Ушачанка Анастасия Ляховская: «Слабой женщиной быть не согласна!»

Мир увлечений

Кветкі, сумачка, пудраніца – падобныя прадметы лёгка ўявіць сабе ў дзявочых руках. А ці можа ў іх арганічна выглядаць… штанга? Напэўна, большасць з нас адкажа адмоўна. А вось я пасля знаёмства з маладой ушачанкай Анастасіяй Ляхоўскай мушу сцвярджаць адваротнае.

“Мой ідэал фігуры – моцнае рэльефнае цела, і я будую яго па сваім жаданні”, – кажа дзяўчына. Яшчэ са школьных часоў яна сябравала са спортам, пастаянна праводзіла час на стадыёне. Пачаць жа актыўныя сілавыя трэніроўкі прымусілі абставіны: пасля нараджэння сына дзяўчына набрала больш двух дзясяткаў лішніх кілаграмаў, і каб прывесці сябе ў парадак, пачала займацца на трэнажорах. Гэта захапіла Насцю, стала неад’емнай часткай жыцця: вось ужо два гады тройчы на тыдзень яна абавязкова наведвае трэнажорную залу, захоўвае спецыяльны рэжым харчавання. Сілавыя практыкаванні – а тым больш для жанчыны – справа тонкая, тут неабходна строгая сістэма, паступовае павелічэнне нагрузак. І калі Насця пачынала трэніроўкі, ёй вельмі дапамаглі слушныя парады сяброў­спартсменаў Аляксандра Касцюковіча, Антона Пінчука. Зараз жа за яе работай з трэнажорамі і снарадамі нельга назіраць без захаплення: з якой лёгкасцю дзяўчына выжымае штангу ў паўсотні кілаграмаў, прысядае з вагой 60 кіло на плячах. “Вельмі добра, што ў нашым райцэнтры ёсць такі карысны спартыўны аб’ект. Абанемент тут каштуе даволі танна, для пастаянных кліентаў маюцца скідкі, – адзначае Насця. – Магчыма, нехта скажа, што рэльефныя мышцы і “кубікі” на жываце пазбаўляюць фігуру жаноцкасці, але ж я ўпэўнена, што падцягнутае спартыўнае цела выглядае куды больш прывабна, чым “цэлюлітныя” формы”.

Яна пакуль не ставіць перад сабой задач удзелу ў спаборніцтвах па бодзібілдынгу ці адмысловых конкурсах накшталт “Міс­бікіні” – займаецца выключна для таго, каб быць моцнай целам і духам, падабацца самой сабе і іншым. А яшчэ паказваць добры прыклад свайму сыну – 6­гадовы Ян пастаянна ходзіць з мамай на стадыён, асвойвае гантэлі і іншы спартыўны інвентар, якога шмат у іх кватэры, і з разуменнем ставіцца да таго, што мама – чалавек заняты: апроч трэніровак ёсць у яе і любімая работа, прычым, зусім супрацьлеглая “жалезным” захапленням: Насця працуе ў прыватным атэлье, разам з Галінай Віннік яны шыюць цудоўныя шторы, якія ўпрыгожваюць інтэр’еры дамоў вельмі многіх ушачан (і нават нашай рэдакцыі).

Вядома ж, добрая швачка не можа мець дрэнны густ у адзенні. І на маё пытанне пра любімы стыль вопраткі Анастасія адказвае, што хоць найбольш арганічна адчувае сябе ў спартыўным, аднак для адпаведнага выпадку можа апрануць стыльную сукенку і туфлі на абцасах. “Бывае, што ўбачыўшы мяне ў такім выглядзе, сябры па трэнажорцы “губляюць мову”, – усміхаецца Насця. Зрэшты, для любой жанчыны гэта лепшы камплімент. І стымул нястомна працаваць над сабой.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *