В Ушачском районе набирает темп кормозаготовка

Сельское хозяйство

З панядзелка, калі касавіцу пачалі механізатары КУСГП “Арэхаўна”, усе гаспадаркі раёна ўжо былі задзейнічаны на забеспячэнні жывёлы кармамі ўзімку. Першая ж сянажная траншэя яшчэ на мінулым тыдні была закладзена на комплексе “Завячэлле”, дзе працаваў зводны раённы мехатрад.

Дзякуючы дапамозе калег з іншых сельгаспрадпрыемстваў на пачатак тыдня ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” упэўнена трымаўся на вяршыні раённых зводак. У цэлым гаспадаркі скасілі першым укосам пятую частку з запланаваных 5 тысяч гектараў, убраны травы на плошчы 726 гектараў, з якіх 479 – не землях “Райаграсэрвіса”.

На мінулым тыдні тут працавалі два ўласныя і адзін КВК­-800 з КУСГП “Арэхаўна”, 5 касілак, дзве адзінкі тэхнікі на валкаванні і восем – на адвозцы: трактары з КУСГП “Глыбачаны”, ААТ “Ільюшынскі”, ДРБУ-­105, МАЗ з ПУП “Ляснеўшчына” і тры ўласныя самазвалы. Тэхніка з прычэпамі, запоўненымі сумессю люцэрны і злакавых траў, праз вагі накіроўвалася да траншэі. Улічваючы хуткасць паступлення зялёнай масы, на трамбоўцы выкарыстоўвалася дзве адзінкі тэхнікі: МТЗ­-3022 маладога механізатара Ягора Захарэнкі і “Амкадор” Міхаіла Лаўрыновіча з КУСГП “Кублічы”.

Па словах намесніка дырэктара “Райаграсэрвіса” Уладзіміра Уладзіміравіча Верташонка, які кантраляваў працэс закладкі траншэі, выкарыстанне такой колькасці тэхнікі дазваляе вырашыць адну з важнейшых задач – зменшыць тэрмін закрыцця корму і павысіць яго якасць, ад чаго напрамую будуць залежыць надоі малака і прывагі ў стойлавы перыяд:

– Такім чынам паказчыкі ў жывёлагадоўлі закладваюцца ўжо сёння, – канстатаваў спецыяліст. – Удзячны калегам з іншых гаспадарак, шэфам з арганізацый за разуменне і дапамогу. Стараемся строга прытрымлівацца тэхналогіі, належным чынам трамбуем – “Амкадор” працуе і ноччу. Сёння да вечара згодна з патрабаваннямі накрыем сянаж поліэтыленавай плёнкай, прыціснем уздоўж усёй траншэі гумавымі шынамі. Працавалі чатыры дні, на працягу якіх ападкаў не было – надвор’е спрыяе.

Пытанне нарыхтоўкі менавіта якасных кармоў стаіць востра. Непасрэдна на траншэі комплексу “Завячэлле” ў гэты дзень з вільгацямерам і тэрмометрам кантроль вяла Ірына Браніславаўна Луканевіч.

– Улічваючы тое, што абавязковай умовай атрымання якаснага сенажу з’яўляецца хуткая, на працягу лічаных дзён закладка траншэі, пры пастаянным яе трамбаванні, а тэхнікі для гэтага не ў кожным таварыстве дастаткова, па ініцыятыве старшыні райвыканкама створаны кормаўборачны атрад, – расказвала загадчыца ветбаклабараторыі. – Кіраўнікі гаспадарак, дзе пакуль касавіца не пачалася, адклікаюцца на просьбу і аказваюць дапамогу. Узаемавыручка – гэта адзін з галоўных фактараў. Да таго ж, усе разумеюць, што робяць агульную справу.

Замеры, якія І.Б.Луканевіч вяла на працягу ўсяго дня, паказвалі, што тэмпература зялёнай масы ў 32 градусы адпавядала нормам, а вільготнасць правяленай травы складала 45 працэнтаў – таксама прымальны для закладкі паказчык. Прыборы для вызначэння вільготнасці зялёнай масы і тэрмометры маюцца ва ўсіх гаспадарках, і пастаянны кантроль за ходам закладкі і якасцю кармоў павінны ажыццяўляць спецыялісты зааветэрынарных службаў сельгаспрадпрыемстваў.

Зразумела, што пры спрыяльным надвор’і выкарыстоўваць тэхніку на “зялёным канвееры” аграрыі будуць увесь светлавы дзень і працаваць без выхадных. Напрыклад, у нядзелю за першы дзень працы вялікадолецкія механізатары заклалі ў траншэю 250 тон сенажу. З пачаткам масавай касавіцы памочнікі з “Райаграсэрвіса” раз’ехаліся па сваіх гаспадарках, аднак практыка аб’яднання ў корманарыхтоўчыя атрады захавалася – такі, напрыклад, створаць суседзі з ААТ “Агра-­Селішча” і КУСГП “Кублічы”. На дапамогу сельгаспрадпрыемствам традыцыйна прыйдуць шэфы з арганізацый і прадпрыемстваў. Паралельна будзе весціся нарыхтоўка сена, але галоўная задача – тэрміновая закладка сенажу.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *