Ушаччина приняла участие в республиканском субботнике. Мемориальный комплекс «Прорыв» стал эпицентром трудового десанта

Общество

Даніна памяці загінуўшым. Так назваў рэканструкцыю мемарыяльнага комплексу “Прарыў” старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Шарснёў, які ў суботу разам з сотнямі ўшачан, сваімі намеснікамі, памочнікамі, начальнікамі ўпраўленняў і камітэтаў аблвыканкама працаваў менавіта тут. “Сучасныя суботнікі працягваюць добрую традыцыю, якая заключаецца ў аб’яднанні сіл дзеля важнай справы”, – выказаў меркаванне кіраўнік выканаўчай улады Віцебшчыны падчас размовы з журналістамі. Першапачаткова губернатар Прыдзвінскага краю азнаёміўся з ходам работ – іх на мемарыяле яшчэ хапае, але і выканана вельмі многа. Гэта адзначылі і М.М.Шарснёў, і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, які ўзначальвае абласны штаб па рэканструкцыі аб’екта. Аб зробленым далажыў старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч і разам з дырэктарам “Віцебскграмадзянпраекта” Наталляй Васільеўнай Касабука агучыў планы па завяршэнні работ. Кіраўнік нашага раёна падкрэсліў, што ўсе арганізацыі, якія задзейнічаны на рэканструкцыі “Прарыву”, не толькі імкнуцца выконваць свае аб’ёмы тэрмінова і якасна, працуюць без выхадных, але і праяўляюць ініцыятыву, самі прапануюць дапамогу, як і асобныя грамадзяне, жыхары навакольных вёсак.

Пасля гэтага работы разгарнуліся на ўсёй тэрыторыі комплексу і прылягаючых да ахоўнай зоны ўчасткаў, а наваколле напоўнілася гулам працуючай тэхнікі і інструментаў. М.М.Шарснёў і У.У.Цярэнцьеў пасадзілі некалькі дрэў на новай алеі, якая з’явілася на ўзгорку ля “Пляцоўкі Памяці” мемарыяла. Трэба сказаць, што з самага пачатку суботніку ўсе яго ўдзельнікі аб’ядналіся ў адзіную каманду – побач з кіраўніцтвам вобласці стварэннем алеі займаліся В.В.Родзіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеў­на Захарэнка, якія спрытна спраўляліся з работай, бо, як кажуць, набілі руку ў гэтай справе на шматлікіх папярэдніх суботніках.

Будуць свае дрэўцы на “Прарыве” і ў памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Аляксандра Рыгоравіча Пазняка, які таксама прыехаў на галоўны аб’ект рэспубліканскага суботніка ў давераным яму рэгіёне. Кіравала работамі на гэтым участку галоўны архітэктар раёна Галіна Віктараўна Дымман, некаторыя ўдзельнікі пасадкі дрэў удакладнялі ў яе правільнасць сваіх дзеянняў і не саромеліся звярнуцца за парадай. З асаблівымі пачуццямі прыязджае на “Прарыў” начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна­кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Мікалаевіч Севярын – ва ўшацкіх лясах ваяваў яго бацька, партызан брыгады імя І.В.Сталіна Мікалай Данілавіч Севярын.

Кіраўнікі ж многіх абласных галіновых аб’яднанняў накіраваліся да сваіх падначаленых і не толькі ўшацкіх – у суботу на “Прарыве” ў звыклым рэжыме працягвалі рэканструкцыю рабочыя з абласной генпадраднай арганізацыі, субпадрадчыкі. Адным з першых на суботнік прыбыў наш дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Аляксандравіч Даніловіч. Дырэктар Віцебскага лесагаспадарчага аб’яднання далучыўся да нашых лесаводаў, якія займаліся добраўпарадкаваннем прылягаючага ляснога масіву. Прычым працоўны дэсант лясгаса быў вельмі значным – побач з дырэктарам Віктарам Іванавічам Палынскім працавалі работнікі з Ушач, Плінскага і Кубліцкага лясніцтваў. Вельмі прадстаўнічай была працоўная дэлегацыя дарожнікаў. У той час як тэхніка адсыпала схілы трасы, дырэктар Ушацкага ДРБУ­105 Анатоль Іванавіч Коцур разам з рабочымі шуфлем раўняў асфальт, жанчыны з апарата кіравання КУП “Віцебскаблдарбуд” ланцужком перадавалі плітку і нават спецыяльнай машынай трамбавалі грунт! У маладога мужчыны, які на тачцы падвозіў гравій, запытаў, дзе сёння працуе іх начальнік, а ўбачыўшы ўсмешкі на тварах членаў вялікай дружнай каманды, зразумеў – гэта і быў генеральны дырэктар прадпрыемства Уладзімір Сямёнавіч Мацвееў.

Добры настрой быў і ў іншых удзельнікаў суботніка, значную колькасць якіх складалі “людзі ў пагонах”. Але адрозніць іх ведамасную прыналежнасць было складана, бо па зразумелых прычынах мундзіры яны не апраналі, а на рабочую камуфляжную форму знакі адрознення не наносяцца. Толькі надпіс на спіне “Следчы камітэт” выдаваў у мужчыне, які на беразе новага вадаёма старанна завіхаўся з лапатай, начальніка адпаведнага ўпраўлення па Віцебскай вобласці Уладзіміра Васільевіча Шалухіна, бабуля якога Ганна Васільеўна Пашкевіч была партызанкай і ўдзельніцай прарыву! Побач з ім не менш старанна працавалі начальнік абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Рыгоравіч Клобук, пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Іосіфавіч Дыско, начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Віктар Сяргеевіч Сянько. Аднолькава ўмела з лапатай, шуфлем, ці тачкай абыходзіліся начальнік упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Віцебскай вобласці Сяргей Міхайлавіч Феакцістаў, кіраўнік абласной мытні Уладзімір Мікалаевіч Касцяневіч, не мог не падаць прыклад ударнай працы на добраўпарадкаванні партызанскага пахавання ваенны камісар ваеннага камісарыята Віцебскай вобласці Ігар Феліксавіч Мартынаў. “Ці хапае сілы ў “сілавікоў”?!” – раздаўся неўзабаве ля берага вадаёма голас губернатара, які разам са сваёй працоўнай камандай пасля закладкі алеі перайшоў на гэты ўчастак. “А каму, як не нам закрываць траншэі з сілавым кабелем?” – жартавалі ў адказ кіраўнікі сілавых ведамстваў.

На супрацьлеглым баку таксама кіпела работа – тут прыбярэжную расліннасць акультурвалі прадстаўнікі ўшацкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Непадалёк ад іх размясціліся камунальнікі, якія на чале з дырэктарам Станіславам Браніслававічам Завадскім зараўноўвалі нарэзаныя цяжкай тэхнікай каляіны. Як заўсёды, адным з самых актыўных удзельнікаў суботніка сталі супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях, на бетонных работах, укладцы пліткі і добраўпарадкаванні быў задзейнічаны не адзін дзясятак чалавек з раённых аддзелаў унутраных спраў і Следчага камітэта, якія не адставалі ад свайго абласнога кіраўніцтва. Работнікі райвыканкама чысцілі малады сасоннік ля трасы, а тэрыторыя паміж ім і помнікам стала полем дзейнасці актывістаў з Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна. Такім чынам, дзякуючы граматнай арганізацыі, дакладнаму размеркаванню ўдзельнікаў, некалькі соцень чалавек не заміналі адзін аднаму, і выканалі значны аб’ём работ.

Рэспубліканскі суботнік на “Прарыве” праходзіў дружна, аператыўна і з патрыятычным уздымам, які яшчэ больш надаваў працоўнаму дэсанту атмасферы сапраўднага свята. Мікалай Мікалаевіч Шарстнёў адзначыў, што кіраўніцтва вобласці, дэпутаты лічаць гонарам разам з Ушаччынай прыняць удзел у рэканструкцыі мемарыяла і выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто прыняў удзел у суботніку – за працоўны ўклад і тыя сродкі, якія будуць пералічаны прадпрыемствамі і арганізацыямі, каб увесці аб’ект да свяшчэннай для кожнага беларуса даты, якой з’яўляецца Свята Вялікай Перамогі.

Д.РАМАНОЎСКІ.


У ДВАРАХ І СКВЕРАХ ГАРПАСЁЛКА

Гарачым быў халаднаваты суботні дзень ва Ушачах: літаральна на кожным кроку тут кіпела работа. Галоўным жа па маштабнасці і колькасці ўдзельнікаў стаў аб’ект на дваровай тэрыторыі дома №16 па вуліцы Ленінскай і прылеглых шматпавярховак. Пра тое, каб навесці тут парадак, мясцовыя жыхары марылі даўно. “Калі толькі ўехалі ў гэты дом у 1983 годзе, наш двор таксама быў новым і прыгожым. Але ж за столькі год тут амаль нічога не рамантавалася. Калі ж не так даўно з’явілася сучасная дзіцячая пляцоўка – на яе фоне астатняя тэрыторыя стала выглядаць яшчэ больш неахайнай. А таму калі да нас, жыльцоў, завіталі прадстаўнікі райвыканкама і УП ЖКГ і прапанавалі падчас рэспубліканскага суботніка папрацаваць у двары, мы з задавальненнем згадзіліся”, – расказваюць Тамара Шчукіна і Людміла Усцінава. Праект па добраўпарадкаванні гэтых дваровых тэрыторый быў распрацаваны некалькі год таму, аднак ажыццявіць яго не ўдавалася. Ідэю наконт таго, як зрабіць добрую справу талакой і знізіць кошт работ, прапанаваў старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч: да ўдзелу ў справе павінны падключыцца спецыялісты ЖКГ, архітэктурнай службы, дэпутаты райсавета і самі жыхары, а ў якасці некаторых будматэрыялаў можна ўзяць тое, што ўжо было ў выкарыстанні. Напрыклад, з пліткі, якая засталася пасля разбору старых будынкаў у Глыбачцы, былі выкладзены дарожкі, а на абрамленне для іх пайшлі былыя апоры сувязі. З названага аграгарадка прывезлі таксама дэкаратыўныя кусты і рабінкі, якія жыхары дамоў пад кіраўніцтвам майстра па азеляненні Святланы Ісаевай высадзілі ўздоўж новых дарожак. Неўзабаве на дваровай тэрыторыі з’явяцца гульнявыя пляцоўкі, кветнікі і газоны, месцы для паркоўкі. “Будзем бавіць тут час з дзецьмі і ўнукамі, з гонарам паказваць свой двор гасцям і пры гэтым адчуваць непасрэднае дачыненне да яго прыгажосці і ўтульнасці!” – каменціравалі свой удзел у суботніку жыхары пятага пад’езда дома №16 Валянціна Коршун, Тамара Касцюк, Сяргей Судак, Раіса Журко, сем’і Мяніцкіх і Пузаткаў. “Калі раніцай Ілья праз акно ўбачыў, што з усіх пад’ездаў выходзяць на работу суседзі, сказаў, што таксама хоча на суботнік”, – гаварыла Ірына Каваленка, якая працавала разам з сынам-­школьнікам. Адным словам, гэта была самая сапраўдная “народная будоўля”.

Яшчэ раз пра другое жыццё непатрэбных матэрыялаў давялося пачуць у гэты дзень на аб’екце па добраўпарадкаванні вадаёма за будынкам насенінспекцыі, работнікі якой разам з прыхаджанамі царквы “Выратаванне” выкладвалі каменнем рэчышча выкапанага тут летась канала. Як патлумачыла начальнік інспекцыі Галіна Мікалаеўна Кашко, камні, якія ўмацуюць берагі вадаёма, былі сабраны падчас ачысткі палёў “Ільюшынскага”, а яшчэ мяркуецца ўстанавіць тут драўляныя масткі, для вырабу якіх выкарыстаюць старыя апоры электраліній. У дбайнага гаспадара няма нягодных рэчаў – усё ідзе ў работу!

Папрыгажэлі пасля суботніка штучны вадаём на Камсамольскай, мікрараён катэджнай забудовы вуліцы Фрунзе, дзе прыклалі свае сілы камунальнікі, работнікі ЦРБ і райфінаддзела. Працавалі ўшачане на ўборцы пляжаў, могілак. І, напэўна, кожны жыхар гарпасёлка ўжо заўважыў, як папрыгажэла наша любімае месца адпачынку – сквер насупраць раённага Дома культуры. Настаўнікі дзіцячай школы мастацтваў змянілі музычныя інструменты на рабочыя, каб дэманціраваць старыя і ўстанавіць новыя лаўкі, а супрацоўнікі міліцыі займаліся вельмі “мірнай” справай – фарбавалі горкі і арэлі. “Мае дзеці ўжо выраслі, а вось пляменніца часта тут гуляе”, – з добрым настроем працаваў у парку пасля дзяжурства ў райаддзеле Яўген Сынкоў.

А вось зводная працоўная каманда райспажыўтаварыства, пошты і аддзела статыстыкі наводзіла парадак на акраіне – на тэрыторыі гаражоў ля ПМК­66. І працавалі яны тут літаральна да сёмага поту: выкопвалі карчы, нагрузілі некалькі прычэпаў смецця і нават адсартавалі з яго метал. “Тут абавязкова трэба ўстанавіць кантэйнер, ну а пакуль яго няма, папярэдзьце праз газету аўтаўладальнікаў: не дай Бог хто­небудзь зноў выкіне сюды смецце! Мы асабіста будзем гэта кантраляваць!” – выціраючы пот з ілба, ці то жартам, ці ўсур’ёз мовіла начальнік паштавікоў Галіна Іванаўна Свідзінская, а да яе думкі далучыліся і астатнія працуючыя. І гэта, дарэчы, яшчэ адзін вельмі важны плён суботніка: чалавек, які папрацуе на навядзенні парадку, сам ужо ніколі не кіне паперку міма урны ды і іншаму не дазволіць смеціць.

Н.БАГДАНОВІЧ.

ВЁСКІ  ПРЫГАЖЭЛІ  НА  ВАЧАХ

Здаецца, ніводны куточак Ушаччыны не застаўся ў гэты дзень без увагі ўдзельнікаў суботніка.

Пра тое, што ва ўсю ідзе работа ў Селішчы, стала зразумела яшчэ на пад’ездзе да вёскі: здалёк чуўся звон бензапіл, а ў паветры пахла дымам. Ля дарогі абрэзкай кустоў займаліся работнікі райгаза, а самы вялікі працоўны дэсант на тэрыторыі сельсавета быў заняты ля касцёла святой Веранікі.

– У Год культуры, якім аб’яўлены 2016­ы, навядзенне парадку ў такіх знакавых месцах – справа асаблівага значэння і гонару для нас, прадстаўнікоў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, – адставіўшы на хвіліну інвентар, адзначыла Галіна Іванова. – І хоць фронт нашай работы сёння дастаткова вялікі – трэба навесці парадак не толькі ў будынку касцёла, але і на прылеглай тэрыторыі, працуем з задавальненнем і без стомы.

У Вялікіх Дольцах планавалі застаць удзельнікаў суботніка ў парку па вуліцы Лясной. Але ж наведзены там ідэальныя парадак падказаў: спецыялісты сельвыканкама не чакалі суботы. Гэта пацвердзіў і яго старшыня Алег Леанідавіч Сыс, які зараз з работнікамі мясцовага лясніцтва і ўчастка ЖКГ займаўся добраўпарадкаваннем тэрыторыі вёскі.

– Стараюся рэгулярна дапамагаць роднаму сельвыканкаму, – не адрываючыся ад працэсу пабелкі дрэў, падзяліўся з намі былы работнік мясцовага сельгаспрадпрыемства Іван Леанідавіч Алексяёнак. – Вольнага часу ў мяне, пенсіянера, хапае, ёсць і фізічныя сілы. А рэспубліканскі суботнік – чым не нагода для ўдарнай працы? Спадзяюся, яе вынікі ацэняць землякі і госці Далеччыны.

Актыўна выйшлі на суботнік і ў аграгарадку Ільюшына. Ля канторы сельгаспрадпрыемства, дзе і так заўсёды парадак, старанна наводзілі бляск прадстаўніцы прыгожай паловы, а мужчыны займаліся абрэзкай кустоўя за машынным дваром.

Заўважыўшы непадалёк аўтамабіль старшыні сельвыканкама, накіраваліся ў той бок – тут была сканцэнтравана асноўная працоўная сіла сельсавета з ліку работнікаў ФАПа, ясляў­сада, участка ЖКГ, лясгаса.

– Уборку сада, пабелку дрэў у ім правялі загадзя, – расказала старшыня Жарскага сельвыканкама Святлана Цімафееўна Міхейка. – Зараз жа ўзяліся за кансервацыю аварыйнага дома, навядзенне ля яго парадку.

Наступным пунктам нашага прыпынку стала вёска Слабада, дзе кіравала працэсам, вярнуўшыся з не менш ажыўленага аб’екта на могілках ў Лутаве, старшыня Сарочынскага сельвыканкама Людміла Яўгенаўна Птушка. Работы хапае ўсюды, тым больш што многія населеныя пункты сельсавета з’яўляюцца візітоўкай Ушацкага раёна: праз іх праходзяць буйныя аўтадарогі. Тут жа, у Слабадзе, прадстаўнікі мясцовага лясніцтва і ТЦСАН наводзілі парадак ля абеліска загінуўшым землякам і ўздоўж дарогі.

Уразіла атмасфера, якая панавала ў гэты дзень у аграгарадку Глыбачка. На ўездзе ў населены пункт сустрэлі старшыню сельвыканкама Людмілу Валянцінаўну Вялюгу, якая правяла для нас “экскурсію” па асноўных аб’ектах суботніка ў аграгарадку. На ўборцы могілак, тэрыторыі ля аўтобусных прыпынкаў, уздоўж вуліц былі задзейнічаны работнікі сельвыканкама, аптэкі, школы, КПП, аддзялення “Беларусбанка” і іншых арганізацый. Прыемна, што многія працавалі сем’ямі: напрыклад, качагар участка ЖКГ Аляксандр Іванавіч Вялюга, вярнуўшыся з начной змены, далучыўся да агульнакарыснай справы, а каб работа ладзілася хутчэй, узяў уласны мотаблок. Такую ж тэхніку для правядзення суботніка не пашкадаваў і Раман Дзмітрыевіч Папельскі, старшыня мясцовай ветэранскай арганізацыі.

Напярэдадні выразалі кустоўе, фарбавалі агароджу помніка ў Глыбачцы работнікі ПУП “Ніксілбуд”. А непасрэдна ў суботу разборкай трухлявай гаспадарчай пабудовы, якая знаходзіцца на балансе сельгаспрадпрыемства, займаліся прадстаўнікі КУСГП “Глыбачаны”.

Не менш актыўна праходзіў суботнік у Дубраўцы Вяркудскага сельсавета. Навядзеннем парадку ля крыжа на ўездзе ў вёску, царквы і бальніцы сястрынскага догляду займаліся работнікі названай медустановы. Трэба сказаць, што многае было зроблена імі загадзя: разбіты і аформлены кветнікі, умацаваны дэкаратыўныя элементы. Зараз жа яны прыбіралі смецце і сухую расліннасць на ўездзе ў вёску, фарбавалі вароты бальніцы, помнік на воінскім пахаванні.

На тэрыторыі Ушацкага сельсавета было людна не толькі на “Прарыве” – тут таксама актыўна ішла работа па добраўпарадкаванні, прычым не толькі ў населеных пунктах уздоўж трасы да мемарыяльнага комплексу.

Рэспубліканскі суботнік, праведзены 23 красавіка на Ушаччыне, даказаў: у глыбінцы жывуць людзі, якія ўмеюць і любяць працаваць. Таму калі яны бяруцца за справу, то аддаюць ёй усе сілы, яднаюцца ў годнай і высакароднай справе на карысць грамадства.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

***

Ушацкі раённы выканаўчы камітэт паведамляе банкаўскія рэквізіты для пералічэння грашовых сродкаў, заробленых у дзень правядзення рэспубліканскага суботніка: “Ушацкі раённы выканаўчы камітэт, 211524, г.п.Ушачы, вул.Ленінская, 12, УНП 300007392, разліковы рахунак 3641903000022 у разлікова-касавым цэнтры №37 у г.п.Ушачы філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” – Віцебскае абласное ўпраўленне, адрас банка: 211524, г.п.Ушачы, вул.Савецкая, 24, УНП банка 300149648, код банка 150801424”.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *