Ёсць рэчы, на якія можна глядзець бясконца. Вядомы выраз узгадаўся ў час візіту на стайскія палеткі, дзе гэтымі днямі шчыравалі на ўборцы “каралевы палёў” аграрыі ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”.
Толькі ў “новай рэдакцыі” народнага выслоўя агонь і ваду замяніў бы паток сонечна-жоўтага кукурузнага зерня, што амаль няспынна ліўся з бункераў камбайнаў у кузавы грузавікоў і ад якога сапраўды было не адарваць вачэй. А вось фраза “як працуе іншы чалавек” засталася б нязменнай – за плённай і зладжанай работай камбайнераў і вадзіцеляў філіяла “Баброва-Агра” сачыць было вельмі прыемна.
Прадпрыемства сёлета адвяло 730 гектараў ушацкіх палеткаў пад каштоўную культуру, якую потым перапрацуюць у спажыўны камбікорм для свіней.
Нязменным застаўся і гатунак “Радрыгес” – раянаваны раннеспелы гібрыд, які добра сябе зарэкамендаваў на нашых глебах. А вось ураджайнасць сёлета меншая: халаднаваты і вільготны жнівень не даў магчымасці пачаткам дасягнуць максімальных памераў. А значыць, яшчэ больш важна ўбраць кукурузу ў аптымальны тэрмін – на працягу двух тыдняў пасля надыходу так званай фазы “чорнай кропкі” – моманту, калі зерне ў месцы ля асновы зярняўкі пачынае набываць цёмны колер, максімальна назапасіўшы сухія рэчывы.
Для аператыўнага выканання задачы на ўшацкія ўчасткі адправіўся вялікі дэсант: у чацвер тут працавалі чатыры зернеўборачныя машыны. Самы малады камбайнер – Арцём Прыяўка выгрузіў чарговы бункер і разам са сваім памагатым Аляксандрам Паляніным ухіляў дробную паломку ў механізме жняяркі. “Калі на жніве збожжавых мы ў асноўным спраўляемся ў адзіночку, то на гэтай культуры без памочніка складана: пасля кожнага бункера трэба чысціць рэшаты, асабліва ў пачатку ўборкі, калі зерне больш вільготнае”, – патлумачыў Арцём і згадзіўся правесці для нас невялікую палявую экскурсію ў кабіне сваёй тэхнікі.

Эксперыментальны ротарны камбайн GR-700 на “Гомсельмашы” выпусцілі ў абмежаванай колькасці, прэзентаваўшы навінку на выставе “БЕЛАГРА-2022”. Адна з машын трапіла ў “Баброва-Агра” – яе і даручылі стараннаму механізатару. Канструктары працягваюць удасканальваць мадэль, таму перыядычна прыязджаюць да аграрыяў і тэсціруюць механізмы, робяць даводкі. У машыны ёсць карысныя навіны: напрыклад, на жняярках стаяць “капіры” – механізмы, што “паўтараюць” рэльеф, каб захаваць аднолькавую вышыню зрэзу. Па меркаванні Арцёма, камбайн асабліва ўдала праяўляе сябе менавіта на ўборцы кукурузы. Наш суразмоўца з тэхнікай на “ты”: шчыруе ўжо на восьмай уборачнай, да таго ж мае дыплом сельгасакадэміі – праўда, на інжынерскую пасаду пераходзіць пакуль не збіраецца: кажа, што ў кабіне адчувае сябе больш арганічна. А яшчэ хваліць калектыў філіяла, у якім адразу прыжыўся.
І сапраўды, нават за невялікі час, што давялося правесці на полі, мы адчулі пазітыўную атмасферу зладжанай работы, дзе кожны дакладна ведае сваю справу і ўмела яе выконвае.

Камбайны не прастойваюць: напаўняецца бункер – ідзе сігнал па рацыі і тут жа пад’язджае грузавік. “Дастаўляем зерне ў Лепель, круг – 140 кіламетраў, таму на адвозцы шэсць адзінак. Хлопцы за раз грузяць каля 27 тон, а мой КамАЗ з прычэпам змяшчае аж 45”, – тлумачыць нам Артур Сергяёнак, які між справай яшчэ і каардынуе дзеянні вадзіцеляў: перадае ім, да каго пад’ехаць, раз-пораз накіроўвае да машын магутны “Кіравец”, які дзяжурыць на полі, каб пры неабходнасці выцягнуць засеўшыя ў мяккай глебе цяжкія самазвалы. Здавалася б, тэлефоны зараз усемагчымымі функцыямі нашпігаваныя, але рацыя ўсё роўна ў такім працэсе застаецца незаменнай: уся палявая каманда адначасова на сувязі. А спадарожна хлопцы адзін аднаго падбадзёрваюць, агульны тонус узнімаюць. За час палявой экскурсіі якіх толькі жартаў не наслухаліся! Хоць і шэрым было неба ў гэты дзень, але настрой на кукурузных палетках адпавядаў сонечнаму колеру спелага зерня.
Апроч кукурузы “Віцебскаграпрадукт” сёлета вырошчваў на ўшацкіх палетках і азімае жыта, якім занялі 790 гектараў. “У папярэднія гады мы сеялі тут рапс і яравыя зерневыя, а ў гэты раз паспрабавалі новую культуру, выпрабоўвалі перспектыўныя гібрыды “Тайа”, “Фарзэці” і “Нэзры”, якія даюць высокія ўраджаі. Неспрыяльнае надвор’е не дазволіла дасягнуць чаканых намалотаў, але і атрыманыя 56 цэнтнераў з гектара па такім складаным годзе – неблагі вынік”, – расказвае дырэктар філіяла “Баброва-Агра” Ігар Іванюта.
Наталля БАГДАНОВІЧ.