Тема недели. А.Лукашенко: Беларусь и далее пойдёт по избранному народом пути

Общество

30 снежня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў радзільны дом 5-й гарадской клінічнай бальніцы горада Мінска. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб дэмаграфічнай сітуацыі ў Беларусі, аб стане сістэмы аховы здароўя Мінска, а таксама аб выкананні даручэнняў Прэзідэнта па будаўніцтве радзільнага дома 5-й гарадской клінічнай бальніцы. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з аснашчэннем і арганізацыяй медыцынскай дапамогі жанчынам і нованароджаным у радзільным доме.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і далей пойдзе па выбраным народам шляху. Прэзідэнт падкрэсліў, што на неабдуманых рэформах сёння настойваюць тыя, каму патрэбны развал, мітусня, непарадкі. «Тады можна і да ўлады прыйсці, тады можна павярнуць краіну ў іншы бок. Гэтага не будзе. Краіна будзе ісці ў тым напрамку, у якім лічаць патрэбным, каб яна ішла, беларускія людзі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці прыкладу правільнага рэфармавання, мадэрнізацыі кіраўнік дзяржавы прывёў ахову здароўя. Наведваючы сёння радзільны дом 5-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта паказчык таго, як дзяржава клапоціцца пра будучыню краіны. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды былі добрыя ўрачы і дастойныя ўстановы аховы здароўя, а да гэтага часу ўдалося вырашыць праблему з іх аснашчэннем.

«Вось і ўся рэформа, так будзем рэфармавацца, мадэрнізавацца па ўсіх напрамках», — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён дадаў, што дзяржава і далей будзе падстаўляць плячо, знаходзіць любыя рэсурсы для тых, хто мае ў гэтым патрэбу. Беларусы могуць заўсёды разлічваць на падтрымку ў гэтым плане, рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка: у Беларусі ніколі не будуць эканоміць на дзецях і маці

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, калі спатрэбіцца, у Беларусі будуць скарачаць фінансаванне дзяржаўных праграм.

«А вось на дзяцей і на тых, хто нараджае, мы грошай шкадаваць не павінны. Для іх усё павінна быць», — падкрэсліў ён.

Як было даложана кіраўніку дзяржавы, па выніках 2015 года ў Беларусі ўпершыню ўзровень нараджальнасці зраўнаваўся з узроўнем смяротнасці. За 10 гадоў дзіцячая смяротнасць знізілася ў 2,5 раза. Па гэтым паказчыку Беларусь зраўнавалася з перадавымі краінамі свету. За год не было зарэгістравана ні аднаго выпадку мацярынскай смяротнасці, а за пяцігодку такі выпадак быў адзін. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта сапраўдная перамога. Прэзідэнт даручыў вызначыць тых, чыімі заслугамі яна дасягнута, і адпаведным чынам заахвоціць. Такія дасягненні — гэта галоўнае, як бы ні былі важны вытворчыя паказчыкі, лічыць ён.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з аснашчэннем радзільнага дома 5-й гарадской клінічнай бальніцы. Яго структура будзе ўключаць 11 падраздзяленняў, у тым ліку гінекалагічныя аддзяленні для экстраннай дапамогі. Уведзеныя ў строй радзільныя залы аснашчаны сучасным абсталяваннем. На плошчах новага акушэрска-гінекалагічнага корпуса размесцяцца таксама экстранная лабараторыя з найноўшым абсталяваннем, кабінеты фізіятэрапіі, функцыянальнай дыягностыкі, памяшканні для кафедраў Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Усяго ў новым корпусе штодзённа будуць атрымліваць лячэнне амаль 300 жанчын. З яго адкрыццём колькасць родаў павялічыцца з 3 тыс. да 5,5 тыс. у год. Гэты радзільны дом будзе самым буйным у Мінску.

Лукашэнка перасцерагае ад празмернасцей пры будаўніцтве медыцынскіх і іншых аб’ектаў

«Рабіце ўсё функцыянальна. Не трэба будаваць з празмернасцямі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што на аснашчэнне і абсталяванне грошай шкадаваць не трэба. І спрашчацца не варта, дадаў ён.

«Усё гэта трэба мець на ўвазе. У нас умеюць маляваць — як намалююць — хоць плач», — прадоўжыў Прэзідэнт. У якасці пазітыўнага прыкладу ён прывёў заходнія падыходы, калі будынкі будуюцца вельмі проста, але выкарыстоўваецца суперсучаснае абсталяванне. «Нам трэба ў іх вучыцца», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Лукашэнка адзначае важнасць таго, што да акцыі «Нашы дзеці» далучыліся бізнесмены

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што СМІ паказваюць, што з падарункамі ў дзіцячыя дамы, школы, інтэрнаты напярэдадні Каляд і Новага года прыязджаюць дзяржслужачыя, чыноўнікі. Ён звярнуў увагу журналістаў, што ў дабрачынную акцыю актыўна ўключыліся бізнесмены. «У нас столькі бізнесменаў, проста багатых людзей, якія дзеляцца сваім дабром, грашамі. Ідуць з падарункамі ў дзіцячыя дамы, школы, інтэрнаты, да старых, хворых», — сказаў ён.

«Бачу, што ўся краіна адгукнулася, я вельмі рады, малайцы! Вось так і павінна быць у сапраўднай дзяржаве. Тады ніякія крызісы не страшныя», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Журналісты закранулі таксама тэму таго, што Аляксандр Лукашэнка ў вольны час займаецца вырошчваннем агародніны на тэрыторыі сваёй рэзідэнцыі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сапраўды гэта яго хобі. Многае з гэтых агародніны і садавіны перадаецца потым у дзіцячыя дамы, інтэрнаты для састарэлых.

Лукашэнка: 70-годдзе Перамогі — галоўная падзея 2015 года

«Самай вялікай падзеяй у адыходзячым годзе было святкаванне 70-годдзя Вялікай Перамогі», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«Гэта не толькі ўнутраная падзея. Гэта сусветнага характару падзея. Так, некаторыя не хочуць гэтага бачыць і чуць, некаторыя замоўчваюць, некаторыя фальсіфікуюць гісторыю. Але 70 гадоў Перамогі ў Другой сусветнай вайне — гэта галоўная падзея 2015 года», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Міралюбівая беларуская палітыка паслужыла падставай для адмены санкцый — Лукашэнка

Закранаючы ўкраінскую тэматыку, кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што «нам не трэба перабольшваць сваю ролю ва ўрэгуляванні гэтага канфлікту».

«Нашу пазіцыю можна вітаць, таму што скрозь і ўсюды Беларусь, кіраўніцтва Беларусі выступае за мір, — адзначыў Прэзідэнт. — Мы не прымаем вайны, не прымаем ніякіх канфліктаў, ва Украіне гэта, Сірыі, Лівіі, або Іраку. Мы гэтага не прымаем, гэта наша пазіцыя».

«І тое, што адбылося ў Мінску, вы ведаеце, я сказаў бы, што гэта павінна было адбыцца ў Мінску, таму што ў свеце няма іншай дзяржавы, якая была б так прыхільна да міру. Фундамент гэтага — тая перамога, якая адбылася 70 гадоў таму», — перакананы кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб мінскіх дамоўленасцях і мірных сустрэчах у Беларусі па ўкраінскай тэматыцы, Прэзідэнт падкрэсліў: «Таму падзея, якая адбылася, яна была вельмі важнай — для Украіны перш за ўсё, для Расіі, для нашага кантынента, для гэтага рэгіёна. Але яна дала штуршок, паслужыла прычынай, і нават не прычынай, а падставай (гэта як падарунак Захаду) для адмены супраць нас розных санкцый. Ім патрэбны быў нейкі такі моцны штуршок, і яны, атрымаўшы яго, гэтым скарысталіся».

«Ну, што тут граху таіць, за гэта трэба ім быць удзячнымі, цяперашнім еўрапейскім палітыкам, Злучаным Штатам. За тое, што яны, скарыстаўшыся гэтым выпадкам, шанцам для нас і сябе, адышлі ад гэтай канфрантацыі з Беларуссю», — выказаў меркаванне кіраўнік дзяржавы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *