В стране участились случаи травмирования и гибели детей в результате падения из окон

Профилактика и безопасность

Штогод у краіне атрымліваюць траўмы і гінуць дзеці ў выніку падзення з вокнаў. На вялікі жаль, у 2016­ым трагедыі нават пачасціліся. Па інфармацыі Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, сёлета ўжо зарэгістравана 5 падобных смяротных выпадкаў, і толькі ў ліпені ў Віцебскай вобласці – два здарэнні прывялі да траўматызму.

Так, 26 сакавіка ў Магілёве ў выніку падзення з акна кватэры, размешчанай на 5 паверсе, загінуў двухгадовы хлопчык. Знаходзячыся на падаконніку пры зачыненым акне, малыш усяго на некалькі хвілін застаўся без нагляду бацькоў і старэйшых братоў… Яшчэ адна трагедыя адбылася 23 мая ў Брэсце. Каля 11 гадзін з акна кватэры на 8 паверсе выпаў трохгадовы хлопчык. Праверкай устаноўлена, што маці малыша адкрыла для праветрання акно ў дзіцячым пакоі, дзе тым часам гуляў сын, і выйшла на кухню. Непадалёк ад падаконніка знаходзілася дзіцячае крэсла – яно і было выкарыстана хлопчыкам для таго, каб забрацца бліжэй да акна.

Усплеск трагічных выпадкаў адзначаны сёлета напачатку ліпеня. У Гродне з акна кватэры на 5 паверсе выпала пяцігадовая дзяўчынка. Выкарыстаўшы дзіцячы столік, яна залезла на падаконнік адкрытага насцеж акна, зацягнутага маскітнай сеткай. Не думаючы, што гэта небяспечна, малышка абаперлася рукамі на сетку, якая не вытрымала і парвалася. Мама дзяўчынкі ў гэты момант знаходзілася ў іншым пакоі. Дзіця памерла да прыезду хуткай дапамогі… 2 ліпеня ў Мінску загінуў трохгадовы хлопчык. Па папярэдніх даных, дзіця выпадкова звалілася з балкона, размешчанага на дзявятым паверсе.  Вечарам 4 ліпеня ў Лоеве пасля падзення з акна 4 паверха памерла двухгадовая дзяўчынка. Праверкай устаноўлена, што маці ненадоўга выйшла з кватэры, пакінуўшы спячую дачку адну. Тая ж прачнулася, узлезла на падаконнік, аднак не ўтрымалася на ім.

Несуцяшальная сітуацыя назіраецца сёлета і ў Віцебскай вобласці. Так, 11 сакавіка ў Лепелі, застаўшыся без нагляду дарослых, праз адкрытае акно, пашкодзіўшы мацаванне маскітнай сеткі, выпаў з трэцяга паверха трохгадовы хлопчык. 31 мая ў Віцебску падчас таго, як бабуля развешвала бялізну, выпадкова выпаў з балкона 2 паверха і атрымаў траўмы трохгадовы малыш. 7 ліпеня ў Гарадку чатырохгадовы хлопчык выйшаў на балкон трэцяга паверха, стаў на стульчык, які там знаходзіўся, і праз рассунутыя аконныя рамы перакуліўся – з цялеснымі пашкоджаннямі і страсеннем мазгоў ён шпіталізаваны. У гэты ж дзень у пасёлку Руба дзве сястры гулялі на незашклёным балконе першага паверха, абсталяваным поручнямі, побач з якімі стаяла крэсла. Малодшая з дзяўчынак убачыла на вуліцы ката, нагнулася праз поручні і звалілася з балкона – з цялеснымі пашкоджаннямі яна дастаўлена ў бальніцу.

Аналіз прычын гэтых трагедый паказвае, што практычна ўсіх іх можна было пазбегнуць пры належным кантролі з боку дарослых. Адкрываючы вокны ці пакідаючы ля іх прадметы мэблі, бацькі часта не думаюць пра тое, што дзеці вельмі цікаўныя, здольныя самастойна забрацца на падаконнік. А дастаткова ўсяго некалькіх хвілін, каб адбылося незваротнае.

Адным са сродкаў прафілактыкі выпадзення дзяцей з вокнаў можа разглядацца абсталяванне апошніх запорнымі прыладамі, блакіратарамі – яны не дазволяць малым самастойна іх адкрыць. Ёсць зараз і спецыяльныя сістэмы фурнітуры, замкі на вокны ад дзяцей, а таксама ручка з ключом. Перавагай двух апошніх з’яўляецца магчымасць устаноўкі на ўжо існуючыя вокны ПВХ.

Вядома, бацькі не могуць быць побач з дзецьмі 24 гадзіны за суткі. Між тым, захаванне элементарных правілаў бяспекі дапаможа прадухіліць трагедыю.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *