На центральной площади Ушач прошла весенняя ярмарка

Общество

Не толькі гараджане, але і многія вяскоўцы ў суботу з раніцы завіталі на цэнтральную плошчу гарпасёлка, дзе праходзіў веснавы кірмаш. Хоць і заяўлена было пачаткам мерапрыемства 9 гадзін раніцы, але самыя актыўныя пакупнікі традыцыйна пачалі цікавіцца цэнамі на розныя віды сельскагаспадарчай прадукцыі яшчэ за паўгадзіны да гэтага, калі арганізацыі яшчэ толкам не абсталявалі свае кропкі. Як заўсёды пастараліся работнікі спажывецкай кааперацыі, іх палаткі і гандлёвыя прылаўкі былі насычаны самымі разнастайнымі харчовымі таварамі. Гандлявалі свінінай і ялавічынай, у вялікім асартыменце былі мясныя і каўбасныя вырабы, субпрадукты. Асабліва адчуваўся прыход вясны і цяпла ля гандлёвых кропак са свежай садавінай і агароднінай.

Трэба адзначыць, што канкурэнтаў у райспажыўтаварыства практычна не было, пераманіць пакупнікоў спрабавалі сельгаспрадпрыемствы, ды і то па асобных відах тавараў. Вялікая чарга адразу выстраілася ля аўтамабіля ААТ “Агра­Селішча”, дзе можна было набыць ялавічыну па 50 тысяч рублёў за кілаграм. Насеннем акрамя селішчанцаў гандлявалі і аграрыі КУСГП “Глыбачаны”, “Вялікадолецкае”. На дастаўку арганікі можна было запісацца ў прадстаўнікоў “Райаграсэрвіса”. Сапраўдны ажыятаж назіраўся ля МАЗа ААТ “Ільюшынскі”, якое прапаноўвала недарагі ячмень. Хоць і фуражны, але такі чысты і прывабны на выгляд, што многія грамадзяне вырашылі набыць яго ў аб’ёмах больш запланаваных не толькі на корм жывёле, а і для сяўбы. “Кішэня апусцела, затое за 500 тысяч шэсць мяшкоў зерня атрымалася – поўны багажнік!” – дэманстраваў набытак немалады мужчына. “15 тысяч рублёў за вядро – вельмі добрая цана!” – дзяліліся меркаваннямі іншыя пакупнікі і выстройваліся ў чаргу.

Непадалёк чакалі новых уладальнікаў бычкі – “жывы” тавар на плошчу даставілі з “Глыбачан” і “Ільюшынскага”. Каштавала жывёла каля двух мільёнаў за галаву і выклікала інтарэс як у патэнцыяльных пакупнікоў, так і ў маленькіх наведвальнікаў кірмашу.

Коштам ніжэй магазіннага і добрай якасцю вызначалася прадукцыя прамкамбіната, якую прадпрыемства рэалізоўвала па складской цане: “На 83 тысячы танней чым у магазіне!” – па тэлефоне дзялілася ўражаннямі жанчына, упакоўваючы набыты камплект пасцельнай бялізны з якаснай тканіны Баранавіцкага камбіната. Ажыўлена было і ля радоў з саджанцамі, кустамі ягаднікаў фермера з Пастаўскага раёна. Гаспадар цікава расказваў пра тэхналогію іх вырошчвання, пра складнікі высокіх ураджаяў, рэкламаваў новыя сарты – ураджай з некаторых можна будзе паспрабаваць ужо восенню. Дзякуючы добрай якасці прадукцыі ў фермера ва Ушачах склалася кола пастаянных пакупнікоў, сярод якіх і Аліна Эдуардаўна Шараг. “Сёлета ўзяла вішні, а так ужо тры гады запар набываю розныя саджанцы ў гэтага фермера, прыжываюцца на сто працэнтаў!” – расказвала дырэктар райплемстанцыі.

Розныя віды камбікармоў, прычым з дастаўкай на дом, прапаноўвалі індывідуальныя прадпрымальнікі. Наведвальнікі кірмашу маглі набыць таксама сувеніры, розныя ласункі. Стараліся стварыць работнікі культуры і грамадскага харчавання, канечне, і добры настрой.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *