Ушачский район посетила делегация Плявиньской краевой думы (Латвийская Республика)

Общество

Ушацкі раён наведала дэлегацыя Плявіньскага краю Латвійскай Рэспублікі, якую прадстаўлялі старшыня Плявіньскай краявой думы Гунта Жылдэ, кіраўнік адміністрацыі краю Айварс Бардоўскіс і кіраўнік аддзела развіцця краю Людміла Ленцберг. Гэта першае міжнароднае супрацоўніцтва для нашага раёна, а для латышскіх калег першае з Рэспублікай Беларусь. Закончыўся візіт падпісаннем дагавору аб супрацоўніцтве Ушацкага раёна і Плявіньскага краю. І хоць сустрэча завяршылася, партнёрства толькі распачалося і будзе развівацца ў розных галінах.

“Вы прывіваеце любоў
да Радзімы”

– Я ніколі так часта не думала пра Латвію, як падчас наведвання вашых аб’ектаў, – скажа ў развітальным слове Гунта Жылдэ. – Уважліва слухала спевы дзетак і хору ветэранаў пра вашу Белую Русь, а ўспамінала свой край. Глядзела вышыванкі вашых майстроў – і зноў прыгадвала радзіму. І менавіта гэтаму ў вас трэба павучыцца. Вы ўмееце прывіваць любоў да сваёй рэспублікі. Умееце рабіць гэта на практыцы, асабліва пераканаліся ў гэтым у Арэхаўскай школе. У нас таксама ёсць школы экалагічнага напрамку, але такога ўзроўню выхавання, якое пачынаецца з пачатковых класаў, у нас, на жаль, няма. А самае галоўнае, што я зразумела – у вас з дзяцінства вучаць любіць Радзіму. Проста ўражана, і калі вярнуся, у сваіх школах раскажу менавіта пра гэта.

Гэта меркаванне выказалі і астатнія госці пасля наведвання Ушацкай сярэдняй школы – апошняга аб’екта сістэмы адукацыі, з якім яны пазнаёміліся. “Вы расціце патрыётаў, у нашых школах гэта ўпушчана, пераважае адукацыйны працэс. Бацькам таксама некалі асабліва займацца дзецьмі. Адсюль і вялікая міграцыя моладзі”, – расказваў пра сваю сістэму адукацыі Айварс Бардоўскіс. Ён запытаўся пра колькасць насельніцтва ў краіне, а калі даведаўся, што амаль 10 мільёнаў, рэзюмаваў: “І гэтым усё сказана, а ў нас толькі два”. Школьная сістэма адукацыі бясплатная, таксама захаваны і бюджэтныя месцы ў галіне вышэйшай адукацыі, але моладзь не імкнецца працаваць дома, нават і інтэрнатуру выпускнікі медыцынскіх ВНУ імкнуцца праходзіць у Германіі. Ну а наогул едуць на заробкі ў краіны Еўрасаюза.

У нас многа агульнага

– Мая мама вышывала, – фатаграфуючы ўзор на ручніку, заўважыла Гунта і пасумнела – маці няма ў жывых. Як няма бабулі ў М.А.Шаўчэнка, але жывыя яе навыкі. Гунта не вышывае і падзівілася, што ў нас гэтым зараз займаецца практычна кожная жанчына. З цікавасцю слухалі латышы, чаму абярэгавыя лялькі робяцца без вочак, распытвалі пра тэхніку разьбы па дрэве, ганчарства, карцін з бярэсты. А ў гасцях у клуба “Прысмакі” нават сплясалі – спачатку беларускі побытавы танец, а потым і латышскі. Акампаніятару для гэтага давялося хуценька падабраць мелодыю, што напела старшыня думы. У гасцях у клуба “Прысмакі” высветлілася, што завочна ўшачане і прадстаўнікі Плявіньскага краю ўжо знаёмы, паколькі ў адзін час фальклорныя калектывы ўдзель­нічалі на міжнародным фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах. І гэта не адзіны звязваючы масток. Са здзіўленнем пачулі на прэзентацыі нашых літаратурных землякоў і клуба “Муза”, што ўшацкі паэт пераклаў на беларускую мову вядомую п’есу латышскага пісьменніка Яніса Райніса.

Госці з цікавасцю разглядалі беларускі струнны інструмент, высвятлялі, з чаго варыцца поліўка. Прыемна здзівіліся, што клёцкі – нашу нацыяльную страву з дранай бульбы робяць і яны.

У Плявіньскім краі таксама многа лясоў і вадаёмаў, аднак ні грыбы, ні рыбу самастойна госці не здабываюць. Айварс, напрыклад, лічыць гэта занадта пасіўным відам адпачынку: сур’ёзна заняўся веласпортам, наогул жа паведаміў, што ў іх рэгіёне добра развіты біятлон. Госці невыпадкова прасілі паказаць ім спартыўныя залы ў школах, цікавіліся спартыўнымі аб’ектамі – у мінулым кіраўнік адміністрацыі Плявіньскага краю сур’ёзна займаўся хакеем, а старшыня думы – лыжным спортам.

І шмат адрозненняў

Падчас прэс­канферэнцыю госці з Латвіі адказалі на пытанні аб сваім краі і ўражаннях аб паездцы. У прыватнасці, абмяркоўваючы пенсійны ўзрост, пашкадавалі, што ў Латвіі ён не такі, як у Беларусі (вызначаны 65­гадовы ўзрост для жанчын і мужчын і хутчэй за ўсё яшчэ будзе падымацца).

Плацяць латышы і сто працэнтаў камунальных паслуг, частковыя льготы існуюць толькі для сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва. Наогул для іх было незразумелым, чаму дзяржава бярэ на сябе выдаткі па камунальных паслугах. “Калі мы прыходзім у магазін, у нас жа не паўстае думкі, што можна ўзяць тавар і не аплаціць, а чым адрозніваецца падача вады, ацяплення ці вываз смецця. Гэта несправядліва і ў адносінах да жыхароў сельскай мясцовасці, якія самастойна нарыхтоўваюць дровы, падводзяць ваду“, – тлумачыў кіраўнік адміністрацыі Плявіньскага краю.

Расказаў ён, што поўнасцю платнымі з’яўляюцца і дыягнастычныя абследаванні ў бальніцы, якіх часта даводзіцца чакаць па месяцы, прыём вузкіх спецыялістаў. Давядзецца заплаціць і за выклік хуткай дапамогі, праведзеныя абследаванні, калі акажацца, што ён быў неабгрунтаваным і вы маглі прыйсці на прыём да ўрача.

Будзем супрацоўнічаць

На другі дзень адбыліся перагаворы, у якіх прынялі ўдзел старшыня Ушацкага раённага выканаўчага камітэта Віктар Віктаравіч Родзіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак і прадстаўнікі дэлегацыі Плявіньскага краю. Былі дасягнуты дамоўленасці аб супрацоўніцтве ў сферы адукацыі і культуры, а ў перспектыве і ў іншых галінах развіцця. Падпісаны дагавор у рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія­Літва­Беларусь” у межах Еўрапейскага добрасуседства і партнёрства на 2014­2020 гады.

“Дзякуй за свята душы, якое вы нам стварылі”

Шчыра казалі на развітанне госці, прыгадваючы і сустрэчу на мяжы гарпасёлка, і прыветлівасць дырэктара санаторыя “Лясныя азёры”, які стаў на гэтыя двое сутак домам, і маленькую дзяўчынку з Арэхаўна з вялізным бантам. “Падораныя нам сувеніры, створаныя ўласнымі рукамі, будуць нагадваць пра Ушачы і іх гасціннасць.” “Я пабывала ў вельмі многіх краінах, але такога прыёму не бачыла нідзе, – дзялілася ўражаннямі Гунта Жылдэ. “Ушаччына для нас паказала, якія шчырыя і гасцінныя беларусы. Мы ўбачылі, якая ў вас згуртаваная каманда, з такой можна ажыццявіць многае”, – дадаў Айварс Бардоўскас.

Так, паколькі нашы госці былі ўпершыню ў Беларусі, то менавіта па Ушаччыне будуць меркаваць пра ўвесь беларускі народ. А гледзячы на воды сваёй Даўгавы, цяпер заўсёды будуць прыгадваць нашу раку Ушачу, якая нясе сваю ваду ў Заходнюю Дзвіну, і нашу цудоўную Беларусь.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *