19 января — День спасателя. Более 15 лет приходит на помощь людям водитель пожарного аварийно-спасательного поста №11 Сергей Хамичёнок

К профессиональному празднику Экономика и малый бизнес

Сяргей Хамічонак спакойна рабіў сваю справу ў качагарцы побач з пажарным пастом у Вялікіх Дольцах. Раптам да выратавальнікаў прыбег усхваляваны чалавек і паведаміў, што на адной з вуліц з дому вырываецца дым. Атрымаўшы сігнал, выратавальнікі хутка накіраваліся да пажарнай машыны, а С.Хамічонак тым часам, доўга не думаючы, напрамкі кінуўся бегчы да названага дома: ведаючы ўсе сцежкі ў вёсцы, ён быў упэўнены, што апынецца на месцы раней і, магчыма, зможа выратаваць чалавека, які хутчэй за ўсё знаходзіцца ў хаце. У такіх выпадках кожная секунда дарагая!

Так, прыбег Сяргей да месца крыху раней, але, на жаль, у той дзень выратаваць аднавяскоўца не ўдалося – ён загінуў ад атручвання ўгарным газам. На той час ураджэнец Царкавішча толькі збіраўся стаць выратавальнікам і рыхтаваў неабходныя дакументы для ўладкавання ў пажарную службу. Да гэтага С.Хамічонак паспеў адслужыць у пагранічных войсках на афганскай мяжы, атрымаць вадзіцельскія правы і папрацаваць у Расіі. І ўсё ж цягнула на радзіму і ў 2000­м ён стаў вадзіцелем пажарнага аварыйна­выратавальнага паста №11 аграгарадка Вялікія Дольцы.

Кожны свой выезд на пажар Сяргей Іванавіч Хамічонак добра памятае. А іх за 15 гадоў службы, канечне, было нямала. Без доўгіх успамінаў любы пажарны можа расказаць і пра першае надзвычайнае здарэнне. Герой гэтага матэрыялу – не выключэнне. Першы раз яму прыйшлося выязджаць на тушэнне будынка былой бальніцы па вуліцы Садовай у Вялікіх Дольцах. Цікава, што ў хуткім часе на гэтай жа вуліцы праз агароджу ад бальніцы мужчына купіць сабе дом. У той дзень у медустанове было проста невялікае задымленне і ніхто не пацярпеў, а калегі ў гонар першага баявога хрышчэння нават аблілі новага вадзіцеля вадой.

На жаль, не ўсе выезды былі з добрым фіналам. Сярод такіх, пэўна, і самы складаны, калі давялося выязджаць на тушэнне пажару ў Садкі.

– Як толькі наступае сапраўдная зіма з халадамі, так і пажараў становіцца значна больш. І ў гэты раз гарэў дом, а на вуліцы холад ды шмат снегу. Паведамленне аб узгаранні паступіла вельмі позна, і хоць мы першымі прыбылі да месца, ужо абваліўся дах дома, агонь пачаў перакідвацца на надворныя пабудовы і хлеў, у якім была жывёла. Аблівалі іх вадой, каб полымя не разгулялася яшчэ больш. Але рэзервуар для вады, як вядома, у пажарнай машыне не гумавы. Прабіцца да вадаёмаў і сажалак у снежных умовах было надзвычай складана! Але да прыезду калег з Ушач усё ж удалося не даць распаўсюдзіцца агню,  – расказвае Сяргей Іванавіч.

Сапраўднай гарачай парой для выратавальнікаў з’яўляецца і вясна, калі пачынае гарэць сухая трава. Тады часам за адну змену выязджаюць на тушэнні не адзін раз, выратоўваюць пабудовы, да якіх імгненна бяжыць агонь, людзей і жывёлу.

Падчас здарэнняў у змену С.Хамічонка былі розныя выпадкі, па­рознаму паводзілі сябе людзі ў надзвычайнай сітуацыі – адны кідаліся дапамагаць, другія займалі назіральную пазіцыю, запомнілася і адна жанчына, якая з іконай у руках пачала бегаць вакол агню, а дым пасля гэтага рэзка падняўся ўверх.

Прыходзіцца часам выязджаць на дапамогу калегам у суседнія раёны. Адзін з такіх апошніх выездаў –  у Лепельскі раён, дзе гарэў дом. У такіх выпадках вадзіцелям звычайна цяжэй арыентавацца не ў сваёй мясцовасці, але з гэтым Сяргей Іванавіч спраўляецца таксама на выдатна. Ад яго вядома ж залежыць не толькі хуткасць прыбыцця да месца, а і спраўны стан машыны. Ніхто не адмяняў і прафілактычную работу: у зону пастаянных дваравых абходаў Сяргея Іванавіча ўваходзяць Царкавішча, Пораўна, Замошша. І робіць ён гэта не “дзеля галачкі”, а з усёй адказнасцю правярае стан пажарнай бяспекі ў домаўладаннях, указвае на недахопы, праводзіць прафілактычныя размовы з вяскоўцамі, бо выдатна ведае, што ігнараванне элементарных правіл можа прывесці да непапраўнай бяды.

З людскім горам у рабоце С.Хамічонку даводзіцца сутыкацца пастаянна – такі род прафесійнай дзейнасці ён для сябе абраў. Так распарадзіўся лёс, што не абышла бяда і самога Сяргея Іванавіча. Некалькі гадоў таму яны з сынам Раманам засталіся без вернай спадарожніцы жыцця і любячай маці. На плечы мужчыны лягло ўдвая больш абавязкаў. Зараз сын ужо пачынае самастойнае дарослае жыццё, а вясной збіраецца ісці ў армію, пасля чаго, магчыма, па прыкладзе бацькі, звяжа сваю дзейнасць з прафесіяй выратавальніка.

Акрамя таго, што Сяргей Іванавіч сапраўдны прафесіянал сваёй справы, добры бацька, ён яшчэ і выдатны гаспадар! Аб гэтым сведчыць ідэальны парадак у доме, на падворку, а таксама шыльда “Дом узорнага парадку”, якую ён атрымаў два гады таму разам з падарункам па выніках раённага конкурсу па добраўпарадкаванні. Гэта зараз прыгажосць яго сядзібы хаваецца пад снежным покрывам, а ўлетку падворак адразу вылучаецца чысцінёй, кветкамі (іх гаспадар садзіць сам), вялікай альтанкай, арэлямі і нават спартыўным гарадком! Тут і штангі, і гіры, і брусы, і турнікі – “Трэба ж сябе трымаць у добрай фізічнай форме!” – тлумачыць мужчына.

Сваё прафесійнае свята С.Хамічонак сустрэне сёлета не на пасту, а ў дамашняй абстаноўцы, бо знаходзіцца зараз у водпуску. У хуткім часе ён бы мог ужо ісці і на заслужаны адпачынак, але поўны сіл і энергіі мужчына згадзіўся папрацаваць яшчэ ў гэтай патрэбнай і важнай службе. Так што пажадаем Сяргею Іванавічу спакойных дзяжурстваў, здароўя і энергіі для яшчэ нерэалізаваных планаў і ніякіх цяжкіх выпрабаванняў лёсу.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *