Проверенные методы борьбы с вредителями на участках: советы опытных ушачан

Калейдоскоп Саветы і жыццё

Якімі спосабамі вы змагаецеся са шкоднікамі на ўчастках? З такім пытаннем мы звярталіся да нашых чытачоў, паколькі няма нічога лепшага, чым правераны метад.

Леанід Усцінаў: Супраць мурашоў самым эфектыўным лічым парашок “Бос” – ён прадаецца на рынку. Сыплем яго і па дарожках, і ўздоўж цяпліц – непасрэдна пад кусты раслін ці на градкі, канечне, не. Спрабавалі паліваць хады разведзеным нашатыром – хапае хіба на суткі. Суседзі выкарыстоўвалі сухія дробныя крупы: манну ці проса. Лічыцца, што яны разбухаюць у брушку – і насякомае гіне. Хаця якім бы эфектыўным ні падаўся метад, на наступны год гнёзды ўсё роўна з’яўляюцца. А вось ад кратоў нядаўна набылі ўльтрагукавыя адпужвальнікі (заказвалі на вайлдберысе). Яны падобныя на садовыя ліхтарыкі: падзараджаюцца ад сонечных батарэй і перыядычна выдаюць сігналы, якія не падабаюцца кратам, грызунам (пішацца, што ў тым ліку і мядзведкам). Устаўляюцца яны ў зямлю, і пакуль што па перыметры свежых бугаркоў няма.


Валянціна Шышова: Чым толькі ні змагаліся з кратамі, апрабавала, напэўна, усе прапанаваныя ў інтэрнэце сродкі, нават тухлы селядзец у норку запіхвала, а назаўтра атрымала “здачу” – на паверхні ляжаў аб’едзены шкілет. Таму самым эфектыўным спосабам лічым краталоўкі, прыкметна пачысцела, тым больш што вядома: нават адна асобіна займае значную плошчу сада ці агарода.

Дарожкі мурашоў пасыпаю звычайнай содай, не думаю, што гэты сродак мае працяглы тэрмін уздзеяння, але на наступны дзень усе насякомыя зніклі. Кладку з яйкамі, калі яна не пад карэннямі раслін, можна паліць варам – эфектыўна і няшкодна для глебы.


Аляксандр Шасцярэнь: Знайшлі просты, аднак дзейсны метад адлоўлівання мядзведак. У паўтаралітровую пластыкавую бутэльку наліваем вады і дадаем 2-3 сталовыя лыжкі нерафінаванага алею. Потым трэба патрэсці ёмістасць, а ў накрыўцы зрабіць адтуліну для паліву. У ход мядзведкі, ён прыкладна сантыметр у дыяметры, выліць нямнога сумесі і пачакаць: насякомае вылазіць праз тры хвіліны, а то і раней. Канечне, сустракаюцца і пустыя хады.


Валянціна Коршун: Паедзеныя не толькі клубніцы, але і лісты капусты, морквы? Гэта слізнякі, апетыту якіх можна пазайздросціць і менавіта на гэтым я іх і лаўлю. Ствараю простыя прынады – пакідаю ў зацененых месцах участка дошкі, фанеру, шчыльны кардон – любыя плоскія прадметы, што не прапускаюць святло. Ніз іх змочваю ці змазваю кефірам або кладу пад іх скуркі цытрусавых, гарбуза. Слізнякі любяць хавацца ў такіх месцах – і варта толькі перавярнуць, сабраць і знішчыць: можна пасыпаць іх соллю, пральным парашком, паліць воцатам, нашатыром – нечым агрэсіўным.

Падрыхтавала
Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *