У краіне зараз назіраецца нязначны рост захваральнасці на вострыя рэспіраторныя інфекцыі і каранавірус варыянту “Стратус”. Спецыялісты раяць прайсці вакцынапрафілактыку, кастрычнік-лістапад – найлепшы для гэтага час.
Як нам расказалі ва Ушацкай цэнтральнай райбальніцы, ад грыпу ў бягучым эпідсезоне будуць выкарыстоўваць тры прэпараты для імунізацыі. На бясплатнай аснове – расійскі “Грыпол Плюс”, які ўжо паступіў у наш раён. На платнай – нідэрландскі “Інфлювак Тэтра” і французскі “Ваксігрып Тэтра”, завоз якіх будзе ажыццяўляцца па папярэдніх заяўках грамадзян.
Старт вакцынацыі ўжо дадзены. У ліку першых, хто прыйшоў у працэдурны кабінет паліклінікі за прышчэпкай, стаў выконваючы абавязкі галоўнага санітарнага ўрача Ушацкага раёна Я.В.Собаль (на здымку).
– Ведаю, наколькі небяспечным з’яўляецца грып і яго ўскладненні, таму абавязкова вакцынуюся кожны год, – зазначыў ён. – У высокай якасці прэпарата, штамавы састаў якога па меры неабходнасці абнаўляецца, не сумняваюся. Ды і пераношу такую працэдуру добра, ніякіх наступстваў не ўзнікае.
Засцерагчыся ад сур’ёзнай рэспіраторнай інфекцыі, якая пагаршае работу верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў і можа стаць прычынай пнеўманіі, Яўген Віктаравіч раіць усім, аднак у першую чаргу – дзецям ад шасці месяцаў да трох гадоў, пацыентам з хранічнымі захворваннямі і імунадэфіцытнымі станамі, цяжарным жанчынам, пажылым, а таксама тым, хто кантактуе з вялікай колькасцю людзей. Паколькі ж для фарміравання імунітэту патрабуецца ад 14 дзён да аднаго месяца, зрабіць гэта прапануе ў самы бліжэйшы час.
Сезон грыпу і ВРВІ працягнецца ад 6 да 8 тыдняў. Пік захваральнасці чакаецца ў студзені 2026-га.
Праімунізавацца зараз можна і ад COVID-19, прычым, нават у адзін дзень з прышчэпкай ад грыпу. Расійскі прэпарат “Канвасэл” ёсць ва Ушачах у дастатковай колькасці. Эфектыўнай абароны ад абодвух захворванняў хопіць у такім разе практычна на год.
Кіраўнікі, якія клапоцяцца пра сваіх работнікаў, ужо пачалі падаваць заяўкі на вакцынацыю ў працоўных калектывах. Выклікаць выязную брыгаду можна таксама на дом – звяртайцеся да адміністрацыі ЦРБ ці ў рэгістратуру па нумары 5-21-57.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ