У Павуллі многа дагледжаных дамоў, што і не дзіўна, бо жывуць тут гаспадарлівыя сямейныя пары, заможныя дачнікі. Аднак сядзіба Раісы Уладзіміраўны Севярын нічым не саступае ім, хоць на працягу вось ужо 30 гадоў жанчына адна падтрымлівае яе ў парадку.
Вялікі чырвоны дом ля дарогі прыцягвае ўвагу ў любую пару года, бо з вясны па восень абкружаны мноствам кветак. У красавіку-маі ўвесь палісад патанаў у цюльпанах, якія змяніліся ліліямі і ружамі, а яны ў сваю чаргу гваздзікамі і гладыёлусамі. А адкрываюць і закрываюць сезон – крокусы. Хоць і намнога большыя восеньскія за сваіх ранніх братоў, аднак выглядаюць малышамі пад вялікімі пышнымі хрызантэмамі. Ды і дэкаратыўных кустоў тут нямала: мяняючы колер ад ружовага да фіялетавага, цвіце цяпер модніца-гартэнзія. І куды не зайдзі – за альтанку, да лазні ці на мяжу ўчастка – усюды разнаквецце і парадак.
Але здзівіў нават не гэты дэкор, а шырокія бетонныя пляцоўкі вакол усяго дома і ў двары. Іх і дарожкамі не назавеш, бо ў шырыню пад два метры, як і прыступкі, што пачынаюцца ад асфальту. І гэта ў доме не для пастаяннага пражывання, а на дачы, якая трымаецца на жаночых руках.
“Раніцай двое начовак, у абед і вечарам”, – расказвае пра сваю летнюю “гімнастыку” гаспадыня. – Замяшаю бетон і вёдрамі нашу, самае складанае – цэмент з Ушачы прывезці, у мяне ж транспарту няма. А яшчэ “кватарантаў” да работ прыцягваю, калі яны гасцяць”. Так Раіса Уладзіміраўна называе братоў – роднага і стрыечнага, якія прыязджаюць летам. Старэйшы мае сваю дачу, так што пасля смерці бацькоў яна засталася са спадчынай, якая патрабуе пастаяннага догляду. Уладзімір Аляксандравіч і Марыя Герасімаўна Скурковічы пахвалілі б дачку.
Іх дом і раней вылучаўся на вёсцы. Высокі, прасторны, з закрытым дваром і мноствам пабудоў. Былы партызан і франтавік узводзіў яго сам, хіба што зруб грамадой складалі. Ён працаваў галоўным бухгалтарам калгаса імя Суворава, але і рукамі ўмеў рабіць усё. “Што б тут было пры сучаснай тэхніцы і інструментах, – гаворыць Раіса Уладзміраўна, а па шчацэ цячэ сляза. – Ён мала гаварыў пра вайну, але адзін эпізод я запомніла добра – як бацька падмяніў кантужанага тэлефаніста, які з паўгадзіны зубамі трымаў разарваныя правады і такім чынам падтрымліваў сувязь”. У самога камандзіра аддзялення У.Скурковіча за 90 злучаных пад агнём парываў кабелю – два медалі “За адвагу” і ордэн Славы ІІІ ступені. У доме вісіць партрэт маладога старшага яфрэйтара, напісаны калегай-франтавіком Дзям’янам Крупеняй. Дарэчы, калі давядзецца арганізоўваюць чарговую выставу карцін нашага вядомага мастака, Раіса Уладзіміраўна зможа падзяліцца не адным пейзажам.
Кіраўніцтва любога сельвыканкама цэніць людзей, якія шчыруюць не толькі на сваіх, але і на грамадскіх землях. Вось і сядзіба Р.Севярын сёлета вылучана Вяркудскім на ўдзел у раённым конкурсе па добраўпарадкаванні ў намінацыі “Лепшы ветэранскі падворак”.
Зразумела, што для яе тут кожны кут і кожнае бервяно, якія, дарэчы, дзецьмі карылі, – гэта светлая памяць пра дарагіх ёй людзей і ўнутраны абавязак захаваць Бацькаўшчыну. І робіць яна, здаецца, больш, чым па жаночых сілах. Усё жыццё адпрацаваўшы швачкай у камбінаце бытавога абслугоўвання і маючы невысокі заробак, усё ж здолела замяніць стары дах на металапрофіль, і праёмы двара ім закрыла, а цяпер пакрысе рамантуе пакоі.
Жанчына хутка вернецца на зімовую кватэру ва Ушачы, таму наводзіць канчатковы парадак: кладзе на захоўванне агародніну, абразае адцвілае, рыхтуе градкі пад зімовыя цыбулю і часнок і… раздае гарбузы – гэты абрад паўтараецца штогод, паколькі нарастае на яе кампоставых кучах пладоў больш, чым патрэбна самой. Многа ў яе паўсядзённасці цыклічнага.
Вясной прыбірала не толькі сваю сядзібу, але і тэрыторыю вакол помніка франтавікам і партызанам, які сёлета адкрывалі пасля рэканструкцыі. Часцінка яе даніны вызваленцам будзе кожны май праяўляцца яркім чырвоным дываном – дзясяткі цюльпанаў перасяліліся з палісада Раісы Уладзіміраўны на клумбы каля абеліска. І штогод сустракае Рому са Джульетай. Гаспадыня паказвае на пустое буслінае гняздо і тлумачыць, што сёлета пара без буслянят у вырай паляцела – не захавалі пры праліўных дажджах. А так даўно назвала птушак за вернасць адзін аднаму і іх агульнаму Павуллю. Па некалькі кругоў робяць над хатай, развітваючыся. І ведае, што на наступны год сустрэнуцца зноў.
Вольга Караленка