Место, где рождаются деревья. В лесопитомнике Ушачского лесхоза выращивают качественный посадочный материал

Общество

У лясных угоддзях нашага раёна ёсць асаблівае месца – лесапітомнік Ушацкага лясгаса. Першыя расліны тут былі закладзены ў 1987 годзе, а ў сённяшні час на плошчы ў 12,3 гектара штогод вырошчваюць больш за 4000 тысячы штук якаснага пасадачнага матэрыялу.

Работнік лясгаса А.Шамшура ў лесапітомніку.

Звычайнаму абывацелю на першы погляд можа падацца, што каб атрымаць саджанцы, лесаводы проста кідаюць у зямлю насенне і чакаюць, пакуль прарастуць дрэўцы. Насамрэч, існуе цэлы цыкл работ, якія практычна не спыняюцца. Сеянцы соснаў і елак тут песцяць, нібы немаўлят.

– Насенне мы закрываем спецыяльнай сеялкай у пасяўныя аддзяленні. Адтуль сеянцы трапляюць у так званую “школку”, прызначаную для вырошчвання саджанцаў. Там пастаянна праполваем іх, апрацоўваем, абараняем ад шкоднікаў. На адным баку размешчаны апошнія пасевы, на другім – матэрыял, які ўжо хутка падыдзе да высадкі на дзялянкі, – расказвае начальнік лесапітомніка Сяргей Машчонак.

Дужэюць расліны і пад адкрытым небам, і ў закрытым грунце – для вырошчвання пасадачнага матэрыялу спецыяльна пабудаваны вялікія цяпліцы, абсталяваныя сістэмай паліву і зацямнення. Любавацца зялёным дываном маленькіх раслін тут, здаецца, можна бясконца.

Лесавод В.Дзятлоўская за праполкай раслін.

У прыязным суседстве з хвойнікамі размяшчаюцца і ліставыя пароды дрэў. Хоць і не ў такой вялікай колькасці, як сасна і елка, але прарастаюць у пітомніку бярозы, дубы, ліпы, клёны, ясені і алешына. Такім чынам, лясгас поўнасцю забяспечвае свае патрэбы ў пасадачным матэрыяле, прычым, вельмі добрай якасці.

Не толькі дрэвы нараджаюцца ў пітомніку, а і дэкаратыўныя расліны. Калісьці пачыналі са звычайных туй, а затым відавая разнастайнасць значна павялічылася. Растуць тут самшыт, кізільнік, лапчатка, дзёран абрамлены, спірэя, розныя віды ядлоўцу, фарзіцыя, барбарыс і многае іншае. Для іх выдзелена асобная тэрыторыя, а таксама цяпліца, дзе ўкараняюцца чаранкі раслін.

– Ужо зараз у нашым пітомніку можна набыць нават… навагоднюю елку ў кадцы і гадаваць яе нават пасля свята! Сапраўды, многія ўшачане прывыклі бачыць нашу прадукцыю толькі падчас кірмашоў, але на такіх мерапрыемствах, зразумела, можам прапанаваць толькі частку таго, што вырошчваем. А некаторыя наогул не ведаюць, што не трэба накіроўвацца ў горад, каб купіць незвычайныя расліны. Так што будзем рады, калі нашы саджанцы ўпрыгожаць участкі землякоў, – расказвае намеснік дырэктара Ушацкага лясгаса Вераніка Пацэйка.

Падчас апрацоўкі пасеваў.

З усімі справамі на пітомніку спраўляецца калектыў з сямі чалавек. Кожнае лета ім на дапамогу прыходзяць студатрадаўцы, якія займаюцца праполкай. Памочнікамі, якіх у сёлетні сезон было больш 30, у лясгасе задаволены. Асноўныя ж работы тут заканчваюцца позняй восенню ці з першым снегам, а пачынаюцца ранняй вясной, як толькі ўсталюецца спрыяльнае надвор’е. Але і ў гэты адрэзак часу лесаводы не сядзяць склаўшы рукі – займаюцца падрыхтоўкай насення.

Трэба адзначыць, што вялікую ўвагу ўдзяляюць добраўпарадкаванню і свайго аб’екта: кожны год тут з’яўляюцца новыя архітэктурныя формы, кветнікі, падтрымліваецца чысціня ў гаспадарчых памяшканнях і на ўсёй немалой тэрыторыі. Дарэчы, сёння ўшацкія лесаводы дзеляцца вопытам са сваімі калегамі з розных рэгіёнаў – удзельнікі рэспубліканскай калегіі Міністэрства лясной гаспадаркі падчас практычнай часткі нарады наведаюць некалькі вытворчых аб’ектаў Ушацкага лясгаса, у тым ліку пітомнік.

Вольга КАМАРКОВА.

“Дэкаратыўка” ідзе не толькі на добраўпарадкаванне тэрыторый лясгаса, а і на продаж насельніцтву. Набыць расліны можна, завітаўшы ў пітомнік у рабочыя дні з 8 да 17 гадзін. Прычым, цэны на іх вельмі прымальныя – ад 12 да 16 рублёў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *