С 1 июля разрешена охота на медведя: новые правила и советы при встрече с хищником

Калейдоскоп

Указам Прэзідэнта №420 скарэкціраваны Правілы палявання і вядзення паляўнічай гаспадаркі, у прыватнасці, стала магчымым паляванне на мядзведзя ў асаблівым рэжыме, які дазваляе рэгуляваць іх колькасць на падставе распрацаваных Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі планаў кіравання папуляцыямі.

Здабываць драпежніка любога полу і ўзросту паляўнічыя могуць з 1 ліпеня па 31 снежня. Паляваць з ружжом дазволена на працягу сутак з засады, з падыходу ў прысутнасці кіраўніка палявання. Пры гэтым можна выкарыстоўваць: наразную паляўнічую зброю (пералік патронаў, дазволеных для здабычы мядзведзя, вызначаны пастановай Мінлясгаса ад 20 лютага 2025г. №3); гладкаствольную паляўнічую зброю не менш 16 калібра з выкарыстаннем патронаў, заражаных куляй; паляўнічых сабак, пароды якіх вызначаюцца па рашэнні карыстальніка паляўнічых угоддзяў. Важны момант: здабываць мядзведзя могуць асобы, якія маюць стаж палявання не менш трох гадоў.

Магчымасць папаляваць на мядзведзя прадастаўляюць Бягомльскі, Багушэўскі, Віцебскі, Лёзненскі, Суражскі, Барысаўскі і Ушацкі лясгасы. Даступна гэта і ў паляўнічых гаспадарках РДГА “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” у Віцебскай вобласці (Віцебская, Глыбоцкая, Докшыцкая, Лёзненская, Аршанская) і Мінскай (Барысаўская). Менавіта на ўказаных тэрыторыях адзначаецца высокая шчыльнасць звера.

Найбольшая колькасць мядзведзяў знаходзіцца на Віцебшчыне: тут сканцэнтравана 73% беларускай папуляцыі. Па падліках, у нашай вобласці касалапых каля тысячы асобін. Прыкметны рост у апошнія гады звязаны з тым, што ў дзікай прыродзе ў гэтага звера няма ворагаў, ёсць добрая кармавая база, а здабываць мядзведзя забаронена. Адкрыццё палявання не азначае, што яго будуць масава адстрэльваць. Для кожнай паляўнічай гаспадаркі вызначаны пэўны ліміт. Напрыклад, на нашай тэрыторыі ў гэты сезон запланавана здабыць усяго некалькі асобін, – тлумачыць інжынер па паляўнічай гаспадарцы Ушацкага лясгаса Андрэй Скарабагаты.


Мы папрасілі спецыяліста даць нашым чытачам некалькі парад, што рабіць, калі сустрэлі мядзведзя ў лесе.

➤ У месцах верагоднай сустрэчы з мядзведзем варта рухацца досыць шумна, бо звяры звычайна баяцца людзей і імкнуцца схавацца. Бытуе меркаванне, што калі мядзведзь стаў на заднія лапы, значыць, ён рыхтуецца да атакі. Гэта не так – ён прымае такую позу, каб агледзецца навакол. Чалавеку пры гэтым трэба стаяць, быць спакойным.

➤ Не бяжыце – уцячы ад бурага ўсё роўна не атрымаецца, ён здольны рухацца з хуткасцю 70 кіламетраў у гадзіну! Адыходзіць ад жывёлы – без рэзкіх рухаў, крокам – варта толькі тады, калі яна не глядзіць.

➤ Нельга паварочвацца да звера спіной. Толькі на адлегласці 10-15 метраў можна павярнуцца бокам. Калі драпежнік пачынае праследаваць, варта спыніцца і не сыходзіць з месца.
Дапушчальна кінуць у лапы зверу нейкую рэч, напрыклад, ранец ці пакет. Пакуль той будзе вывучаць незвычайны прадмет, ёсць шанц адысці.

➤ Калі ў лесе сустрэлася медзведзяня, гладзіць яго ні ў якім разе нельга – дарослы звер можа расцаніць гэта як пагрозу для малога. Памятайце: проста так касалапы не стане нападаць на чалавека.

Падрыхтавала Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *