В Ушачах почтили память воинов-интернационалистов

Общество

Дзевяць гадоў і пяцьдзесят адзін дзень мужнасці, стойкасці і высакародства. Менавіта так, каротка і разам з тым ёміста, можна ахарактарызаваць службу савецкіх салдат і афіцэраў у Афганістане. На долю кожнага з больш чым сотні ўраджэнцаў нашага раёна, якія выконвалі інтэрнацыянальны доўг у гэтай сярэднеазіяцкай рэспубліцы, прыйшліся розныя перыяды вайны. Яны служылі ў розных часцях і злучэннях, на розных пасадах, але ўшацкія пагранічнікі і дэсантнікі, пехацінцы і лётчыкі да канца былі верныя прысязе, свята захоўвалі традыцыі баявога братэрства, як і зараз, праз дваццаць сем год пасля вываду савецкіх войск з Афганістана.

“Дзе Толік, не ведаеш?” – такое пытанне ўзнікала амаль ва ўсіх ветэранаў афганскай вайны, якія пасля цёплых слоў прывітання цікавіліся адсутнасцю А.В.Рудкоўскага, старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, члены якога збіраліся ў панядзелак на мерапрыемствы з нагоды Дня памяці воінаў­інтэрнацыяналістаў. На жаль, не толькі Анатоля Валянцінавіча, многіх іншых актывістаў афганскага руху хваробы ўсё часцей вырываюць і так з нешматлікіх радоў таварышаў, але звыш дваццаці чалавек з розных канцоў раёна сёлета знайшлі магчымасць наведаць урачыстасць, якая ладзілася ва ўтульнай зале дзіцячай школы мастацтваў. Арганізатары пастараліся, каб яна атрымалася змястоўнай і пранікнёнай. Дакументальны фільм­храналогія падзей афганскай вайны, як і тэматычныя вакальныя нумары артыстаў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, акунулі воінаў­інтэрнацыяналістаў ва ўспаміны, зачырвонілі твары суровых з выгляду мужчын. А слухаючы ў выкананні Валянціны Літвін верш уласнага сачынення аб лёсе маладога ветэрана афганскай вайны некаторыя з прысутных не маглі стрымаць слёз.

Усіх, хто мае дачыненне да тых гераічных і трагічных падзей вітала, адкрываючы мерапрыемства, старшыня раённага Савета дэпутатаў В.М.Захарэнка. Вольга Мікалаеўна ўзгадала гісторыю і сумныя лічбы вайны ў Афганістане. У час баявых дзеянняў загінула амаль 15 тысяч маладых салдат, магілы воінаў­афганцаў ёсць у кожным раёне нашай краіны. Не абмінула бяда і Ушаччыну – у далёкай і чужой краіне склалі галовы тры сыны нашага раёна, памяць якіх прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.

Намеснік ваеннага камісара аб’яднаных камісарыятаў Лепельскага і Ушацкага раёнаў маёр Аляксей Валер’евіч Еўстаф’еў у сваім выступленні адзначыў, што нямала прайшло часу, аднак праўда пра баі за тысячы кіламетраў ад радзімы паўстае праз сустрэчы воінаў­афганцаў са школьнікамі і навучэнцамі.

У кожнага пакалення ёсць свае героі. Аб тым, што ветэраны афганскай вайны дастойны гераізму бацькоў і дзядоў, якія перамаглі фашызм, казаў у сваёй прамове старшыня раённай ветэранскай арганізацыі У.М.Малаткавец. “На вас ускладаецца асаблівая місія – быць дастойным прыкладам і надзейнай апорай дзяржавы ў ваенна­патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, бо ўсё менш застаецца ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны”, – адзначыў Уладзімір Мікалаевіч.

Пасля таго як вянкі і кветкі ляглі да памятнага знака воінам­інтэрнацыяналістам, яны па традыцыі накіраваліся да месцаў пахавання баявых таварышаў, якія пайшлі з жыцця падчас вайны і ўжо пасля вяртання на радзіму. Разам са словамі спачування і ўдзячнасці за сыноў падарункі ад органаў улады і раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” атрымалі бацькі загінуўшых у Афганістане землякоў (іх уручылі В.М.Захарэнка і А.В.Еўстаф’еў), а таксама хлопцаў, якія загінулі падчас праходжання тэрміновай службы ў Савецкай Арміі. У Мажуйках дэлегацыю сустракалі Ганна Тарасаўна і Міхаіл Макаравіч, бацькі загінуўшага ў апошнія гады афганскай вайны Мікалая Ключонка, яго блізкія. Тут да 15 лютага рыхтуюцца штогод, прыбіраюцца на магіле і ўдзячны настаўнікам і вучням Плінскай школы, якія таксама прымаюць удзел у гэтай высакароднай справе.

На вясковых могілках паміж Воснавам і Дубінцам таксама як родных людзей сустракала воінаў­афганцаў Валянціна Аляксандраўна Клачок. Сярод хлопцаў, якія прыязджаюць на магілу першага з загінуўшых ушацкіх хлопцаў верталётчыка Аляксандра Клачка, некаторыя паспелі стаць з ім сябрамі яшчэ да службы, яшчэ не ведаючы, што праходзіць яе яны будуць хоць і ў мірны час, але на вайне. Напрыклад, добра ведаў цёзку вялікадальчанін Аляксандр Пугач. Беражліва падтрымліваў за локаць “цёцю Валю” і касарскі ўраджэнец Міхаіл Данілёнак, які, дарэчы, сёння святкуе паўвекавы юбілей. У гэты дзень ён абавязкова патэлефануе В.А.Клачок – у яе таксама дзень нараджэння!

У той час як некаторая частка воінаў­інтэрнацыяналістаў накіравалася на магілу Міхаіла Хрыпача, вясковыя могілкі Ляснеўшчыны, Завячэлля і гарпасёлка, Ігар Лёля вельмі хацеў трапіць на “кубліцка­вялікадолецкі” круг – у Заазер’і пахаваны яго сябар, загінуўшы ў аварыі Валерый Ляхоўскі. Ды і наогул, у некаторых вёсках хвіліна маўчання звінела цішынёй на могілках не адзін раз – у Вялікіх Дольцах, Двор Пліне яны сталі апошнім месцам прытулку для некалькіх воінаў­афганцаў.

Падчас такіх сустрэч яны мала ўспамінаюць аб выпрабаваннях, якія выпалі на іх лёс: эпізадычна чуецца “А памятаеш…”, “А вось у нас..” ды хутка затухае. Адзін з першых удзельнікаў афганскай вайны Анатоль Жаваранак, які прызываўся яшчэ ў далёкім 1979 годзе, кажа, што наогул ніколі нікому не расказвае падрабязнасцей сваёй нялёгкай службы, хаця на яго долю “хапіла”. Але ўважліва слухае больш маладых таварышаў і канстатуе: “У кожнага была свая, вайна…” Хтосьці з іх падаўляе эмоцыі, але для большасці “Афган” часта прыходзіць у снах і ўспамінах. Адзін з хлопцаў расказаў, што баявыя дзеянні праз тры дзясяткі год ужо не сняцца, аднак бывае непакоіць па начах адна і тая ж карціна :

– Мне паведамляюць, што зноў павінны накіравацца ў Афганістан… Я кажу: “Я там ужо быў!”, але ваенком смяецца: “Адслужыш яшчэ раз, ужо вопытны!” – прачынаюся ў халодным поце і заснуць ужо не магу: балюча за тых, хто не вярнуўся…

Дзмітрый Раманоўскі.



1 комментарий по теме “В Ушачах почтили память воинов-интернационалистов

  1. Хочу сказать огромное спасибо председателю районного совета депутатов Захаренко Ольге Николаевне за то, что она не забывает навещать мою маму Клачок Валентину Александровну, чей сын погиб на «чужой» войне. Память о моём брате Александре жива и это очень для всех нас важно!
    С уважением Галина Браславская ( Клачок)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *