У непрыемную сітуацыю трапіў нядаўна школьнік з Ушач. Хлопец даўно марыў пра новенькі айфон і пры фінансавай падтрымцы маці збіраў на яго грошы. Калі ж убачыў на пляцоўцы аб’яў “Куфар” жаданую мадэль, ды ўсяго за 2,5 тысячы рублёў (рэальны кошт – значна вышэйшы), паспяшаўся звязацца з прадаўцом. Той у перапісцы паведаміў, што вышле сродак сувязі па пошце, прычым, разлічыцца за яго можна будзе падчас атрымання. Ніякіх падазрэнняў у хлопца гэта не выклікала – і калі пасылка была на месцы, заплаціў агавораную суму і шчаслівы паімчаў дамоў. Распакаваць жа запаветную каробачку вырашыў па дарозе. Вось толькі замест айфона ўбачыў унутры… звычайныя каменьчыкі, пакладзеныя, па ўсім відаць, для вагі.
У той жа дзень пра такую пакупку школьнік і яго маці паведамілі ў раённы аддзел міліцыі. Асобу злодзея ўдалося ўстанавіць па гарачых слядах – ім аказаўся жыхар абласнога цэнтра, дарэчы, сёлета ўжо судзімы за аналагічныя дзеянні. У адносінах мужчыны ўзбуджана чарговая крымінальная справа па факце махлярства – санкцыя адпаведнага артыкула КК Рэспублікі Беларусь прадугледжвае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Юны ж ушачанін працягвае адкладваць грошы на пакупку тэлефона. Навучаны горкім вопытам, на падобныя падазроныя прапановы ў інтэрнэце ён цяпер наўрад ці павядзецца.
Віктар КАЗЛОЎСКІ, начальнік Ушацкага раённага аддзела Следчага камітэта