На сессии районного Совета депутатов рассматривался вопрос о состоянии правопорядка и предупреждении гибели людей от внешних причин

Саветы і жыццё

На чарговай чацвёртай сесіі раённага Савета дэпутатаў было разгледжана пытанне стану правапарадку і законнасці на тэрыторыі раёна, агучаны і прааналізаваны вынікі работы мабільных груп і камісій па вывучэнні стану бяспекі жыллёвага фонду і папярэджанні гібелі людзей ад знешніх прычын, ход рэалізацыі на Ушаччыне Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”.

Правапарадак пад кантролем

Аналізуючы стан правапарадку і законнасці на тэрыторыі раёна за пяць месяцаў бягучага года, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама В.Шахаў вылучыў як станоўчыя, так і адмоўныя моманты. Да апошніх варта аднесці рост у параўнанні з адпаведным мінулагоднім перыядам колькасці зарэгістраваных злачынстваў (з 52 до 57, + 9,6 %), з-за чаго ўзровень крыміналізацыі складае зараз 42,5 злачынства на 10 тысяч насельніцтва, тады як у сярэднім па вобласці 34,1. Найбольшы рост колькасці злачынстваў адзначаны на тэрыторыі Ушацкага сельсавета (+18).

Станоўчым момантам можна лічыць адсутнасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, павышэнне працэнта раскрывальнасці злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку (77,8%, летась – 69,7%, +8,1%, сярэднеабласны паказчык – 71,1%). Так, пры павелічэнні колькасці крадзяжоў (32 выпадкі супраць 29 леташніх) раскрывальнасць палепшылася на 12,6%. Вострай праблемай застаюцца крадзяжы з дачных дамоў, гаспадары якіх не прымаюць належных мер па іх прадухіленні (здзейснена 15, выкрыта 11).

Са студзеня па чэрвень выяўлены 4 эканамічныя злачынствы (на 1 больш, чым летась), 2 з якіх належаць да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх, 3 злачынствы супраць інтарэсаў службы, 2 факты перавышэння ўлады або службовых паўнамоцтваў, 1 – атрымання хабару.

На жаль, зарэгістравана крымінальнае злачынства з удзелам непаўналетніх (летась на гэты перыяд іх не было). З 7 да 9 павялічылася колькасць злачынстваў, здзейсненых асобамі, што маюць судзімасць – гэта сведчыць пра недастатковасць прафілактычнай работы з такімі грамадзянамі. А вось злачынствы пад уздзеяннем алкаголю і групай асоб істотна знізіліся (з 12 да 4 і з 5 да 2 адпаведна).

Працягваецца работа па супрацьдзеянні п’янству і алкагалізацыі насельніцтва. З пачатку года 9 жыхароў раёна накіравана ў ЛПП, 17 прыцягнута да адказнасці за незаконны абарот алкагольных напіткаў. Са 172 да 254 узрасла колькасць выяўленых выпадкаў распіцця або з’яўлення ў п’яным відзе ў грамадскіх месцах, зарэгістравана 33 факты знаходжання ў нецвярозым стане на рабоце, выяўлена 2 выпадкі спойвання непаўналетніх.

У выніку работы саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку працаўладкавана 9 чалавек, 17 пралечана ад алкагольнай залежнасці, 13 аказана дапамога ў афармленні дакументаў, што засведчваюць асобу.

У мэтах папярэджання крадзяжоў толькі ў перыяд пасяўной кампаніі праведзена больш 50 праверак арганізацыі вартавой аховы ў сельгаспрадпрыемствах. У 10-ці выпадках вартаўнікі на аб’ектах адсутнічалі, у 6-ці былі ў стане ап’янення.

Дзейсны спосаб прафілактыкі і раскрыцця злачынстваў – устаноўка ў грамадскіх месцах сістэм відэаназірання. Па патрабаваннях імі трэба абсталяваць 36 аб’ектаў, тады як зараз камеры маюцца на 25. Няма іх у такіх людных месцах, як рынак, на некаторых магазінах райцэнтра, кафетэрыі ў Сарочыне, АЗС у Градзянцы.

Актыўна вялася работа па наглядзе за дарожным рухам. Выяўлена 2580 парушэнняў правілаў, у тым ліку 17 вадзіцеляў затрымана п’янымі за рулём, зафіксавана 730 выпадкаў перавышэння хуткасці руху (летась – 587). Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута і 336 пешаходаў (летась – 250).

Такім чынам, можна канстатаваць, што ў цэлым аператыўная абстаноўка на тэрыторыі раёна застаецца стабільнай, кіруемай і падкантрольнай.

Акцэнт – на прафілактыку здарэнняў

Ва Ушацкім раёне наладжана дзейсная сістэма папярэджання і ліквідавання надзвычайных сітуацый, пра якую расказаў начальнік РАНС С.Аваднёў.

Найбольш характэрны для нас від надзвычайных сітуацый – пажары. З пачатку бягучага года іх адбылося 7 (на 2 менш, чым летась), не дапушчана гібелі людзей (у 2017 загінула 2 чалавекі). РАНС наладжана цеснае ўзаемадзеянне з сельвыканкамамі па пытаннях супрацьпажарнай бяспекі: рэгулярна абследуюцца домаўладанні, выяўляюцца факты няспраўнасці пячнога ацяплення і электраправодкі, праводзяцца сельскія сходы, інструктажы насельніцтва, работа па ўхіленні выяўленых недахопаў, карэкціроўка спісаў домаўладанняў мнагадзетных сем’яў, адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян і інвалідаў І і ІІ груп, прафілактычныя мерапрыемствы з асобамі асацыяльных паводзін.

Сумесна з землеўпарадкавальнай службай сістэмнай з’яўляецца работа з уласнікамі ўчасткаў, на якіх не ўбіраецца сухая расліннасць, гаручае смецце – выдадзена 39 адпаведных прадпісанняў. Пажарна-тэхнічныя камісіі абследуюць ведамасны жыллёвы фонд, аднак меры па прывядзенні яго ў пажарабяспечны стан прымаюцца не ва ўсіх выпадках.

Пастаянную прафілактычную работу вядзе газавая служба. З пачатку года выдадзена 269 прадпісанняў, з іх выканана 184, праведзена 371 поўнае тэхнічнае абслугоўванне і 203 сезонных. Раённай інспекцыяй энерганагляду прымаюцца меры рэагавання па ўсіх фактах парушэнняў правіл бяспекі ў жыллёвым фондзе. Сіламі работнікаў УП ЖКГ арганізаваны пастаянныя рэйды па праверцы стану гарышчаў, падвалаў, тэхнічных і падсобных памяшканняў, месцаў агульнага карыстання ў жылых дамах, іншых збудаваннях. Актыўная супрацьпажарная работа вядзецца і іншымі зацікаўленымі суб’ектамі.

Разам з тым, маюцца і пэўныя недахопы. Так, падчас праведзеных работнікамі РАНС маніторынгаў устаноўлены шэраг парушэнняў пажарнай бяспекі ў інтэрнатах ПМС і УП ЖКГ, звязаныя з няспраўнасцю аўтаматычнай сістэмы пажарнай сігналізацыі і адсутнасцю дагавораў на яе абслугоўванне. Работа па ўхіленні хібаў ужо распачата.

Шануем спадчыну, вітаем творчасць

Рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, разлічанай на 2016-2020 гады, ва Ушацкім раёне ажыццяўляецца планамерна і комплексна. Пра тое, што зроблена ў гэтым напрамку летась, і пра задачы на бягучы год распавядалі на пасяджэнні выконваючы абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама І.Бельская, дырэктар музея народнай славы імя У.Е.Лабанка Н.Бугай і дырэктар Ушацкай ЦБС Н.Каваленка.

Рэгіянальны комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі прыгаданай праграмы ўключае падпраграмы “Спадчына” і “Мастацтва і творчасць”. Задачай першай з’яўляецца павышэнне якасці і разнастайнасці паслуг бібліятэк і музеяў. Праграма прадугледжвае дзяржаўнае фінансаванне – у 2017 годзе па падпраграме “Спадчына” даведзены два мэтавыя паказчыкі. Першы – па забеспячэнні бягучых выдаткаў для арганізацыі дзейнасці бібліятэк, музеяў – пры планавым аб’ёме фінансавання 331 тысяча 471 рубель выканана 307 тысяч 785 (прычына – нястача сродкаў у раённым бюджэце), а вось другі мэтавы паказчык па папаўненні бібліятэчнага фонду пры планавым аб’ёме 27 тысяч 848 выкананы на 28 тысяч 457. Фонд бібліятэчных дакументаў ЦБС складае зараз 166033 экзэмпляры і штогод абнаўляецца на 5%. Прырост колькасці наведванняў музея да ўзроўню 2015 года склаў 12,1% – 14646 чалавек.

Разам з тым, у 2017 годзе не выкананы два мэтавыя паказчыкі падпраграмы “Спадчына”: колькасць наведванняў бібліятэк, у тым ліку аддаленымі карыстальнікамі, і прырост аб’ёму музейнага фонду. Асноўныя прычыны – закрыццё гарпасялковай і Касарской бібліятэк і адсутнасць бібліёбуса для абслугоўвання вясковых чытачоў; адсутнасць фінансавання на набыццё работ мастацкай творчасці і прадметаў старажытнасці ў насельніцтва.

Рэалізацыю падпраграмы “Мастацтва і творчасць” ажыццяўляюць дзіцячая школа мастацтваў, раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, “Ушацкая райкінавідэасетка”. Летась імі было праведзена 3032 мерапрыемствы, планавы паказчык выкананы на 112%. Паказчык па забеспячэнні бягучых выдаткаў для арганізацыі дзейнасці ўстаноў культуры з-за адсутнасці бюджэтных сродкаў аказаўся выкананы толькі на 92% (487 тысяч 120 рублёў пры планавым аб’ёме 530 тысяч 980).

У 2017 годзе ў раёне дзейнічала 9 калектываў са званнем “народны” і “ўзорны”. У пачатку бягучага года дзіцячаму фальклорнаму калектыву “Спадчына”, які за два апошнія гады чатыры разы станавіўся лаўрэатам абласных фестываляў і конкурсаў, датэрмінова прысвоена ганаровае званне “ўзорны”.

За 5 месяцаў бягучага года назіраецца станоўчая дынаміка росту выканання мэтавых паказчыкаў праграмы. Праведзена 1182 мерапрыемствы (47% да плана), на якіх пабывала 36 911 чалавек, колькасць наведання бібліятэк склала 29 322 (42%), а музейны фонд прырос 197 экспанатамі. Установы культуры актыўна працуюць над выкананнем даведзеных паказчыкаў, а таму ёсць падставы меркаваць, што мерапрыемствы Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” будуць выкананы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *