Алла Николаевна Криштопенко — звёздный врач без звёздной болезни

Общество

Неяк у госці да Крыштопенкаў прыязджала аднакурсніца з Пінска і вельмі спачувала ім. Маўляў, вы ж так добра вучыліся, а апынуліся на вёсцы, дзе немагчыма рэалізаваць свае магчымасці. Аказваецца, заўважаным можна быць нават у глыбінцы.

Словы калегі Ала Мікалаеўна прыгадае падчас уручэння ёй 7 снежня медаля “За працоўныя заслугі”. У гэты ўрачысты момант прызнання прафесійных заслуг яна, канечне, падумае пра многае… Пра сваю дружную сям’ю, якая назірала цырымонію па тэлебачанні. Пра маці, якую яна, тады дзевятнаццацігадовая медсястра, не магла вырваць з лап хваробы. Пра ўрача, на якога некалі хацела быць падобнай.

Было гэта ў мінскім кардыялагічным аддзяленні падчас аднаго з першых  яе дзяжурстваў пасля заканчэння Брэсцкага медвучылішча. Хворы мужчына страціў прытомнасць, і трэба было тэрмінова ўвесці лякарства. Яна ж разгубілася. Укол з рук выхапіла дзяжурны ўрач і спрытна аказала дапамогу. “Вось бы мне стаць калі такім урачом”, – падумала тады Ала Мікалаеўна. І літаральна праз некалькі месяцаў выдатніца школы і вучылішча становіцца яшчэ на крок бліжэй да гэтай мары – паступае на лячэбны факультэт Віцебскага медінстытута.

На ўрачоў агульнай практыкі тады не вучылі. Толькі ў 2009 годзе яна пройдзе чатырохмесячныя курсы павышэння кваліфікацыі, каб аднавіць веды па ўсіх напрамках. Аднак за гэты час урачом агульнай практыкі яе зрабіла жыццё. Прыходзяць жа хворыя ў вясковую бальніцу з абсалютна ўсімі хваробамі, а ты павінен паставіць дыягназ, каб правільна аказаць дапамогу.

Ці хацела яна жыць у горадзе. Мабыць і так. У Вялікія Дольцы яны прыехалі пасля заканчэння медінстытута, паколькі муж вучыўся па накіраванні ад мясцовай гаспадаркі. Маглі, канечне, адпрацаваць два гады і… але ўжо на другім месяцы работы Аляксандр Уладзіміравіч пачаў будаваць свой дом. І вось ужо чвэрць стагоддзя яны свае для жыхароў Вялікіх Долец і наваколля. І сталі прафесіяналамі, да якіх, як да родных, цягнуцца пажылыя бабулі, як маці давяраюць маладыя жанчыны.

Хоць гераіня аповеду менавіта Ала Мікалаеўна, але міжволі пераходзіш на множны лік. Напэўна таму, што ўрачы Крыштопенкі – гэта адзінае цэлае, яны не дзеляць пацыентаў на сваіх і чужых, хаця паміж імі і існуе сваё дзяленне на зоны абслугоўвання. І сваю заслугу Ала Мікалаеўна лічыць калектыўнай, усяго медперсаналу бальніцы. “У нас пераважна ўсе мясцовыя – і мы, і медыцынскія сёстры, таму боль аднавяскоўца – гэта твой боль. Наогул на вёсцы асаблівы падыход, персанальны, мы сапраўды ставімся да кожнага, як да свайго роднага, імкнёмся дапамагчы, а таму часам бяром на сябе нават нехарактэрныя абавязкі. Здаецца, назначыла лекі – і ўсё. Я ж  думаю, кім і як перадаць іх, калі скончыліся ці не было, а ведаю, што нельга перарываць курс лячэння. Менавіта ў гэтым – індывідуальным падыходзе і ёсць залог паспяховасці. Мы сапраўды ўрачы агульнай практыкі, сямейныя ўрачы, паколькі вядзём не адно пакаленне  дальчан і ведаем спадчынныя захворванні”.

Ала Мікалаеўна і Аляксандр Уладзіміравіч – сапраўды адзінае, таму што ўбачыўшыся на той, першай “бульбе” – сельгасработах у першы месяц першага курса, так і засталіся разам. Вучыліся ў адной групе, сядзелі за адной партай, на другім курсе ажаніліся, а час службы Аляксандра ў арміі сумясцілі з дэкрэтным водпускам. Ала Мікалаеўна нават папрацавала фельчарам у Кублічах, каб дачакацца мужа і зноў разам працягнуць вучобу.

Падчас яе завяршэння на трэніроўкі па валейболе разам з бацькам хадзіў і шасцігадовы Андрэй. Ён жа з’яўляецца прадаўжальнікам сямейнай дынастыі – на сённяшні дзень анестэзіёлагам­рэаніматолагам Жлобінскай бальніцы. Наогул у Крыштопенкаў медыкі ў родзе па абодва бакі. У Алы Мікалаеўны перад вачыма быў прыклад дзядзькі – вясковага фельчара, які на кані аб’язджаў пацыентаў у яе вялікім родным Столінскім раёне. Урачамі былі родныя цёткі Аляксандра Уладзіміравіча, таму і ён, і брат (на сёння – прафесар, доктар медыцынскіх навук) пайшлі па іх сцяжыне. Абяцае стаць урачом і малодшы Руслан. Дачка ж скончыла мытны факультэт (на здымку сям’я падчас атрымання Аленай дыплома). На выбар дзяцей бацькі не ўплывалі, кожны выбірае тое, што бліжэй.

У самой жа Алы Мікалаеўны столькі любімых заняткаў! Яна любіць падарожнічаць, асабліва разам з дачушкай па святых мясцінах. Рыбачыць – гэта ад бацькі, які з­за адсутнасці сыноў (у Алы Мікалаеўны дзве сястры) браў на вадаёмы дачок. Чытаць – і не толькі спецыяльную літаратуру. Яна ўмелая гаспадыня, якая не шкадуе часу, каб прыгатаваць нешта неардынарнае. А яшчэ яна піша вершы. Дарэчы, сваю сутнасць перадала вось у гэтых радках.

“Поделись теплом своей души,

К немощному прояви заботу

И творить добро всегда спеши,

И вопросов не возникнет, кто ты?

С духом милосердия, любви,

Чистой христианскою душою

Боль, утрату с ближним раздели –

И тебе воздастся вкупе втрое…

Мнагадзетная маці, у якой растуць цудоўныя дзеці. Прафесіянал, якога любяць не толькі далецкія, а і ўсе ўшацкія пацыенты. Шматгранная жанчына, якой не сумна і самой з сабой. Ці гэта не шчасце?

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *