сродкі, каб падтрымліваць карысныя ініцыятывы?

– Спрацавалі ў першым квартале з прыбыткам, паказчыкі выкананы з ростам. Таму і наш калектыўны дагавор працуе. Аказваем матэрыяльную дапамогу юбілярам, у месяц у нашым калектыве такіх знаходзіцца па два. Даплачваем членам калектыву кошт пуцёвак у аздараўленчыя лагеры і часткова ў санаторыі. Існуе і свой галіновы дом адпачынку пад Мінскам, куды накіроўваем усіх жадаючых. Так што ўсе лепшыя традыцыі захоўваем.

Гутарыла В.КАРАЛЕНКА.
 

 

 


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *