А вы ведалі, што дываны можна не толькі саткаць, але і… намаляваць? Прычым так, як на поўначы Беларусі, гэта не робяць нідзе. Маляванкі Віцебскага Паазер’я зачароўваюць блакітам, стракатымі кветкамі, раслінным арнаментам. У 2014 годзе яны папоўнілі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны. Спрыяла гэтаму і Святлана Скавырка – народны майстар, работы якой зараз экспануюцца ва Ушацкім музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка.
Як было адзначана на ўрачыстым адкрыцці выставы, напачатку ХХ стагоддзя маляванкі можна было ўбачыць амаль у кожнай вясковай хаце. Яркія вырабы заказвалі ў якасці сямейнага абярэга на вяселле, нараджэнне ці хрышчэнне дзіцяці. Вялікі ўплыў на развіццё гэтага віду мастацтва аказала дзейнасць Язэпа Драздовіча – самабытны жывапісец з Глыбоцкага раёна ўслаўляў у работах прыгажосць роднага краю. Сёння на яго радзіме адраджаюць дзіўныя ўзоры, развіваюць даўнюю традыцыю.
Больш дваццаці гадоў займаецца маляванкамі С.Скавырка. Родам яна з Гомельшчыны, скончыла Бабруйскае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці “Роспіс цацак”, працавала мастаком-афарміцелем, а пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС перабралася у Глыбокае. У Доме рамёстваў, куды ўладкавалася на працу, захапілася калекцыяй дываноў мясцовага майстра Галіны Таляронак.
Працэс стварэння маляванак патрабуе цярпення. Роспіс вялікага палатна можа заняць да чатырох тыдняў, ды і з невялікімі клопатаў не менш – трэба дробныя дэталі адпрацаваць. Малюе майстар звычайна на льняной тканіне чорнага колеру. Спачатку кавалачкам мыла наносіць распрацаваны на паперы эскіз (крэйда для гэтага не падыходзіць: трэба, каб “чарнавік” добра змываўся вадой). Наступны этап – нанясенне грунтоўкі з клею і водаэмульсіёнкі, каб фарба не ўпітвалася ў тканіну і не цямнела.
Выстава па папулярызацыі мастацкага роспісу, што ладзіцца ва Ушачах, – ужо 17-я з ліку персанальных для Святланы Скавырка. У 2014 годзе яна атрымала Гран-пры на свяце-конкурсе “Фарбы нябёсаў” у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.
Сюжэты ў Святланы самыя розныя. Любімай сваёй работай яна называе генеалагічнае дрэва сям’і Скавырка, дзе з аднаго боку – вішнёвыя галіны, з другога – дубовыя. “Я нарадзілася ў вёсцы Вішанька і так сімвалічна паказала жаночы пачатак роду. Магутны ж дуб – гэта мужчынская лінія”, – патлумачыла мастачка. На своеасаблівай інтэрпрэтацыі райскага саду ў вобразах каларытных ільвоў яна адлюстравала сябе, мужа і дзяцей, знайшлося месца тут і ўтульным домікам ля возера, лебедзям – сімвалу вернасці і неразлучнасці. Прыцягвае ўвагу шыкоўны трыпціх з афрыканскімі матывамі – С.Скавырка любіць падарожнічаць, але на другім па велічыні кантыненце яшчэ не бывала, вось і паспрабавала праз творчасць “апрануць” сваю мару у рэальнасць. А на некаторых палотнах увогуле адлюстравала… пахі – на іх угадваюцца герань і лаванда, карыца і мандарыны. Дарэчы, усе работы аздоблены драўлянымі рамкамі, якія афармляе муж Уладзімір.
Аўтарам якой колькасці маляванак з’яўляецца, майстар сказаць не бярэцца. Нямала і прыхільнікаў яе творчасці – заказы на выраб унікальных дываноў паступаюць з розных куткоў Беларусі, Расіі, Польшчы, Латвіі, Літвы. Ёсць яны і ў нашых землякоў, напрыклад, у Людмілы Дунец, якая са Святланай у цёплых сяброўскіх адносінах. Сваім настаўнікам называе С.Скавырку майстар Ушацкага Дома рамёстваў Крысціна Кляшчонак, якая некалі праходзіла ў яе курсы прафмайстэрства па маляванцы. Напэўна, з’явяцца аматары яе творчасці і з ліку школьнікаў – падчас адкрыцця выставы Святлана Анатольеўна правяла для іх цікавы майстар-клас.
Кветкі, усмешкі, шчырыя словы захаплення ў адрас народнага майстра Беларусі выдатна ўпісаліся ў шматколерную палітру таго кастрычніцкага вечара. Калі прапусцілі – паспяшайцеся ў музей: выстава “Традыцыйнае мастацтва малявання дываноў Віцебскага паазер’я” працягнецца да 28 чысла.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ