«Виктория» в числе лучших магазинов г.п.Ушачи

Общество

Магазін “Вікторыя” па праве можна вылучыць у лік лепшых магазінаў райцэнтра. Хоць і невялікі павільён па плошчы, аднак даволі ўмяшчальны і купіць тут можна практычна ўсе неабходныя харчовыя тавары. Да таго ж размешчаны ў “выгадным” месцы: на скрыжаванні вуліц Камсамольскай і Савецкай. Многія, праходзячы ці праязджаючы міма, абавязкова забягаюць сюды. Менавіта ў гэтую гандлёвую кропку накіроўваюцца і жыхары немалога мікрараёна П.Броўкі – Камсамольская – Ніжне-Набярэжная. Але, згадзіцеся, што каб заваяваць станоўчыя водгукі і прыхільнасць пакупнікоў, мала аднаго толькі зручнага размяшчэння. Немалаважнымі фактарамі з’яўляюцца асартымент і абслугоўванне, а з гэтым у “Вікторыі” праблем няма. Невялікі калектыў гандлёвай кропкі, які складаецца з трох чалавек, заўсёды стараецца, каб тавараў было дастаткова і сустракаюць тут кожнага пакупніка ветліва. Прадаўцы Наталля Аляксандраўна Круглікава і Галіна Мікалаеўна Маковіч працуюць пазменна і паспяхова спраўляюцца са сваімі абавязкамі пад кіраўніцтвам вопытнай загадчыцы Галіны Мартынаўны Сурміной. Яе стаж работы ў спажывецкай кааперацыі – 30 гадоў, а па выніках работы за мінулы год прозвішча жанчыны занесена на Дошку гонару прадпрыемства. Яна не толькі займаецца справамі даверанага ёй магазіна, а і ўдзельнічае ў розных выязных кірмашах, якія арганізоўвае райспажыўтаварыства.

Кожны дзень у магазін завозіцца той ці іншы тавар, які прадаўцы паспяваюць аператыўна прымаць, выкладваць, пры гэтым абслугоўваць усіх наведвальнікаў. Як пастаянны пакупнік магазіна, магу сцвярджаць, што паліцы магазіна ніколі не пустуюць, прыемна глянуць і на акуратную выкладку тавараў, а прадаўцы стараюцца дагадзіць кожнаму.

– Нават і не прыпомню, каб хтосьці вяртаў куплены тавар па прычыне неналежнай якасці, выходзіў ад нас незадаволеным ці ўзнікала якая-небудзь канфліктная сітуацыя. Заўсёды стараемся падказаць, параіць, ну а дзякуючы ветлівасці, тактоўнасці, добразычлівасці можна выклікаць прыхільнасць да сябе наведвальнікаў і тым самым зрабіць, каб яны прыходзілі да нас яшчэ і яшчэ,  – гаворыць Галіна Маковіч.

Падмацаваць вышэй сказаныя факты хочацца і канкрэтнымі лічбамі: за пяць месяцаў бягучага года тавараабарот “Вікторыі” склаў больш двух мільярдаў беларускіх рублёў, а тэмп росту ў супастаўных цэнах да ўзроўню мінулага года – 103,9 працэнта. Сярэднямесячная выручка магазіна складае больш за 410 мільёнаў рублёў, а штодзённая – 17-20 мільёнаў. Гэта найлепшы вынік сярод аналагічных магазінаў-павільёнаў, размешчаных у гарпасёлка.

Вольга КАМАРКОВА.

На здымку: Н.Круглікава і Г.Маковіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *