По любви к профессии: молодые медсёстры Ушачской больницы доказали своё мастерство

Здравоохранение

Конкурсам прафесійнага майстэрства традыцыйна адзначылі Міжнародны дзень медыцынскай сястры ва Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы. Шэсць прадстаўніц гэтай прафесіі, якія пачалі працоўную дзейнасць менш года таму, не пабаяліся ўступіць у барацьбу за званне самай лепшай.

Ужо падчас візітоўкі ўсе прызналіся, што прыйшлі ў прафесію “па любові”. Так, Юлія Каваленка, якая зараз працуе ў кабінеце функцыянальнай дыягностыкі, расказала, што да спаўнення такой сваёй дзіцячай мары ішла доўгія гады: паспела атрымаць адукацыю прадаўца і папрацаваць у магазіне, нарадзіць дзвюх дачок, стаць санітаркай і ўрэшце падаць дакументы на паступленне ў Аршанскі медкаледж. Шчаслівай называе сябе медсястра агульнай практыкі Глыбачанскай БСД Вераніка Алексяёнак: з выбарам прафесіі яна дакладна не памылілася – адчувае сябе ў ёй патрэбнай. Не адразу знайшла свой шлях Ганна Міхейка: адвучылася на повара, працавала ім у Маскве, а калі вярнулася на радзіму, вырашыла кардынальна ўсё змяніць – цяпер дапамагае доктару прымаць пацыентак у жаночай кансультацыі. З дзяцінства марыла пра медыцыну рознабаковая ў інтарэсах Аляксандра Залатая, якая працуе ў інфекцыйным аддзяленні. Мела ўсе шансы звязаць жыццё з музыкай ці харэаграфіяй загадчык Арэхаўскага ФАПа Анастасія Качан. У старэйшых класах загарэлася ідэяй стаць медыкам Дар’я Кісялёва, якая прымае пацыентаў у Сарочынскім фельчарска-акушэрскім пункце – дзяўчыну, якая вырасла ў мнагадзетнай сям’і, натхніла на гэта сустрэча з выкладчыкамі Полацкага медкаледжа, якія прыязджалі ў школу.

Прафесіяналізм удзельніц засведчыў другі этап конкурснай праграмы. Па апісаных сімптомах маладыя спецыялісты ставілі дыягназ – інфаркт міякарда, ацёк Квінке, гіпертанічны крыз, апісвалі схему дзеянняў пры аказанні неадкладнай меддапамогі. З практыкай праблем таксама не ўзнікла: упэўнена накладвалі кампрэс на вуха, спавівалі малыша, праводзілі сардэчна-лёгачную рэанімацыю…

Парадаваў і конкурс дэманстрацыі захапленняў. Смачнымі дэсертамі пачаставала прысутных Юлія, якая любіць да таго ж рыбалку, кемпінг, займаецца фатаграфіяй. Толькі частку спартыўных узнагарод (але і ёй пазайздросцілі б многія!) прэзентавала Вераніка, якая ў свой час скончыла дзіцячую школу мастацтваў па класе фартэпіяна, а зараз спрабуе сябе ў маляванні. Сапраўдную экспазіцыю творчых работ – ад карцін па нумарах да вышытых крыжыкам – прадставілі Дар’я і Ганна. Выдатным яе дапаўненнем сталі прыгожыя вырабы з бісеру – справа рук Анастасіі. Ну а Аляксандра, якая ў школьныя гады займалася танцамі, у студэнцкія – тэнісам і валейболам, прызналася, што любіць літаратуру. Верш пра маці ў яе выкананні расчуліў усіх – выступленне дзяўчыны адзначана падарункам ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.

За прафесіяналізм і сумленную працу Граматамі Ушацкай ЦРБ галоўны ўрач Ю.Пацёмкін узнагародзіў медыцынскіх сясцёр Ірыну Мошкіну з хірургічнага аддзялення (на здымку), Таццяну Шалак і Ганну Лукашэвіч з неўралагічнага і афтальмалагічнага кабінетаў паліклінікі, Юлію Мамонаву з аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі, а таксама Алену Філімонаву з Вялікадолецкай бальніцы сястрынскага догляду.

Гледачы актыўна падтрымлівалі канкурсантак, ды і самі між этапамі дэманстравалі клас у вясёлых заданнях медыцынскай тэматыкі. Падарункі ад Ушацкай ЦРБ і прафсаюзнай арганізацыі ўстановы атрымалі ўсе шэсць дзяўчат, трох дадаткова падтрымаў райкамам БРСМ. Перамогу ж святкавала ў гэты дзень В.Алексяёнак.

– З такімі кадрамі трапляць у бальніцу дакладна нястрашна! – выказала ўпэўненасць, уручаючы ўзнагароды, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Марковіч. – Яшчэ раз упэўнілася: у медыцыне выпадковых людзей няма і быць не можа!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *