Новоселье под бой курантов. Семья Соколовых первой ввела в эксплуатацию дом на новой улице Лобанка в Ушачах

Образование и молодежь

Новая вуліца Ушач, якая носіць імя У.Е.Лабанка, актыўна забудоўваецца. Адны яшчэ заліваюць фундамент, другія ўжо накрываюць дах прыгожай металачарапіцай, а самыя шпаркія ўжо спраўляюць наваселле!

Нядаўна на старонцы ў сацыяльнай сетцы Наталля Сакалова размясціла здымак, дзе ў пашпарце значыўся адрас новай прапіскі – Лабанка, 16, а пад ім шчаслівы подпіс – ура! Усе сябры дружна прыняліся віншаваць маладую сям’ю з такой значнай у іх жыцці падзеяй. Менавіта сям’я Сакаловых першай увяла ў эксплуатацыю жылы дом і атрымала прапіску на новай вуліцы гарпасёлка.

У доме стаіць прыемны пах толькі што выпечаных кексаў, у галоўным пакоі мільгае агеньчыкамі вялікая навагодняя ёлка, да якой то падбягае трохгадовая Яна, то імкнецца дапаўзці 11­-месячны Назар. Твары ж іх бацькоў – Вячаслава і Наталлі – так і свецяцца ад радасці. Яны ведаюць адзін аднаго з дзяцінства і разам ужо не адзін год. Адыходзячы ж 2015-­ы для гэтай маладой сям’і аказаўся асаблівым і багатым на добрыя падзеі, самымі значнымі з якіх былі нараджэнне сына і пераезд ва ўласны новы дом, пабудаваны сваімі рукамі. Якое гэта шчасце – займець сваё жыллё, ведаюць многія, асабліва той, хто як і гэтыя маладыя людзі за некалькі гадоў змянілі не адну кватэру. Ну а тое, што дом пабудаваны сваімі рукамі, сказана без перабольшвання. Абсалютна ўсё ад фундамента да прыклейвання шпалераў малады гаспадар рабіў выключна сам! Яно і не дзіўна, бо Вячаслаў хоць і працуе ў Дэпартаменце аховы, па спецыяльнасці будаўнік, ды і жаданне хутчэй абзавесціся сваім вуглом было настолькі моцнае, што імкнуўся не губляць ніводнай гадзіны і ўвесь час праводзіў на будоўлі. Адпрацаваўшы на рабоце ў ноч у групе затрымання аховы, ён часта не клаўся адпачыць, а праводзіў дзённую “змену” на доме.

Нельга не адзначыць, што сям’і Сакаловых, як і іншым будучым навасёлам новай вуліцы, вельмі пашанцавала, бо тут яшчэ да размеркавання ўчасткаў былі падведзены электрычнасць, газ, вада, каналізацыя, пракладзены асфальт. А маленькая Яна паспела ацаніць і дзіцячую пляцоўку, якая ўстаноўлена непадалёк ад новага дома.

– Пакуль мы вызначаліся, дзе і як будзем будавацца, усе ўчасткі на Лабанка былі ўжо разабраны, але хтосьці адмовіўся, вось так нам пашанцавала, – расказваюць шчаслівыя навасёлы. – Праект дома вырашылі зрабіць свой і вось у маі 2013 года быў заліты фундамент. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы – крэдыту усяго пад тры працэнты на 20 гадоў як маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, а таксама нашай мэтанакіраванасці, удалося пабудавацца за непрацяглы час.

Месяц таму сям’я пераехала ў новае жыллё. Яны якраз марылі зрабіць гэта да навагодніх святаў. Апошнімі днямі тут поўным ходам ішла падрыхтоўка да Новага года – на вокнах загарэліся агні прыгожых гірлянд, з’явіліся сняжынкі. Наталля гатуе на новай, прасторнай кухні, Яна абжываецца ў сваім асобным пакоі, які зрабілі ў яе любімым чырвоным колеры, а ў самага маленькага члена сям’і вочкі разбягаюцца ад усяго новага і цікавага. Вячаслаў жа прадаўжае старанна абсталёўваць дом, у якім яшчэ шмат недапрацовак, але гэта ўсё дробязі, з якімі дружная і шчаслівая сям’я Сакаловых, упэўнена, справіцца з лёгкасцю.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *