Огородная «магия»: как жительница Ушач собирает урожай на 2 месяца раньше всех

Калейдоскоп Саветы і жыццё

“Першы агурок мы з’елі 25 сакавіка, ну а да Дня Перамогі выспелі памідоры”, – паказвае Людміла Тарасевіч гордасць сваёй цяпліцы і працягвае некалькі пладоў, каб паспытаць смак. Хрумкаючы сарваны з галінкі агурок і такі водарны, хоць і невялічкі па памеры тамат, разумееш, навошта гэтыя раннія агародніцкія клопаты.

Пра ўмелую гаспадыню з вуліцы Кастрычніцкай мы пісалі некалькі год таму. Першыя чырвоныя плады тады з’явіліся ў пачатку чэрвеня, а стаўка была зроблена на хуткаспелы гатунак. Але эксперыменты Людміла Міхайлаўна не спыняе і не перастае здзіўляць. У цяпліцу яна пайшла ў адной футболцы, а на мае пратэсты, што на вуліцы холад, з гонарам паведаміла, што там абсталявана цёплая падлога. Ёй аказаўся цёмны па колеры дыванок, які называецца інфрачырвонай плёнкай, што апаясваў бакавую сценку парніка. “На наступны год па ўсім перыметры пушчу, хутчэй нагрэе і не трэба будзе падпорак майстраваць. Спачатку “падлога” ляжала на спецыяльнай падстаўцы, а на ёй стаялі вазоны з расадай. Калі прыйшла пара пікіраваць у глебу, прымацавалі да полікарбанату, папярэдне паставіўшы цеплоадбівальную фольгу. У доме на падаконніках сёлета нічога не расло”,– расказвае Л.Тарасевіч. Гэта яшчэ адзін з эксперыментаў – агуркі, таматы, балгарскія перцы таксама з ладнымі пладамі – у пяцілітровых ёмістасцях, аднак ужо грунтоўна замацаваліся ў глебе – пусцілі карані. А вось морква, салата, цыбуля ў зямлі паміж імі і, зразумела, для ранняга харчавання. Такое сумяшчэнне дае магчымасць манеўраваць і эфектыўна выкарыстоўваць плошчу, а частка вазонаў перамясцілася ў другі парнік. Таматам, канечне, сонца для ранняга выспявання малавата, а вось агуркам камфортна. Высаджваліся ж расліны ў лютым і нягледзячы на мінус 19, нічога не падмерзла. Зараз датчык дыванка, які працуе на электрычнасці, пастаўлены на плюс 30. Ён сам адключаецца і запускаецца, і па словах Людмілы Міхайлаўны, “спажывае” яе хобі не больш, чым пакупная агародніна. Выпускаецца ж плёнка розная па памеры, так што можна падабраць на любы парнік.

Яшчэ адна з “фішак” Л.Тарасевіч – выключна натуральная падкормка. Для гэтага купляе экстракты грыбоў і бактэрый, якія потым вырошчвае сама: дастаткова ўліць частку прэпаратаў у бочку для паліву і дабавіць муку або хлеб для іх харчавання. “Фітаспарын”, “Супершчыт”, “Пратэкцін” і іншыя падкормкі фірмы “Тутагра” дапамагаюць павышаць ураджай і захоўваць плады. Гранулы “Асмакота” дастаткова пасыпаць у вазон – хопіць на паўгода. А яшчэ ў Людмілы Міхайлаўны “квасяцца” лясныя трутавікі – гэтыя грыбы-нарасты з’яўляюцца натуральнай крыніцай бактэрый трыхадэрмы. Што да гатункаў таматаў, то першымі выспелі балконныя, на падыходзе “Дубрава”, спадабаліся для кансервавання вельмі ўраджайныя “Чыа-чыа-сан” і “Фляшэн”, а вось для соку растуць “Малінавы гігант” і “Фаварыт каралёў”.

Зазірнула і ў неацяпляльны парнік, які быў яшчэ больш каляровы з-за квецені: бягоніі, незвычайныя рамонкі – відаў кветак, якія таксама сама размнажае, намнога больш, чым гатункаў памідораў. Нездарма ж вакол дома Людмілы Міхайлаўны такая прыгажосць увесь сезон.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *